Міністр па пытаннях сям’і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг(Marlena Maląg) паведаміла, што, як новая старшыня Рады сацыяльнага дыялогу, яна плануе склікаць паседжанне органа на пачатку лістапада. Нагадваем, на мінулым тыдні Марлена Малёг была прызначана на гэтую пасаду рашэннем прэм'ера Матэвуша Маравецкага. Тэмай сустрэчы будзе сітуацыя на рынку працы ў Польшчы:
- Будуць закранацца пытанні сітуацыі на рынку працы і яго ўстойлівасці. Гаворка ідзе пра сітуацыю супрацоўнікаў: памер зарплатаў, пагадзінную стаўку. Закранацца будзе таксама сітуацыя прадпрымальнікаў, то бок працадаўцаў.
Міністр Марлена Малёг дадала, што ў гэтым годзе, нягледзячы на заканчэнне сезонных работ, беспрацоўе ў Польшчы не змянілася, а па прагнозах, яно можа быць яшчэ ніжэйшае. Больш за тое, скарачаецца абсалютная колькасць беспрацоўных у краіне.
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у верасні ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 5 працэнтаў.
У сваю чаргу паводле звестак «Еўрастата», беспрацоўе ў Польшчы склала 2,8 працэнта. Гэта значыць, што Польшча апынулася на трэцім месцы сярод краін супольнасці з самым нізкім беспрацоўем пасля Чэхіі (2,5 працэнта) і Мальты (2,7 працэнта).
IAR/аз