«Няма з чаго смяяцца. Давайце будзем сур'ёзнымі, таму што сітуацыя становіцца сапраўды сур'ёзнай», — напісаў прэм'ер-міністр Дональд Туск на платформе Х, маючы на ўвазе сустрэчу прэзідэнта Анджэя Дуды і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Дуда сустрэўся з Трампам у суботу ў Гэйлардскім нацыянальным канферэнц-цэнтры каля Вашынгтона, дзе праходзіць Канферэнцыя палітычных дзеянняў кансерватараў (CPAC). Як паведаміла PAP крыніца ў PiS, сустрэча прэзідэнтаў рыхтавалася даўно, але трымалася ў сакрэце, а галоўнай тэмай павінна была стаць вайна Расіі супраць Украіны і ўрэгуляванне спрэчкі паміж Трампам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле суразмоўцы, польскі бок таксама меў на мэце правесці сустрэчу перад запланаванай на панядзелак сустрэчай Трампа з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Размова Дуды з Трампам, якая, верагодна, доўжылася менш за 10 хвілін, пачалася са спазненнем на гадзіну без прысутнасці СМІ і ўступных заяваў.
У сацыяльных сетках многія інтэрнэт-карыстальнікі пажартавалі з нагоды працягласці сустрэчы.
«Прэзідэнт Трамп сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і пацвердзіў наш цесны саюз. Прэзідэнт Трамп таксама пахваліў прэзідэнта Дуду за імкненне Польшчы павялічыць выдаткі на абарону», — гаворыцца ў паведамленні Белага дома на платформе Х.
Пазней у інтэрв'ю тэлеканалу Republika Анджэй Дуда заявіў, што амерыканскі прэзідэнт хоча спыніць кровапраліцце ва Украіне. «Мы не павінны дазволіць Расіі перамагчы Украіну», — сказаў Дуда. Але, як ён адзначыў, паўстае пытанне, як скончыць вайну.
На думку польскага прэзідэнта, «без амерыканскай падтрымкі Украіна гэтую вайну не перажыве», а гледзячы на тое, што такое Расія і Пуцін, для якога жыцці расійскіх вайскоўцаў не маюць значэння, — «гэтую вайну трэба неяк скончыць».
У інтэрвію тэлеканалу TVN Дуда падкрэсліў, што для яго галоўнае, каб «вайна скончылася справядлівым мірам, які будзе трываць». Ён дадаў, што гаворка ідзе пра гарантыі таго, што «вайна не вернецца і што Расія больш ні на каго не нападзе». «Я клапачуся пра бяспеку Польшчы, бо гэта мая задача», — падкрэсліў ён.
Гаворачы аб магчымым візіце Дональда Трампа ў Польшчу, прэзідэнт адзначыў, што пакуль няма пацверджання яго даты, але саміт Трохмор'я, прызначаны на канец красавіка, з'яўляецца «важнай датай» для амерыканскага боку.
Дуда таксама сказаў, што яго сустрэча з прэзідэнтам ЗША сведчыць аб добразычлівасці ў адносінах да Польшчы і што «Польшча мае значэнне».
Ён падкрэсліў, што падчас сустрэчы абмяркоўвалася тэма «ўзмацнення амерыканскай прысутнасці ў Польшчы». «Гэта, вядома, неадназначны тэрмін, але, калі ласка, памятайце, што гэтая прысутнасць фактычна ўзмацняецца, напрыклад, падпісаннем стратэгічнага пагаднення аб ваенным супрацоўніцтве, якое было падпісана падчас папярэдняга тэрміну Дональда Трампа», — дадаў ён.
На думку польскага прэзідэнта, у адносінах паміж Польшчай і ЗША «даўно не было такіх добрых часоў», як за апошнія 10 гадоў.
PAP/вх