Беларуская Служба

Жыццё ў эміграцыі: пошук сябе і новых магчымасцяў

22.02.2025 14:26
Больш за чатыры гады ў эміграцыі. Атрымала адукацыю, пачала рабіць кар’еру, зарабляе на свае патрэбы, мае і рэалізоўвае хобі, а таксама марыць пра магчымасць свабодна ездзіць на радзіму.
Аўдыё
  • Жыццё ў эміграцыі: пошук сябе і новых магчымасцяў
     Punch Needle
Дыванок ад Ангеліны ў тэхніцы Punch NeedleБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net


Я задаволена, што працую ў такой фундацыі


Ангеліна прыехала ў Польшчу больш за чатыры гады таму. Атрымала адукацыю па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны» і цяпер працуе ў польскай фундацыі «Jeden Uniwersytet». Дзяўчына з захапленнем распавядае, што дзейнасць іх фундацыі скіраваная на дапамогу ўкраінцам і беларусам, якія легальна жывуць у Польшчы.


Паводле яе, на бясплатнай аснове ў іх фундацыі можна вывучыць польскую мову, атрымаць новыя навыкі і нават збудаваць сваю кар’еру. Асаблівасць праекта, заўважае суразмоўца, у тым, што праграма прадугледжвае персанальны падыход, распрацоўку індывідуальных планаў для дасягнення мэтаў, а таксама псіхалагічнае, юрыдычнае і кар’ернае кансультаванне. Падчас навучання новай прафесіі навучэнцы атрымліваюць афіцыйныя сертыфікаты і, што вельмі важна, падчас вучобы ім можа выплачвацца стыпендыя.


Ангеліна звяртае ўвагу на сацыяльна-адаптацыйныя курсы праекта, якія шмат каму дапамагаюць лепш зразумець і наблізіцца да мясцовай культуры і традыцый. Яна адзначае, што ёй прыемна працаваць у калектыве, які прасоўвае сярод беларусаў і ўкраінцаў падобныя праграмы.

— У фундацыі працуюць усе палякі, акрамя мяне і маёй украінскай сяброўкі. Таму падчас працы няма моўнага бар’еру, бо хоць мы і дзве замежніцы, мы размаўляем на сваіх родных мовах, і з нашымі навучэнцамі не ўзнікае праблем. Гэты праект фінансуецца за кошт сродкаў Еўрасаюза.


З адаптацыяй не было складанасцяў


Дарэчы, распавядаючы пра свой калектыў, дзяўчына згадвае, што падтрымку ад польскіх сяброў атрымлівала яшчэ ў студэнцкія часы, бо яе аднакурснікі разумелі, што адбываецца на радзіме Ангеліны.

— З адаптацыяй мне не было складана, бо я маю шмат сяброў сярод палякаў. У нашым калектыве большасць супрацоўнікаў майго ўзросту, усе добра ладзяць паміж сабой, і я адчуваю моцную падтрымку. У маёй краіне складаная сітуацыя, і гэта вельмі адчуваецца. Калі я навучалася ва ўніверсітэце, мае польскія сябры заўсёды падтрымлівалі мяне. Яны часта запрашалі мяне да сябе на выходныя, каб я не заставалася самотнай.


Але больш за чатыры гады не была дома…


Праўда, дзяўчына прызнаецца, што не ўсё ў жыцці так ружова, калі больш за чатыры гады не была дома і пакуль не мае магчымасці туды паехаць.

— Часам з’яўляецца дыпрэсіўны стан і смутак ад таго, што няма магчымасці вярнуцца дамоў. Галоўнае, што дапамагае заставацца на плаву, – гэта калі прыязджаюць бацькі. А яшчэ я займаюся беларускім актывізмам. У нас ёсць тут беларускія арганізацыі, у адной з іх я працую графічным дызайнерам. Калі ты ў асяроддзі беларусаў, перажываць адарванасць ад радзімы лягчэй. Ну, а ўсё дрэннае некалі павінна скончыцца.


Тут я вучылася бясплатна і атрымлівала стыпендыю, а ў Мінску даводзілася плаціць за навучанне


Мы разважаем з Ангелінай пра тое, што ў Польшчы пасля сканчэння ўніверсітэту яна пачала будаваць кар’еру. У Мінску яна амаль скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, але не бачыла перспектыў для кар’ернага росту, акрамя як з’ехаць за мяжу.

— З аднаго боку, я задаволеная, што была магчымасць, хоць і вымушаная, з’ехаць. Цяпер я на 80% задаволеная сваім жыццём. Зразумела, хочацца лепшага, але гэта значна лепш, чым магло быць у Беларусі. Тут я навучалася бясплатна ва ўніверсітэце, атрымлівала стыпендыю, а ў Мінску мне даводзілася плаціць за адукацыю.


Пакуль яшчэ не магу дапамагаць бацькам, але сябе ўжо забяспечваю цалкам


Дзяўчына лічыць, што ў Польшчы ёй лягчэй было збудаваць самастойнае жыццё, паколькі яна ўжо можа зарабіць на свае патрэбы.

— Тут у Польшчы мне ўжо ніхто не дапамагае – я сама зарабляю на жыццё, магу здымаць кватэру, ездзіць па Еўропе, глядзець свет. Гэта вельмі крута, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Праўда, пакуль яшчэ не магу дапамагаць бацькам, але сваё жыццё ўжо цалкам забяспечваю сама.

Пабачыла на YouTube, як вышываюць дываны, і захапілася гэтым


А яшчэ ў Ангеліны ёсць любімае хобі – яна займаецца вышыўкай дываноў па метадзе Punch Needle і цяпер праводзіць майстар-класы. Некалі пабачыла гэтае майстэрства ў інтэрнэце, і яно яе настолькі захапіла, што стала неад’емнай часткай жыцця.

— Недзе за паўгода я столькі дываноў зрабіла, і торбы, і ўсё на свеце. На дыван 50×40 см трацяцца паўтары тыдні або каля 40-50 гадзін.

— І куды ўся гэтая прадукцыя разыходзіцца?

— Нешта прадаю, нешта дару сябрам, штосьці пакідаю сабе. Самае цікавае, што нічога не застаецца…

Ангеліна кажа, што зробленыя дыванікі могуць стаць добрым падарункам блізкім і сябрам. І, як аказалася, яе майстар-класы збіраюць людзей з рознымі інтарэсамі, якія знаходзяць тут магчымасць для творчага самавыяўлення і зносін.

На адным з майстар-класаў Ангеліны давялося пабываць. Была нагода пацікавіцца ў тых, хто прыйшоў займацца, што іх сюды прыцягнула. Яўген па спецыяльнасці айцішнік і прызнаецца, што такая ручная праца для яго — гэта разгрузка, але не толькі.

— Канешне, гэта разгрузка і дазваляе зрабіць дысканект ад звычайнай цякучасці на працы і нешта стварыць сваімі рукамі, бо звычайна я нечым такім не займаюся. Я тут атрымліваю задавальненне і ад самой працы, і ад камунікацыі з іншымі людзьмі, ад такога нашага швейнага кам’юніці. У гэтым і ёсць сэнс.

А вось Алена кажа, што для яе гэта проста добрае правядзенне часу ў выходны дзень — магчымасць забыцца на працу, на нейкія палітычныя падзеі, а проста нешта рабіць рукамі і размаўляць з сяброўкамі.

— Цікава паспрабаваць нешта новае, бо я ніколі не была звязана з рукадзеллем і не маю асаблівых навыкаў. А паспрабаваць нешта новае — чаму не?


Кацярына прызнаецца, што ўвогуле схільная да мастацтва і любіць у ім усё новае, таму і тут.

— Гэта ў мяне з дзяцінства. Мой дзядуля заўсёды падтрымліваў мяне ў такіх імкненнях. Я спрабавала шмат розных рэчаў, але больш за ўсё люблю маляваць алоўкам. Праўда, такая незвычайная вышыўка мне таксама падабаецца.


Дапамагаючы і падказваючы сваім падапечным, Ангеліна кажа, што зробленыя імі дыванкі могуць стаць добрым падарункам блізкім і сябрам — як з нагоды, так і без яе.

Дарэчы, знайсці майстрыху можна тут: @angeliiina, @albsta

Павел ЗАЛЕСКІ


Здымкі: Дыванок ад Ангеліны ў тэхніцы Punch Needle