Германія пабудавала сваю моц на апорах, якія вось разбураюцца. Экспарт быў рухавіком эканамічнага росту, які карыстаўся вялікім попытам у Кітаі, танным расійскім газам і легендарнай папулярнасцю нямецкай аўтамабільнай прамысловасці. Аднак цяпер усё што раней было козырам нямецкай эканомікі цяпер павярнулася супраць яе. Стаўка на экспарт стала пасткай, бо перашкоды, у тым ліку з-за палітыкі Трампа, будуць расці. Кітай з гіганцкага рынку збыту становіцца смяротнай канкурэнцыяй для нямецкай аўтамабільнай і машыннай прамысловасці, бо Пекін робіць стаўку на экспарт сваіх аўто. Яшчэ ў 2019 годзе Кітай быў імпарцёрам аўтамабіляў, а ў 2023 стаў сусветным лідарам па продажах у гэтым сектары.
Таксама Polityka адзначае, што Германія празявала тэхналагічную рэвалюцыю і адстала далёка за Кітаем і ЗША па вытворчасці электракараў. Да таго ж, расце залежнасць немцаў ад Кітaя па імпарце рознага віду тавараў і сыравіны.
У часопісе зазначаецца таксама, што немцы патрабуюць абмежавання аб'ёмаў міграцыі. Толькі за 2024 год прыехала ў Германію 350 тысяч мігрантаў. У грамадстве замацоўваецца адчуванне, што палітычныя эліты не ведаюць што рабіць. З гэтым непасрэдна звязаны рост падтрымкі для папулістаў — партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якія даюць ілюзорную надзею вяртання грамадству бяспечнага мінулага.
Верагодна, Нямеччына хутка адновіць поўны памежны кантроль і не будзе больш прымаць ніякіх мігрантаў, нават тых, хто будзе прасіць прытулак, мяркуе Polityka. Гэта пярэчыць законам ЕС і фактычна азначала б канец зоны Шэнген.
Парламенцкія выбары ў Германіі, якія пройдуць у нядзелю, будуць сімвалічным канцом мадэлі нямецкай дзяржавы, якую мы ведаем, - канстатуе часопіс Polityka.
яс