Беларуская Служба

Яўген Дудкін: Беларусы павінны выкінуць рабскія ментальныя схемы, якія накідваў рэжым Лукашэнкі

01.07.2024 20:10
Неабходна адкрыта прызнаць, што было зроблена няправільна.
Аўдыё
  • Актывіст БХД: Беларускія палітыкі павінны дапамагчы беларусам пазбавіцца ад рабскіх ментальных схемаў.
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларускія палітыкі, не звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, могуць развіваць сваю дзейнасць выключна за межамі Беларусі. Гэта, зразумела, выклікае пэўныя абмежаванні і канфлікты. На думку госця нашай перадачы, гісторыка і палітыка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўгена Дудкіна, у палітычным асяроддзі не хапае працы над памылкамі. Ён лічыць, што неабходна адкрыта прызнаць, што было зроблена няправільна.

- Паражэнне мае нейкія прычыны. Хтосьці можа сказаць, што ў нас быў вельмі моцны вораг. Узнікае пытанне, наколькі мы былі падрыхтаваныя, калі выклікалі гэтага ворага на супрацьстаянне. Наколькі мы былі саманадзейныя, інфантыльныя, наколькі мы сумленна выконвалі свае абавязкі. Скандалы, звязаныя, напрыклад, з Каардынацыйнай радай, нараджаюць пытанні, што было таксама да эміграцыі, да 2020 года. Беларусам патрэбныя новыя «львоўскія шлюбы». Лідары, якія гатовыя несці адказнасць за свае ўчынкі, за прыкладам караля Яна Казіміра Трэцяга, павінны ў нейкім публічным, сакральным месцы назваць усе тыя прычыны, якія прывялі да ўпадку апазіцыі і да таго, што Беларусь аказалася пад акупацыяй Расіі, і вырачыся ад гэтых прычын. Гэта таксама і карупцыя, якая існуе ў апазіцыі, сродкі, якія былі выкарыстаныя нямэтава. І тады прадставіць план, што трэба зрабіць, і якія будуць дасягненні для канкрэтных катэгорый грамадзян, як гэта было 350 гадоў таму. Калі палітыкі бяруць на сябе адказнасць, людзі ім давяраюць, калі палітыкі не праводзяць рэфлексіі, гэта прыводзіць да чарговых памылак.

Ці агулам паўнавартасную палітыку можна весці за мяжой? Беларуская палітыка цяпер адбываецца ў Літве, Польшчы ды іншых краінах. Ці ў палітыцы за мяжой можна пазбегнуць памылак?

- Палітыка там, дзе мы ёсць. Дзе грамадзяне Беларусі, там і ёсць беларуская палітыка. Мы можам дапамагаць адзін аднаму, ствараць арганізацыі, ствараць партыі і прапановы заканадаўчага характару. Дапамагчы беларусам змяніць сваё мысленне, якое накідваў рэжым Лукашэнкі – мысленне раба – маўляў, вы нікому не патрэбныя, вы заўсёды хадзілі пад бізуном. Ад гэтага трэба пазбаўляцца. Мы знаходзімся ў свабодных дэмакратычных краінах, якія прынялі нас як годных людзей, і мы можам развіваць тут свае магчымасці. Наш прыклад павінен быць прыцягальным для тых, хто застаўся ў Беларусі. Каб мы тут не проста стваралі гета, а каб, атрымліваючы веды і кампетэнцыі, мы стваралі шлях да новай Беларусі. Палітыкі на эміграцыі павінны дапамагчы беларусам выкінуць рабскія ментальныя схемы, якія нам накідваў рэжым Лукашэнкі.

Поўная размова ў далучаным гукавым файле!

Размаўляла Наталля Грышкевіч