Беларуская Служба

«Інцыдэнт мабілізуе тых прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі, якім не асабліва падабаецца Трамп»

14.07.2024 16:44
Спроба забойства Дональда Трампа павялічыць яго шанцы стаць прэзідэнтам Злучаных Штатаў – эксперт.
Дональд Трамп на мітынгу перад замахамPAP/EPA/DAVID MAXWELL

Спецыяліст па ЗША, выкладчык варшаўскага Універсітэту імя кардынала Стэфана Вышынскага доктар Войцех Квяткоўскі сказаў, што спроба забойства Дональда Трампа павялічыць яго шанцы стаць прэзідэнтам Злучаных Штатаў. Падчас мітынгу кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі паранілі ў вуха.

Навуковец сказаў на Польскім радыё, што інцыдэнт мабілізуе тых выбаршчыкаў-рэспубліканцаў, якія не асабліва любяць Дональда Трампа. Эксперт адзначыў, што пасля замаху частка патэнцыйнага электарату Рэспубліканскай партыі можа перастаць заўважаць негатыўныя рысы кандыдата ў прэзідэнты.

- Інцыдэнт мабілізуе тых прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі, якім не асабліва падабаецца Трамп з-за яго выказванняў і меркаванняў. Аднак, як мне здаецца, з-за замаху яны канчаткова прагаласуюць за Трампа.

Дональд Трамп знаходзіцца ў добрым стане. У камандзе палітыка пацвердзілі, што агульнаамерыканскі з'езд Рэспубліканскай партыі ў Мілуокі адбудзецца ў запланаваным парадку. На зʼездзе, які пачнецца ў панядзелак і працягнецца да чацвярга, Дональд Трамп мае быць афіцыйна абраны кандыдатам ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах 5 лістапада.

вс