У сваім завяшчанні, апублікаваным учора, Папа пазначыў, што хоча быць пахаваным, як любы іншы хрысціянін, без пампезнасці. Менавіта прастатой і адсутнасцю пампезнасці вылучалася Каталіцкая царква ў часы праўлення Францішка.
Папа Рымскі Францішак памёр у Велікодны панядзелак ва ўзросце 88 гадоў пасля 12 гадоў і 4 месяцаў праўлення. Францішак памёр ад інсульту. Кардынал Кевін Фарэл паведаміў аб смерці Папы Рымскага.
— З глыбокім смуткам я вымушаны абвесціць аб смерці нашага Святога Айца. Сёння раніцай у 7.35 біскуп Рымскі Францішак вярнуўся ў дом Айца».
Пазаўчора Папа Францішак удзяліў благаслаўленне Urbi et Orbi і прывітаў вернікаў на плошчы св. Пятра. Учора ў лодзінскай катэдры адбылася святая Імша за памерлага папу Францішка. Пазней кардынал Гжэгаж Рысь паведаміў журналістам, што сустракаўся з Папам Францішкам у Casa Santa Marta ў Ватыкане і распавёў, што ён жыў вельмі сціпла.
— У яго было два пакоі, першы з іх прахадны, дзе Святы Айцец прымаў наведвальнікаў. Ён сустракаў адразу ў дзвярах. Ён ставіўся з павагай да кожнага, ад пачатку да канца размовы. Рымскі Папа вельмі моцна падтрымліваў ксяндзоў, выступаў супраць бюракратыі. Быў вельмі шчырым. За некалькі хвілін здабываў прызнанне падчас сустрэчы з моладдзю.
Кардынал Гжэгаж Рысь — адзін з чатырох палякаў, якія прымуць удзел у канклаве. Папа Фрацішак хацеў, каб Касцёл адкрываўся да людзей», — кажа арцыбіскуп Войцех Поляк.
— Я буду згадваць пра яго праўленне, як пра час вялікай надзеі, як пра час касцёла, які павінен выйсці насустрач чалавеку. Ён казаў, што святар не павінен закрывацца ў сабе, баяцца навакольнага тачэння, але выходзіць да людзей і распавядаць ім пра Евангелле. Для мяне – гэта галоўнае з таго, што пакінуў Пантыфік.
Біскуп Чэнстахоўскі Анджэй Пшыбыльскі звярнуў увагу на тое, што смерць Папы змушае да разважання над пасланнем Францішка.
— Я ўвесь час думаю пра тое, якую спадчыну Пантыфік пакінуў нам. Ён паказаў, што ёсць толькі адзін шлях адраджэння Касцёла – вяртанне да Евангелля, дапамога патрабуючым і бедным. Ён пакінуў тры словы пра Бога, што ён тут, такі ж я мы, просты і канкрэтны, важна кіравацца яго вучэннем, прытрымлівацца ў жыцці.
Папа Францішак увёў прастату ў Каталіцкі Касцёл, даў голас вернікам і пазбавіў ўпэўнасці ў непарушнасць пасад біскупаў, якія парушалі закон – так ацэньвае праўленне Францішка дамініканін ксёндз Павел Гужыньскі.
— Яшчэ нядаўна ніхто не мог уявіць, што біскуп ці кардынал страціць сваю пасаду, і, што пра гэта будуць пісаць СМІ ва ўсім свеце. Цяпер гэта факт. Біскупы добра ведаюць, што за парушэнне працэдур пагражае ім звальненне, ці нават пазбаўленне сану. Сапраўдная рэвалюцыя.
Заслугай Папы Францішка стала ўвядзенне ў Касцёле сінадальнасці, гэта значыць удзелу вернікаў у вызначэнні праблем і патрэбаў Касцёла. Менавіта па ініцыятыве Францішка было створаныя прыёмы вернікаў біскупамі.
— Біскуп мае вызначаныя дні на тыдзень, калі кожны вернік можа прыйсці і свабодна з ім сустрэцца ды паразмаўляць. Такая магчымасць з’явілася. Гэта адбылося ў выніку змен ў структурах касцёла.
Ён быў папам, які перш за ўсё заўважаў іншых людзей — так гавораць жыхары Сувалкаў пра спачылага Францішка.
— Гэтая навіна мяне шакавала. Я нядаўна была ў Рыме, дзе атрымала благаслаўленне. А тут смерць. Сапраўдны шок! Ён быў добрым чалавекам, толькі не ўсе яго слухалі. Сваім жыццём Пантыфік паказваў прастату, блізкасць да іншага чалавека, шчырасць. Шмат зрабіць для аднаўлення касцёла, вызначэння новага шляху, неверагодна харызматычны чалавек.
Наступнік Папы Францішка працягне яго бачанне Касцёла. Пра гэта ў Трэцяй праграме Польскага радыё гаварыў гісторык, палітолаг і ватыканіст, прафесар Аркадыюш Стэмпін.
— Касцёл пойдзе ў далейшым напрамку дэгіерархізацыі структур царквы ды дэманархізацыі Ватыкану. Далей будзе падвяргацца крытыцы тое, як паводзяць сябе біскупы ў Польшчы. Касцёл будзе адыходзіць ад таго, каб заглядаць каталікам пад коўдру ў спальні.
Калегія кардыналаў вырашыла, што пахаванне Францішка адбудзецца ў суботу. Новы Папа будзе абраны канклавам, або сходам кардыналаў. Ён склікаецца праз 15 дзён пасля смерці Папы. Сустрэчы праходзяць у Сікстынскай капэле і маюць сакрэтны характар, — распавёў прэс-сакратар Варшаўскай архідыяцэзіі айцец Пшэмыслаў Слівіньскі, аўтар кнігі «Канклаў. Таямніцы папскіх выбараў». Працэс абрання Папы рэгулюецца, між іншым, Апостальскай канстытуцыяй.
— Гэты дакумент вызначае пераходны час: ад моманту смерці Папы Рымскага па выбар новага. Гэта даўняя традыцыя. Выбары Пантыфіка выглядаюць цяпер таксама як выглядалі ў 16-м стагоддзі.
Хорхе Марыё Берголіа нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе, Аргенціна, у сям'і італьянскіх эмігрантаў. Быў абраны папам 13 сакавіка 2013 г. Ён быў 266-м біскупам Рыма.
Францішак стане першым папам за больш чым 120 гадоў, пахаваным за межамі Ватыкана. Яго апошнім жаданнем было быць пахаваным у базіліцы Святой Марыі Вялікай у Рыме. Ён наведваў яе да і пасля вяртання з замежных паездак.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч