Беларуская Служба

У Лондане распачынаецца юбілейная сустрэча НАТА

03.12.2019 13:14
Урачыстасці 70-годдзя альянсу супадаюць у часе з вострай дыскусіяй паміж Злучанымі Штатамі, Францыяй і Турцыяй. 
Аўдыё
ЛонданPAP/EPA/FACUNDO ARRIZABALAGA

Палітыкі, эксперты і журналісты дыскутуюць у Лондане аб будучыні Паўночнаатлантычнага альянсу. Дыскусія «NATO Engages» праходзіць у рамках саміту НАТА, які прысвечаны 70-й гадавіне існавання альянсу. Аднак, урачыстасці супадаюць у часе з вострай дыскусіяй паміж Злучанымі Штатамі, Францыяй і Турцыяй. Гаворка і пра фінансаванне альянсу, і пра абвінавачанні французскага прэзідэнта ў бок еўрапейскіх краін у бяздзейнасці і празмерным даверы да сіл ЗША.

Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон нядаўна заявіў, што альянс знаходзіцца ў стане «смерці мозга», паколькі Еўропа ўжо не можа разлічваць на ЗША. Паміж прэзідэнтамі Францыі і Турцыі адбылася слоўная спрэчка ў справе курдаў.

У часе дыскусіі генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнбэрг пераконваў, што спрэчкі ў рамках альянсу існавалі заўсёды і яны не з’яўляюцца прыкметай слабасці групы. Пра гэта сакратар казаў таксама напярэдадні дыскусіі ў Лондане:

- НАТА – гэта 29 дэмакратычных краін з абодвух бакоў Атлантычнага акіяну. Розніцу паміж намі было бачна ўжо ў часе суэцкага крызісу ў 1956 годзе. Аднак, нашая сіла ў тым, што, нягледзячы на розніцы, мы здольныя аб’яднацца вакол самай важнай задачы, вакол узаемнай абароны.

Кіраўнік альянсу падкрэслівае, што краіны-чальцы ўсё больш інвестуюць у абарону. Але некалькі дзён да саміту амерыканская адміністрацыя заявіла пра змяншэнне сваіх аплат на карысць НАТА.

У самім НАТА ідуць працы над новай стратэгіяй альянсу. Германія і Францыя запрапанавалі стварыць «групу мудрацоў», якая да 2021 году падрыхтавала б план зменаў у НАТА. Рэформа структуры распачалася пасля анексіі Крыму Расіяй. Альянс стварыў новыя сілы хуткага рэагавання, выслаў дадатковыя аддзелы на ўсход Еўропы і націскае на чалецкія краіны, каб яны прызначалі адпаведную суму грошай на вайсковыя справы. Змены адбываюцца і ў структуры кіравання.

У сваю чаргу ў Еўразвязе ідзе дыскусія над магчымым утварэннем еўрапейскіх абаронных сіл, якія б не залежалі ад ЗША.

Прэзідэнт Польшчы заклікаў краіны НАТА да адзінства. Анджэй Дуда з’яўляецца чарговым лідарам, які заклікаў адкласці на бок апошнія спрэчкі сярод саюзнікаў. Падчас дэбаты ў Лондане ён казаў, што Польшча ганарыцца тым, што з’яўляецца часткай альянсу і заклікаў, каб палітыкі паказалі, што НАТА ўтварае адзінства:

- Мы б хацелі, каб НАТА было моцным і аб’яднаным. Мы б хацелі захаваць згуртаванасць альянсу. Найлепшым дасягненнем НАТА ў апошнія некалькі гадоў было вызначэнне прысутнасці на ўсходнім флангу.

Юбілейны саміт Паўночнаатлантычнага альянсу афіцыйна распачынаецца вечарам прыёмам у каралевы Елізаветы ІІ. Сваю першую сядзібу НАТА мела менавіта ў Лондане, таму юбілейнае спатканне праходзіць у брытанскай сталіцы. У сераду лідары краін НАТА сустрэнуцца на афіцыйным паседжанні. У адрозненні ад папярэдніх самітаў, у праграме прадугледжана толькі адна сесія, якая будзе тычыцца будучыні альянсу. Сярод тэм – выдаткі на абарону, замежныя місіі, адносіны з Расіяй і Кітаем.

Польшчу на саміце прадстаўляе прэзідэнт Анджэй Дуда. Польшча зробіць адзін з самых сур’ёзных укладаў у ініцыятыву па забеспячэнні гатоўнасці НАТА. Гаворка аб тым, каб альянс да наступнага году меў 30 механізаваных батальёнаў, 30 авіяцыйных эскадраў і 30 баявых караблёў, гатовых да дзейнасці на працягу 30-ці дзён. Амбасадар Польшчы пры НАТА Томаш Шаткоўскі кажа, што гэта будзе адна з тэм саміту:

- Польшча будзе адной з краін-удзельніц некалькіх брыгад, якія ўзнікнуць у рамках ініцыятывы па забеспячэнні гатоўнасці. Гэта паказвае, што мы з’яўляемся адной з самых сур’ёзных вайсковых краін альянсу. Таксама мы працуем над укладам у іншыя сферы, у прыватнасці авіяцыю і флот.

Ініцыятыва гатоўнасці НАТА – гэта сілы, якія ў адказ на атаку павінны распачаць наступленне ў другім этапе. Польшча спадзяецца, што будзе згода на прапанову Варшавы і балтыйскіх краін. Актуалізацыю гэтых планаў не падтрымлівае Турцыя. Анкара спачатку дамагаецца падтрымкі альянсу ў барацьбе з курдамі ў Сірыі.

Актуалізацыя абаронных планаў НАТА для Польшчы і балтыйскіх краін павінна быць зацверджана на лонданскім саміце. Падрабязныя планы прадугледжваюць падрабязныя рухі НАТА і саюзных войск на выпадак нападу на ўсходні фланг альянсу.

У пятніцу Енс Столтэнбэрг абвясціў, што выдаткі еўрапейскіх краін і Канады на абарону павялічацца на 4,6%, а да 2024 году сродкі, прызначаныя на гэтую мэту, будуць большымі на 400 млд долараў у параўнанні з 2016 годам. НАТА падкрэслівае, што ў след за выдаткамі ідуць канкрэтныя вайсковыя рашэнні, якія павялічваюць бяспеку.

Адначасова чуваць галасы, што ад самога павелічэння выдаткаў на абарону і на дадатковыя войскі НАТА не становіцца мацнейшым. - НАТА мілітарна наймацнейшае з часоў халоднай вайны, але палітычна яно слабейшае, – сказаў былы генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн.


ав