Фактычна праца газаправода прывядзе да ўзмацнення залежнасці Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Украіны і будучай свабоднай Беларусі ад расійскіх капрызаў у энергетычнай палітыцы. І справа не толькі ў ЕЗ, функцыянаванне газаправода турбуе НАТА. Як сказаў сёння Польскаму агенцтву друку прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын: «Згода на Паўночны паток 2 дае Расіі рэальныя шанцы на дэстабілізацыю ў найважнейшым для бяспекі НАТА рэгіёне. Тое, што цяпер трэба НАТА – гэта выразнае і рашучае перадухіленне расійскай агрэсіі супраць Захаду. Будаўніцтва Паўночнага патоку 2 вядзе прама ў процілеглы бок».
Падобнага меркавання прытрымліваецца Томаш Врублеўскі з Warsaw Enterprise Institute. У эфіры Польскага радыё 24 ён сказаў, што запуск газаправода ў першую чаргу з'яўляецца геапалітычным поспехам Пуціна:
-Напэўна прэзідэнт Пуцін разлічваў на гэта і інвеставаў шмат грошай у прапаганду і спецслужбы дзеля таго, каб падкупіць чыноўнікаў і людзей, якія маюць уплыў на палітыкаў у Нямеччыне. Такім ён дасягнуў вялікага поспеху.
Тое, што звяртае ўвагу ў гэтай справе – пасіўнасць ЗША, якія яшчэ за часоў адміністрацыі Дональда Трампа досыць катэгарычна ставіліся да Паўночнага патоку 2. Зараз прэзідэнт Байдэн вырашыў змякчыць сваю палітыку, датычную еўрапейскіх справаў. Аднак наступствам гэтай змены стала сітуацыя, у якой на самой справе ЗША і НАТА трацяць свае ўплывы ў еўрапейскім рэгіёне. Адмена санкцый – гэта пагроза для ЗША і іх інтарэсаў у рэгіёне, а таксама здрада партнёраў, лічыць кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі Майкл МакКол:
-Кангрэс прыняў абавязковыя санкцыі. Я папярэджваў адміністрацыю прэзідэнта, каб той працягнуў гэтыя санкцыі, а яны іх адхілілі, як быццам гэта было ў інтарэсе нашай бяспекі. Гэта крывадушнасць газавай палітыкі. Адмовіцца ад паставак нашага газу і даць доступ расійскім кампаніям да еўрапейскага рынку, які нашмат бруднейшы за наш. Расійскі газаправод абмінае Украіну і гэта ўдар па твары гэтай дзяржаве, калі расійскія войскі акупуюць часткі яе тэрыторыі. Для мяне гэта дзіўны спосаб вядзення замежнай палітыкі. Гэта напэўна не спосаб забяспечыць нашую нацыянальную бяспеку. Спадзяюся, што адміністрацыя ўсё такі перагледзіць пытанне санкцый.
Ёсць каментатары, якія кажуць, што змена падыходу ЗША да расійскага газаправоду на дне Балтыйскага мора – частка агульнай стратэгіі Белага дома, якія павольна пакідае свае ўплывы па-за амерыканскім кантынентам. Гэта заўважальнае ў выпадку прысутнасці ў Іраку і Афганістане, з якіх ЗША выводзіць свае войскі. Таксама неэфектыўнасць рэакцый на падзеі ў Беларусі, М’янме і зараз на Кубе не спрыяе іміджу ЗША, як краіны, якая абараняе дэмакратычныя каштоўнасці ў свеце. На амерыканскія дзеянні па пытанню Паўночнага патоку 2 адрэагаваў і прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён падкрэсліў, што такая палітыка партнёра здзіўляе ўсе краіны рэгіёну:
-Гэтая змена здзівіла шмат краінаў, якія абапіраліся на тым, што ЗША дэкларавалі да нядаўняга часу. Сёння разумеем, што праўдападобна будова і запуск газаправоду закончыцца поспехам. Польшча абароненая, бо ў нас быў план на такі выпадак. Аднак яшчэ раз хачу выказаць сваё неўхваленне гэтага эгаістычнага падыходу нашых партнёраў да газаправода.
Выкарыстоўванне Паўночнага патоку 2 не толькі дазволіць Расіі без перашкодаў транспартаваць свой газ у Еўропу. Труба перадусім ударыць па Украіне, якая натуральным чынам дагэтуль з’яўлялася транзітнай краінай на шляху расійскай сыравіны ў Заходнюю Еўропу. У выніку яна можа таксама ўдарыць па беларускай нафтавай прамысловасці, якую можна будзе шантажаваць поўным пераносам транзіту газу на Паўночны паток 2. З запускам трубы і краіны Балтыі становяцца поўнасцю залежнымі ад Нямеччыны і Расіі. Польшча ўжо нейкі час будуе альтэрнатыўны газаправод – Балтыйскую трубу, якая павінна спалучаць Польшчу і Нарвегію. На шляху да пабудовы стаіць аднак пытанне экалогіі, бо труба будзе праходзіць праз тэрыторыі, якія знаходзяцца пад аховай.
У вачах прэс-сакратара польскага міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслава Жарына з’яўляецца яшчэ адна небяспека, звязаная з Паўночным патокам 2. Гэта патэнцыйнае выкарыстанне яго ў якасці падставы для дзеянняў на Балтыйскім моры расійскага флоту, які тэарэтычна павінен быў бы абараняць газаправод. «Гэта можа прывесці да паралічу суднаходства на Балтыйскім моры і далейшай эскалацыі канфлікту, які ўзнік б такім чынам. Рэальнай пагрозай магло б стаць нават абмежаванне доступу ў краіны Балтыі.
Жарын адзначыў, што таксама нельга губляць з увагі фінансавыя аспекты гэтага прадпрыемства. «Грошы, якія Расія заробіць на эксплуатацыі Паўночнага патоку 2, верагодна, могуць быць выкарыстаны Крамлём для дзеянняў, дэстабілізуючых Захад, такіх як спробы забойства ворагаў Крамля, кібератакі, кампаніі па дэзынфармацыі або ўмяшанне ў выбары, – адзначыў палітык.
Альберт Ежы Вяжбіцкі