Сёння ўрачыста было абвешчана, што будынак чыгуначнага вакзала «Варшава цэнтральная» ўнесены ў спіс помнікаў архітэктуры.
Gazeta Wyborcza прыгадвае цікавыя факты з гісторыі варшаўскага вакзала.
Ідэя будаўніцтва вакзала ў цэнтры сталіцы з'явілася ў 1952 годзе. Гэта меў быць сацрэалістычны будынак, падобны на Палац культуры і навукі. У 1963 годзе прапанавалі праект вакзала ў стылі мадэрн, аднак улады вырашылі, што ён вельмі сучасны. І толькі ў 1975 годзе быў адчынены вакзал, які выконвае сваю функцыю па сённяшні дзень.
Дарэчы, яго адчынялі на хуткую руку 5 снежня на прыезд Леаніда Брэжнева. Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся дарагія і сучасныя матэрыялы. Для прыкладу, сцены калідораў, некаторыя лаўкі і балюстрады зробленыя з белага мармуру, дастаўленага з Казахстана і з польскіх гор Судэты. Калоны, якія стаяць на галоўным уваходзе, прывезлі са Швецыі.
Нечым новым былі швейцарскія аўтаматычныя дзверы, якія, на жаль, хутка сапсаваліся. А эскалатары даставілі з Францыі і Бельгіі. Яны прапрацавалі доўга: толькі ў 2015 годзе іх замянілі на новыя за 10 млн злотых (больш за 2 млн 340 тыс. еўра).
На самым пачатку людзі губляліся ў падземных калідорах, таму цягам году ад адкрыцця пасажырам памагалі хостэсы ў бардовых касцюмах.
У гісторыю варшаўскага вакзала трапіў таксама пратэст бяздомных. У 1998 годзе іх апякун, каталіцкі манах Палечны ўгаварыў людзей без даху над галавой праз пратэст патрабаваць ад гарадскіх уладаў адкрыцця прытулку. Бяздомныя знаходзіліся ў галоўным холе некалькі месяцаў. Вывелі іх сілай, але пратэстуючыя дасягнулі сваю мэту.
Сёння на цэнтральным вакзале знаходзіцца крама «Бядронка», якая вядомая тым, што працуе ва ўсе нядзелі, нават калі гандаль забаронены. Справа ў тым, што Гандлёвая інспекцыя прыняла рашэньне, што крама настаўленая не на гандлёвую дзейнасць, а на абслугоўванне пасажыраў.