Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да чарговага Агульнанацыянальнага чытання

29.08.2019 15:05
Сёлета Агульнанацыянальнае чытанне адбудзецца 7 верасня, і пра яго мы размаўляем з міністрам з Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Войцехам Калярскім.
Аўдыё
  • Польшча рыхтуецца да чарговага Агульнанацыянальнага чытання
.
..

Агульнанацыянальнае чытанне можна назваць адным з феноменаў культурнага жыцця Польшчы. Галоўным арганізатарам гэтага літаратурнага свята з'яўляецца Канцылярыя прэзідэнта Польшчы разам з Нацыянальным цэнтрам культуры. Сёлета Агульнанацыянальнае чытанне адбудзецца 7 верасня, і пра яго мы размаўляем з міністрам з Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Войцехам Калярскім.

Спадар міністр, у чым заключаецца ідэя і ўнікальнасць Агульнанацыянальнага чытання, якое вы ладзіце ўжо восем год?

- Выключнасць акцыі ў тым, што гэта прэзідэнцкая ініцыятыва, і патранат над ёй ажыццяўляе прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, першая дама Агата Корнхаузер-Дуда. Гэта адзіная ў сваім родзе акцыя па папулярызацыі польскай мастацкай літаратуры, якая мае патранат на такім высокім узроўні.
Аднак ёсць іншыя фактары, якія сведчаць аб яе выключнасці. Агульнанацыянальнае чытанне вылучаецца сваім маштабам як найбуйнейшая літаратурная імпрэза. Яна культывуе культуру чытання ў нашым грамадстве.
Агульнанацыянальнае чытанне нагадвае, што існуе нешта такое, як канон польскай літаратуры. Гэта значыць, тыя літаратурныя творы, якія проста неабходна ведаць. Дадзеныя творы могуць камусьці падабацца больш, камусьці менш, але нельга прайсці каля іх абыякавым. Кожны паляк павінен іх ведаць, бо яны – частка польскай нацыянальнай культуры, польскай самасвядомасці. Мы гадаваліся на гэтых творах.

Якім чынам праходзіць сама акцыя? Нездарма яна лічыцца агульнанацыянальнай.

- Гэтая акцыя мае характар не толькі агульнанацыянальны, але, можна сказаць, сусветны. Яна праходзіць паўсюль, дзе ёсць палякі і прыхільнікі польскай літаратуры.
Кожны можа прыняць удзел у Агульнанацыянальным чытанні, кожны можа да яго далучыцца. Дастаткова ўвайсці на сайт www.prezydent.pl, запоўніць заяўку, а затым знайсці месца на мапе Польшчы ці на мапе свету, дзе будзе інфармацыя пра час правядзення акцыі.
Агульнанацыянальнае чытанне заўсёды карыстаецца велізарнай цікавасцю, але летась яно было абсалютна незвычайным. Польшча адзначала 100-годдзе аднаўлення незалежнасці, і чытанне рамана Стэфана Жаромскага «Прадвеснне» сабрала чытачоў у амаль трох тысячах месцаў у Польшчы і па ўсім свеце свеце.
На дадзены момант мы атрымалі 2 тысячы заявак і да нас пастаянна прыходзяць новыя. І што цікава, сёлета ўжо можна казаць аб рэкорднай зацікаўленасці гэтай акцыяй паза межамі Польшчы. Думаю, што на гэта ўплывае таксама наша супрацоўніцтва з фондам «Свабода і дэмакратыя». Гэты фонд пад наглядам Сената Рэспублікі Польшча, якія ажыццяўляе апеку над польскай дыяспарай і палякамі за мяжой, вельмі актыўна ўключыўся ў прасоўванне Агульнанацыянальнага чытання. Вельмі шмат заявак з Украіны, з Аўстраліі, з Бельгіі, са Славеніі і Нямеччыны.

Калі гаворка ідзе пра выбар твору для Агульнанацыянальнага чытанн, які чынам ён адбываецца? Што абрана сёлета?

- Заўсёды прэзідэнт разам з першай дамай абвяшчае кнігу для Агульнанацыянальнага чытання ў абраным годзе. Пры гэтым з 2015 года ў выбары твораў прымаюць удзел польскія чытачы. Ужо некалькі разоў праходзілі такія акцыі ў інтэрнэце, і прэзідэнт выбіраў з прапанаваных твораў.
Сёлета выбраны для чытання восем твораў малой літаратурнай формы. Гэта навелы і апавяданні, якія ўваходзяць у абавязковую школьную праграму, якія добра вядомыя многім пакаленням палякаў. Мы бачым па рэакцыі чытачоў ды іх зацікаўленасці ўдзелам ва Агульнанацыянальным чытанні, тыя творы дагэтуль карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Хоць некаторыя наракаюць, што гэта занадта ўжо вядомыя творы, якія асацыююцца са школай праграмай. Аднак, думаю, што сіла Агульнанацыянальнага чытання як раз крыецца ў тым, што мы вяртаемся да твораў, якія ведаем са школьнай лавы, да тых кніг, якія можна прачытаць яшчэ раз, але ўжо па-новаму.

Мы гутарылі з міністрам з Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Войцехам Калярскім.

Сёлета палякі па ўсім свеце чытаюць разам: «Добрую пані» Элізы Ажэшкі, «Дым» Марыі Канапніцкай, «Шарманку» Баляслава Пруса, «Пахню» Уладзіслава Рэйманта, «Раздзяўбе нас груганнё» Стэфана Жаромскага, «Сахем» Генрыка Сянкевіча, «Саву» Хенрыка Жэвускага і навелу Бруна Шульца «Мой бацька паступае ў пажарныя».

Ірына Завіша/эж