Вялікі князь літоўскі Гедымін – менавіта падчас яго панавання тэрыторыя сярэдневяковай беларуская дзяржавы павялічылася як ніколі. ВКЛ стала гегемонам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Можны гаспадар беларускіх зямель першай паловы ХIV стагоддзя толькі зараз атрымаў ад удзячных нашчадкаў велічны помнік. Конная скульптура князя будзе ўрачыста адкрытая 7 верасня ў Лідзе. Аўтарамі манументальнай сталі Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Вядомы скульптар Сяргей Аганаў распавёў нам пра таямнічыя сімвалы, схаваныя ў новай скульптуры.
Спадар Сяргей, перад тым, як пяройдзем да мастацкага боку, папрашу вас адказаць на вельмі важна хоць і трывіяльнае пытанне. Адкуль узяліся грошы на такі вялікі, у маштабах Беларусі, праект?
-Праект цалкам прафінансаваны замежным прадпрыемствам Beltex Optic. Яны аплацілі ўсю рэалізацыю помніка, гэта ўсё не бюджэтныя, а прыватныя грошы. Лідскі раённы выканаўчы камітэт спачатку разлічваў самастойна ўстанавіць гэты помнік, яны нават распачалі збор сродкаў.
Мясцовая ўлада правяла каласальную працу па пошуку спонсараў. У выніку знайшоўся спонсар Beltex Optic, які пакрыў абсалютна ўсе выдаткі. На задняй частцы помніка ёсць адпаведная таблічка, якая інфармуе, хто быў галоўным спонсарам стварэння скульптуры.
Помнік знаходзіцца ў 100 метрах ад сцяны Лідскага Замку, ён павернуты спінною да замку. Вышыня помніка разам з пастаментам – 6 метраў 10 см (пастамент 3 метры). Помнік быў цалкам адліты на прадпрыемстве «Скульптурны камбінат» Саюзу мастакоў Беларусі.
Зараз папаную перайсці да творчага боку. Гедымін – гэта гістарычная, сярэдневяковая постаць. Да нас не дайшло яго аўтэнтычных выяваў. На чым грунтавалася ваша ўяўленне пра Гедыміна, ці гэта з большага алегарычны твор?
-З самага пачатку скульптура была больш алегарычная: плашч, які ахутвае пастамент – гэта сімвал улады, зямлі, збіральніка зямель. Бо пры Гедыміне тэрыторыя нашай дзяржавы павялічылася амаль у 10 разоў.
Ужо потым, у працэсе працы над скульптурай Манументальная рада высунула абавязковае патрабаванне, каб мы больш сур'ёзна паставіліся да гістарычных рэаліяў. Мы ўзялі сабе кансультанта Мікалая Плавінскага – гісторыка, археолага. Ён акурат спецыялізуецца на зброі Х-ХIV ст.
Усё ж такі нейкія мастацкія вобразы мы пакінулі, напрыклад плашч. Што тычацца ўсёй збруі ды зброі было падрыхтаванае абсалютнае гістарычнае абгрунтаванне. Па гэтым пытанні і з нашага, і з яго боку была зроблена даволі сур’ёзная праца.
Досыць часта творцы ў сваіх скульптурах пакідаюць нейкі патаемныя сімвалы, які могуць распазнаць толькі сапраўдныя знаўцы. Што ў выпадку помніка Гедыміна ў Лідзе? Якія патаемныя сімвалы Вы там размясцілі?
-Магчыма памылюся, але мне падаецца, што ўпершыню ў Беларусі на помніку быў выкарыстаны герб Калюмны, часам яго нават называюць «Слупамі гедымінавічаў» – герб гэтай дынастыі.
Калі гаворка ідзе пра сімвалы – у нашага Гедыміна з’явіўся рыцарскі пояс, завязаны адмысловым чынам, каб адчувалася, што гэта сапраўдны рыцар. Аднак, з гістарычнага пункту гледжання, гэта дастаткова спрэчны момант. Мы з Вольгай Нячай падпісаліся ўнізе на стрэмях. (...)
Поўную гутарку з беларускім скульптарам Сяргеем Аганавым слухайце ў далучаным зверху гукавым файле.
Эдуард Жолуд