«Тры абліччы Варшавы» (Warszawa w trzech odsłonach) - гэта назва выставы на адкрытым паветры, якую падрыхтаваў Музей Варшаўскага гета. З экспазіцыяй можна пазнаёміцца на Грыбоўскай плошчы ў цэнтры польскай сталіцы.
Выстава «Тры абліччы Варшавы» прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Яна паказвае польскую сталіцу на трох этапах ейнай гісторыі. Гаворка ідзе пра даваенныя часы, час вайны і перыяд адбудовы.
Выстава - гэта запрашэнне прагуляцца па выбраных вуліцах сталіцы, якія за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў рашуча змяніліся.
Экспазіцыя паказвае, што гэты калісьці шматкультурны горад быў не толькі калыскай мастакоў і вядомых дзеячаў, але таксама месцам велізарных пакутаў яго жыхароў, іх гераічнага супраціву. Сляды гэтых падзеяў можна знайсці ў Варшаве па сённяшні дзень.
Аўтары выставы пераконваюць, што наведваючы Варшаву, варта паглядзець на яе менавіта праз прызму таго, што было знесена і ажыло нанава на завалах.
Выстава „Тры абліччы Варшавы”. PAP/Marcin Obara
Экспазіцыю складаюць 12 стэндаў, якія паказваюць, як мянялася 12 выбраных месцаў у цэнтры польскай сталіцы.
На фотаздымках можна паглядзець, між іншым, такія месцы, як: Банкаўская плошча, Грыбоўская плошча, плошча Жалезнай брамы, сінагога на плошчы Тамацке, а таксама вуліцы: Залатую, Халодную, Лешна, Зельную, Гранічную і Каралеўскую.
Здымкі паказваюць, што на пачатку XX стагоддзя Варшава - сядзіба аднаго з правінцыйных губернатараў тагачаснай расійскай імперыі - была густанаселеным, шматлюдным горадам з сеткай вузкіх вуліц, двароў і паўсюдных крамаў. Яна была надзвычай жывым горадам, поўным кантрастаў і цікавай архітэктуры.
Пасля таго, як Польшча атрымала назад незалежнасць, у 1920-х і 1930-х гадах Варшава пачала ператварацца ў сучасны мегаполіс, развіццё якога было перапыненае пачаткам Другой сусветнай вайны.
Выстава „Тры абліччы Варшавы”. PAP/Marcin Obara
На здымках бачна, што амаль з першых дзён акупацыі немцы пачалі пераследаваць жыхароў Варшавы. Неадкладна былі ўведзеныя распараджэнні, якія дыскрымінавалі габрэяў і санкцыянавалі першыя рэпрэсіі.
Куратарка выставы Магдалена Пецык (Magdalena Piecyk) звяртае увагу, што на дошках, датычных часоў Другой сусветнай вайны, можна пабачыць сцены Варшаўскага гета.
- Перш за ўсё, другая частка выставы – ваенная Варшава, звяртае ўвагу на сцены гета, якія паявіліся ў краявідзе горада ўжо ў 1940 годзе. На здымках мы можам пачабыць, што ў самым цэнтры сталіцы ўзнікла найбуйнейшая турма пад адкрытым небам, у якой былі зняволеныя больш за 450 тысяч варшаўскіх габрэяў. Яны загінулі або ад голаду, або ў канцлагеры Трэблінка.
Немцы загналі ў гета амаль траціну жыхароў сталіцы, якія кожны дзень змагаліся за чалавечую годнасць і выжыванне. У красавіку 1941 года разам з перасяленцамі ў гета маглі знаходзіцца да 400 тысяч чалавек. Прыблізна столькі, паводле агульных ацэнак, складае колькасць яго ахвяр. Сярод іх амаль 100 тысяч загінулі альбо памерлі ад голаду і хвароб, а каля 300 тысяч іншых былі вывезеныя і забітыя ў канцлагеры ў Трэблінцы.
Пасля ліквідацыі гета і падаўлення паўстання вясной 1943 года, гэтая частка горада была дашчэнту разбураная.
Куратарка выставы Магдалена Пецык . PAP/Marcin Obara
Магдалена Пецык нагадала, што на здымках паказаныя таксама іншыя важныя гістарычныя месцы ў Варшаве.
- Напрыклад, Umschlagplatz - спецыяльны перавалачны пункт у гета, адкуль вязняў адпраўлялі ў лагеры смерці. Ёсць таксама выдатны здымак, зроблены з гандлёвага комплексу Міроўскія залі. Ён паказвае калону людзей, якіх немцы накіроўваюць на Umschlagplatz з мэтай вывазкі, або людзей, якія спрабуюць уцячы з Варшавы, з гета. Гета - гэта лейтматыў гэтак званай ваеннай часткі выставы, паколькі пасля паўстання ў ім вясной 1943 году, Варшава была амаль суцэльна разбураная, а жыхары вынішчаныя.
Пасля падаўлення Варшаўскага паўстання нямецкія акупанты знішчылі чарговыя раёны горада. Пасля вайны з мора руінаў засталіся толькі нешматлікія фрагментаў будынкаў. Нягледзячы на гэта, пачаўся працэс адбудовы Варшавы – сталіца пачала нанава атрымліваць пышнасць і хараство.
Выстава „Тры абліччы Варшавы”. PAP/Marcin Obara
Дырэктар Музея Варшаўскага гета Альберт Станкоўскі (Albert Stankowski) адзначыў, у сваю чаргу, што выстава падкрэслівае шматгранны характар гісторыі.
- Выстава разказвае пра гісторыю горада, у прыватнасці, пра гісторыю яго шматнацыянальнасці і шматкультурнасці. Гэтую выставу павінен паглядзець кожны жыхар Варшавы, а таксама кожны турыст, каб зразумець, чым была Варшава да вайны, а таксама ў ваенны і пасляваенны перыяды.
Фотаздымкі паходзяць, сярод іншага, з калекцый Габрэйскага гістарычнага інстытута, Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук, Дзяржаўнага архіва Варшавы, Музея Варшаўскага паўстання, Варшаўскага кансерватара помнікаў, Польскага агенцтва друку, Фонду 39, Бібліятэкі Кангрэса і Нацыянальнай бібліятэкі.
З экспазіцыяй на Грыбоўскай плошчы можна пазнаёміцца да 15 лістапада бягучага году. Адкрыццё пастаяннай выставы Музей варшаўская гета плануе на красавік 2023 года ў будынку на вуліцы Сіенна, 60.
Выстава „Тры абліччы Варшавы”. PAP/Marcin Obara
Музей Варшаўскага гета з'яўляецца дзяржаўнай установай культуры. Ён быў створаны ў сакавіку 2018 года па рашэнні міністра культуры і нацыянальнай спадчыны. Яго мэта - распаўсюджванне ведаў пра гісторыю Варшаўскага гета і іншых закрытых раёнаў, створаных немцамі на тэрыторыі ўсяе Польшчы падчас Другой сусветнай вайны.
аз