Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: дыяхранічнае словаўтварэнне  

24.11.2019 15:32
У гісторыі беларускай мовы існавалі тры спосабы словаўтварэння: марфолага-сінтаксічны, лексіка-семантычны лексіка-сінтаксічны.
Аўдыё
Словаўтварэнне ўзбагачае беларускую мовуФота: Беларуская служба Польскага радыё

У гісторыі беларускай мовы існавалі тры спосабы словаўтварэння: марфолага-сінтаксічны, лексіка-семантычны лексіка-сінтаксічны.

  1. Марфолага-сінтаксічны спосаб – гэта пераход слоў з адной часціны мовы ў другую: субстантывацыя, ад’ектывацыя, адвербіялізацыя, пранаміналізацыя.

З усіх відаў пераходу слоў найбольш прадуктыўным з’яўляецца субстантывацыя (лац. substantivum – назоўнік)  – пераход прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўнікі. Гэтым спосабам утварыліся  цэлыя  рады  слоў:

  • назвы памяшканняў, напр.: ардынатарская, бульбяная, настаўніцкая, прыёмная;
  • назвы грашовых выплат, напр.: камандзіровачныя, кампенсацыйныя, кватэрныя, радыяцыйныя;
  • назвы асоб, напр.: арыштаваны, вартавы, дзяжурны, рабочы, хворы;
  • назвы раслін і дрэў, напр.: азімыя, яравыя, бабовыя, хваёвыя.

Пры пераходзе слоў з адной часціны мовы ў другую сродкам выражэння словаўтва­ральнага значэння з’яўляецца сістэма флексій, абмежаваная формай аднаго роду (радзей двух) ці толькі множнага ліку. Іншымі словамі, прыметнікі, сінтаксічна залежныя ад назоўнікаў, змяняюцца па родах, ліках і склонах, а пры субстантывацыі захоўваецца толькі форма аднаго з трох родаў (радзей двух) ці форма множнага ліку. Як і ў звычайных назоўнікаў, род у субстантыватаў становіцца пастаяннай, нязменнай катэгорыяй. Катэгорыі ліку і склону таксама змяняюцца ― становяцца сінтаксічна незалежнымі.  Параўнайма:

бульбяны суп, бульбяная кішка, бульбяныя пызы (маем дачыненне з прыметнікам, утвораным ад слова бульба, які змяняецца  па  родах і ліках у залежнасці ад змены  роду і ліку назоўнікаў.

У сказе Паесці пайшлі ў Бульбяную маем дачыненне з назвай рэстарана; тут фармальна прыметнік бульбяная выступае ў ролі назоўніка жаночага роду і не можа змяняцца па родах і ліках.

Субстантываваныя назоўнікі, зразумела, выступаюць таксама ў мужчынскім родзе, напр. Арыштаваны сядзеў ціха – параўнайма з прыметнікам: арыштаваны хлопец, арыштаваная дзяўчына, арыштаваныя студэнты; і ў ніякім родзе, напр. назоўнік марожанаесмачнае марожанае і прыметнік: марожанае мяса, марожаная агародніна, марожаны дэсерт, марожаныя ягады.

Некаторыя  субстантываты выступаюць толькі ў множным ліку, напр.: На паездку атрымалі камандзіровачныя; гэты субстантыват таксама можам  супаставіць з прыметнікам, напр.: камандзіровачны ліст, камандзіровачная гульня, камандзіровачныя пасведчанні.

Іншыя віды марфолага-сінтаксічнага спосабу больш рэдкія. Ад’ектывацыя (лац. adjectivum – прыметнік) – гэта пераход дзеепрыметнікаў у разрад прыметнікаў, напр.: загарэлы, змораны, гаючы, калючы.

Адвербіялізацыя (лац. adverbium – прыслоўе) – пераход склонавых формаў назоўнікаў у прыслоўі (пры гэтым канчаткі становяцца суфіксамі, а прыназоўнікі – прыстаўкамі), напр.: раніцай, вечарам, ноччу, уначы, зверху, знізу.

Пранаміналізацыя (лац. pronomen – займеннік)  – пераход іншых часцін мовы ў займеннікі або набыццё іншымі часцінамі мовы ў пэўным кантэксце значэння займеннікаў, напр.: Мы не адны ў значэнне 'не самі; Ён зведаў цэлы свет у значэнні 'ўвесь свет'.  

  1. Лексіка сінтаксічны спосаб – гэта зліццё   (зрашчэнне) двух ці некалькіх слоў у адно слова. У адрозненне ад словаскладання, якое адносіцца да сінхранічнага словаўтварэння і ўтварае найчасцей прыметнікі, напр. вечназялёны, глыбокапаважаны, лексіка-сінтаксічным спосабам утвараюцца часцей за ўсё прыслоўі і службовыя часціны мовы, напр.: датла, сёння, нельга, зусім, потым, мабыць. З пункта погляду сучаснай мовы гэтыя і падобныя да іх словы невытворныя, лексічнае значэнне састаўных кампанентаў прыведзеных і падобных слоў не заўсёды выразна ўсведамляецца, і толькі этымалагічны аналіз дае магчымасць выясніць гісторыю іх утварэння.
  2. Лексіка семантычны спосаб – гэта адзін са шляхоў утварэння  амонімаў шляхам распаду полісеміі ў выніку разыходжання ў значэннях мнагазначных слоў. Працэс распаду слова на два і больш амонімаў – гэта вынік доўгага гістарычнага развіцця слоў. Гэта ўтва­рэнне такіх слоў, як, напр. кулак І (‘сціснутая кісць рукі’) і кулак ІІ (‘заможны селянін’), завод І (‘прыстасаванне ў механізме’) і завод ІІ (‘прамысловае прадпрыемства’), зайчык І (‘памяншальнае да заяц’) і зайчык ІІ (‘сонечны блік’), а таксама  размоўнае  зайчык ІІІ  (‘беларуская  грашовая  адзінка’). 

Гл. шырэй: Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа, Віцебск 2005, с. 21-23. 

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак