Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: асаблівасці скланення прозвішчаў ды назоўнікаў у множным ліку

12.01.2020 11:14
У множным ліку назоўнікі ўсіх тыпаў скланення маюць аднолькавыя канчаткі, за выключэннем роднага склону.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Уласныя назоўнікі ў беларускай мове маюць свае асаблівасці скланення.

Прозвішчы на г, к, х з ненаціскным канчаткам , утвораныя ад адпаведных назваў прадметаў жаночага роду (кніга, трэска, муха і інш.) набываюць у давальным і месным склонах канчаткі ў залежнасці ад полу асобы:

  • пры абазначэнні асобы жаночага полу дадзеныя прозвішчы скланяюцца як адпаведныя назоўнікі другога скланення (Алёне Кнізе, Марыне Трэсцы, Веры Мусе);
  • а пры абазначэнні асоб мужчынскага полу маюць канчаткі рознаскланяльных назоўнікаў (Івану Кнігу, Пятру Трэску, Васілю Муху).

Астатнія прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду на (гушча, луста, мякіна, суша і інш.), скланяюцца незалежна ад полу асобы як адпаведныя назоўнікі жаночага роду – так гаворыць тэорыя, аднак моўная практыка паказвае, што такія прозвішчы змяняюцца як назоўнікі агульнага роду (напр. паведаміць Галіне Гушчы / але Эдуарду Гушчу, сустрэча з Мякінай (ёю) / з Мякінам (ім), капэла, выпеставаная Рыгорам Шырмам).   

Калі ж прозвішчы на не суадносяцца з назвамі прадметаў, яны скланяюцца:

  • як адпаведныя назоўнікі мужчынскага роду толькі ў дачыненні да асоб мужчынскага полу (н. Карызна, р. Карызны, д. Карызне, в. Карызну, т. Карызнам, м. аб Карызне);
  • прозвішчы асоб жаночага полу ў гэтым выпадку не скланяюцца – ва ўсіх склонах захоўваецца форма Карызна, (напр. р. Ганны Карызна, д. Ганне Карызна, в.  Ганну Карызна, т. Ганнай Карызна, м. аб Ганне Карызна).    

Прозвішчы з націскным канчаткам (тыпу Булава, Вярба, Вясна, Каляда, Крапіва) скланяюцца як назоўнік агульнага роду сірата (р. Галі / Міколы Каляды, д. Галі / Міколу Калядзе, в. Галю / Міколу Каляду, т. Галяй / Міколам Калядою, м. аб Галі / Міколу Калядзе.


Як назоўнікі  агульнага роду скланяюцца таксама прозвішчы на -эня(-еня), -уня(-юня) тыпу Пратасеня, Лабуня (т. з Жэняй Пратасеняй / з Жэнем Пратасенем, з Вольгаю Лабуняй / з Барысам Лабунем).   

Мужчынскія прозвішчы на -аў, -еў, -оў (-ёў), -ін (-ын) і жаночыя на -ав(-а), -ев(-а), -ов(-а), -ін(-а), -ын(-а) змяняюцца па змешанаму тыпу скланення:

  • мужчынскія прозвішчы маюць канчаткі назоўнікаў першага скланення з цвёрдай асновай у родным, давальным, вінавальным склонах (н. Пятроў, р. Пятрова, д. Пятрову і г.д.), а ў творным склоне – канчатак -ым, як прыметнікі (Пятровым), у месным склоне – канчатак (аб Пятрове), або варыянтны канчатак (аб Пятрову);
  • жаночыя прозвішчы ў вінавальным склоне маюць канчатак назоўнікаў другога скланення (н. Пятрова, в. Пятрову), а ў родным, давальным, творным, месным склонах – аднолькавыя канчаткі, як і ў прыметнікаў (Пятровай).

У беларускай мове апрача прозвішчаў асоб жаночага полу на -а, якія не суадносяцца з назвамі прадметаў (тыпу Карызна), таксама не скланяюцца:

  • прозвішчы асоб жаночага полу, калі яны заканчваюцца на зычны (р. Ніны Верас, в. Таню Кузьмянок, т. Верай Бародзіч);
  • прозвішчы асоб жаночага полу, калі яны паходзяць ад назваў прадметаў ніякага роду (Шыла, Калена і інш.);
  • прозвішчы асоб мужчынскага і жаночага роду на націскны (тыпу Жудро, Ралько і інш.), ды на -ых, -іх (Сядых, Мялкіх);
  • прозвішчы іншамоўнага паходжання на галосны (Веспучы, Гётэ, Фрунзе).

Такія асаблівасці скланення прозвішчаў у беларускай мове.

Яшчэ пару слоў пра скланенне назоўнікаў у множным ліку. У множным ліку назоўнікі ўсіх тыпаў скланення маюць аднолькавыя канчаткі, за выключэннем роднага склону:

  • назоўны склон – канчаткі -ы (-і)  (мужчыны, землі),  а  з асновай  на -анін – канчатак(параўн.: мінчанін – мінчане);
  • давальны склон – канчаткі -ам (-ям) (мужчынам, землям);
  • вінавальны склон – канчаткі неадушаўлёных назоўнікаў супадаюць з канчаткамі назоўнага склону, а адушаўлёных назоўнікаў – з канчаткамі роднага склону (бачу што? будынак / бачу каго? студэнта);
  • творны склон – канчаткі -амі (-ямі) (мужчынамі, землямі);
  • месны склон – канчаткі -ах (-ях)(аб мужчынах, на землях).

Канчаткі назоўнікаў роднага склону залежаць ад тыпу скланення:

  • назоўнікі першага скланення маюць канчаткі -аў (-яў), -оў (-ёў), -эй (-ей) (інжынеры – інжынераў, вучні – вучняў, браты – братоў, авадні – аваднёў, вочы – вачэй, коні – коней і г.д.);
  • назоўнікі другога скланення маюць нулявы канчатак, калі аснова заканчваецца на адзін зычны (сцены – сцен, хаты – хат), або калі другі зычны асновы гук к (думкідумак, шапкі – шапак), а таксама канчаткі -аў (-яў), калі аснова заканчваецца на збег зычных (кафедры – кафедраў, гульні – гульняў);
  • назоўнікі трэцяга скланення ў родным склоне множнага ліку пад націскам маюць канчаткі -эй (-ей) (мышэй, абласцей), а не пад націскам – канчаткі -аў (-яў) (рэчаў, даляў);
  • для некаторых назоўнікаў у множным ліку роднага склону адзначаюцца варыянтныя канчаткі: нулявы / -аў (-яў) (партызан / партызанаў, вішань / вішняў), а таксама -аў (-яў) / -эй (-ей); (печаў / пячэй, можнасцяў / можнасцей).

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак