У катэгорыі ладу выражаюцца адносіны абазначанага дзеясловам дзеяння да рэчаіснасці. Можа паказваць дзеянне як рэальнае ў цяперашнім, прошлым ці будучым часе або як нерэальнае – пажаданае, неабходнае, ці магчымае. Адпаведна з гэтым выдзяляюцца тры лады: абвесны, загадны і ўмоўны.
Дзеясловамі абвеснага ладу абазначаюцца рэальныя дзеянні ў цяперашнім, прошлым ці будучым часе, якія або сцвярджаюцца, або адмаўляюцца (прыклады з мастацкай літаратуры: Мы вітаем над светам дзён новых зару. М.Т.; Прыйшоў жаданы час спаткання. К-с; Не, не развітаюся ніколі з родным краем, дзе так светла нам. Панч.).
Абвесны лад не мае спецыфічных марфалагічных паказчыкаў. Ад астатніх ладоў адрозніваецца формамі часу. Абвеснаму ладу ўласцівыя таксама формы асобы і ліку (напр. не развітаюся – 1 ас. адз.л., прыйшоў час – 3 ас. адз.л., мы вітаем – 1 ас. мн.л.).
Дзеясловамі загаднага ладу выражаецца пабуджэнне да выканання дзеяння. Пабуджэнне можа абазначаць загад, патрабаванне, прапанову, заклік, параду, просьбу і адносіцца не толькі да якой-небудзь асобы, але і да неадушаўлёных прадметаў, якія ўяўляюцца як адушаўлёныя (прыклады з мастацкай літаратуры: Сябры мае, жыццё будуйце, гадуйце весела малых, усмешак людзям не шкадуйце... Панч.; Не спі, краса мая, прыйдзі паслухаць песню салаўя. М.Т.; Няхай у ясным небе цішыня заўсёды цішынёю застаецца. Грах.).
Загаднаму ладу ўласцівая асаблівая інтанацыя. Ён вызначаецца экспрэсіўнасцю сваіх значэнняў.
Дзеясловы загаднага ладу звычайна ўжываюцца без асабовага займенніка. Наяўнасць асабовага займенніка перад загаднай формай узмацняе катэгарычнасць загаду, а пасля яе – змякчае загад (напр.: Дарог у свеце вельмі многа, а ты між іх сваю знайдзі. Няхай нялёгкая дарога, а ты ідзі, а ты ідзі. П.Бр.; Не рабі ты, брат, так ніколі. К-с).
Формы загаднага ладу з адмоўем не дзеясловаў незакончанага трывання пераважна выражаюць забарону (Не сячы сасны, бо пахіліцца, не муці ракі – вір уздымецца, не тапчы вясны – цвет асыплецца, не журы дачкі, бо пакрыўдзіцца. М.Т.), а закончанага трывання выражаюць перасцярогу (Калі ты ўбачыш човен каля весніц – не адгані яго, не адгані. Г.Бур.).
Загадны лад мае 5 форм: 2 і 3 асобы адзіночнага ліку ды 1, 2 і 3 асобы множнага ліку. Асноўнымі, найбольш ужывальнымі з’яўляюцца формы 2 асобы адзіночнага і множнага ліку. Яны ўтвараюцца:
- формы 2 асобы адзіночнага ліку: з канчаткамі -і, -ы – гэта найбольш шматлікая група (апрані, касі, кіпяці; гавары, калышы, пячы), аднаскладовыя дзеясловы маюць форму бі, лі, пі; з нулявым канчаткам – выступаюць дзеясловы на зычны (глянь, вячэрай, малюй, мый, рэж, сып);
- формы 2 асобы множнага ліку ўтвараюцца ад формы 2 асобы адзіночнага ліку шляхам далучэння да яе постфікса -це (ідзіце, крычыце, ліце, гляньце, мыйце, рэжце);
- формы 1 асобы множнага ліку называюцца часам формамі сумеснага дзеяння і выступаюць з канчаткамі -ем (-эм, -ам), -ім (-ым): адны з гэтых форм спецыфічныя для загаднага ладу (нясем, хадзем, збярэм), а другія супадаюць з формамі будучага простага часу абвеснага ладу (глянем, напішам, спынім, памаўчым); у паўднёва-заходніх гаворках ужываюцца формы з канчаткам -ма (гляньма, чытайма, хаваймася) і яны прысутныя ў мастацкай літаратуры (Ну, рэжма, Шурка, а то ты ўжо замёрз. Я.Б.; Яна [Глаша] непрыкметна адступілася на глыбейшае і тузанула за сабою маці: уцякайма, ратуймася! Луж.); могуць утварацца таксама апісальна з дапамогаю часціцы давай у спалучэнні з дзесловам у форме будучага часу ці інфінітыва (Давай удвух сустрэнем ранне сярод туманнай сівізны. Панч.; Давайце дзейнічаць! Шам.).
- формы 3 асобы адзіночнага і множнага ліку заўсёды аналітычныя: яны ўтвараюцца з дапамогай часціцы няхай (хай) у спалучэнні з дзеясловам цяперашняга ці будучага простага часу (Няхай танцуе, няхай весяліцца. Хадк.; Хай жа памяць гэтай крыўды навек застанецца! Куп.).
Формы загаднага ладу не ўтвараюцца звычайна ад безасабовых дзеясловаў і дзеясловаў, што характарызуюць дзеянні неадушаўлёных прадметаў (параўн.: кіпець, цячы, світаць і да т. п.).
Дзеясловамі ўмоўнага ладу абазначаюцца магчымыя ці пажаданыя дзеянні. Умоўны лад мае аналітычную форму. Ён выражаецца дзеясловам у форме прошлага часу і часціцай бы (б) (напр.: Прынёс бы ты мне кнігу. Хутчэй наступіла б вясна.).
Дзеясловы ўмоўнага ладу не змяняюцца ў часе, не маюць формы асобы (але гэтая форма можа выражацца аналітычнымі сродкамі), характарызуюцца катэгорыямі роду, ліку, трывання і абазначаюць ірэальныя дзеянні, якія магчымыя толькі пры пэўных варунках.
Умоўны лад мае некалькі значэнняў:
- найчасцей выражае магчымае дзеянне, ажыццяўленне якога залежыць ад іншага дзеяння ці абставін (Не пісаў бы, не складаў бы я вас, думы-песні, каб не вецер шызакрылы, вецер напрадвесні. М.Т.);
- выражэнне ўмовы можа вынікаць з кантэксту ці з папярэдніх сказаў (Нешта здарылася з Анісімам. І здарылася нядобрае. Іначай ён ужо вярнуўся б. Сач.);
- у складаназалежных сказах можа абазначаць розную ступень праяўлення дзеяння (Куды б цябе ні завяла далёкая дарога, не забывай ніколі ты бацькоўскага парога. П.Бр.);
- выражае таксама дзеянне са значэннем меркавання (Мы, змораныя, ля сасны зрабілі б свой прывал, ды лыжаў след, як дзве струны, пралёг праз перавал. М.Т.);
- перадае значэнне пажаданасці дзеяння (Хутчэй бы твой дзядзька вуллі купляў! Я.Б.).
Формам катэгорыі ладу ўласцівыя транспазіцыі, г. зн. ужыванні дзеясловаў аднаго ладу ў значэнні другога (параўн.: Сёння пойдзеш на дзяжурства ты; А ён вазьмі, ды і зрабі гэту працу – дзеясловы абвеснага і загаднага ладу ўжываюцца адпаведна ў значэнні загаднага і абвеснага ладу).
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская