Міністэрства культуры правядзе праверку, ці ў фешэнебельным гатэлі ў Парыжы не знаходзяцца падсвечнікі, украдзеныя немцамі падчас вайны ў Польшчы – чытаем у выданні Rzeczpospolita. Старшыня фундацыі Communi Hereditate Марыюш Пілюс (Mariusz Pilus) здаўна займаецца пошукам страчаных мастацкіх твораў. Ён заўважыў у парыжскім гатэлі Ritz насценныя падсвечнікі, якія маглі быць вывезеныя з Палацу на вадзе, які знаходзіцца ў парку Каралеўскія лазенкі ў Варшаве. Меркаваннем Пілюса, яны маглі быць зрабаваныя немцамі падчас вайны, а пазней трапіць на аўкцыён за мяжой. Рынкавая цана мастацкіх твораў можа складаць мільёны злотых.
Марыюш Пілюс адзначае, што пара падсвечнікаў магла быць прададзеная на аўкцыёне Christie's у 2014 годзе. Калекцыянер ужо раней знаходзіў мастацкія творы, вывезеныя з Польшчы. Дадзеныя падсвечнікі, гэтак званыя аплікі, дэкарыравалі Залу баляў Палацу на вадзе. У часы панавання цара Мікалая І яны атрымалі спецыяльныя знакі, па якіх можна іх распазнаць – пад каронай былі выгравіраваныя літары М (ад імя Мікалай) і Ł (Łazienki).
У часы вайны палац быў абакрадзены. Эсэсаўцы вывезлі ў Аўстрыю мастацкія творы з Нацыянальнага музею ў Варшаве, дзе немцы зладзілі склад украдзеных шэдэўраў. Выпадкова натрапіў на іх Богдан Урбановіч (Bohdan Urbanowicz), які ў 1945 годзе выйшаў з лагера для ваеннапалонных. Кінутыя мастацкія творы рабавалі аўстрыйцы, але таксама амерыканскія салдаты. Дзякуючы старанням Урбановіча ў Варшаву вярнулася 12 вагонаў з украдзенымі творамі мастацтва.
Прэс-сакратар міністэрства культуры Анна Боцян (Anna Bocian) завярае, што ведамства праводзіць праверку па ўсіх атрыманых паведамленнях аб знойдзеных мастацкіх творах, зрабаваных падчас вайны. Так будзе і на гэты раз – будзе праверана, ці падсвечнікі ў парыжскім гатэлі сапраўды належаць Польшчы.
Уладальнік гатэлю Ritz – арабскі мільярдэр Махамед Аль-Фаед (араб. محمد الفايد). Нядаўна закончыўся рамонт прэстыжнага аб’екту.
нг