Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: выклічнікі і гукапераймальныя словы

10.06.2020 11:26
Выклічнік – часціна мовы, якая выражае пачуцці і волевыяўленні чалавека, але не называе іх, а гукапераймальныя словы імітуюць разнастайныя гукі жывой і нежывой прыроды.  
Аўдыё
  • Выклічнікі і гукапераймальныя словы
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Выклічнік – часціна мовы, якая выражае пачуцці і волевыяўленні чалавека, але не называе іх, напр. Эх, луг шырокі! К-с. Стоп, Грыша, пачакай хвіліначку! Хадк. У разрад выклічнікаў адносяцца нязменныя словы, якія непасрэдна выражаюць розныя эмоцыі, пачуцці, пабуджэнні, заклікі і г.д.

Выклічнікі не ўваходзяць у сінтаксічную структуру сказа, але звязаны з яго зместам, выдзяляюцца на пісьме знакамі прыпынку, маюць адметную, залежную ад сітуацыі маўлення інтанацыю і экспрэсію. Выклічнікі выкарыстоўваюцца ў вуснай мове, таму інтанацыя мае для іх важнае значэнне: адценні ў тэмбры, адрозненні ў даўжыні і шырыні галосных гукаў служаць для выражэння розных эмоцый, напр.: Эх, прастор, раздолле! – захапленне, радасць. Эх, мая ты доля! – незадавальненне. У вуснай мове інтанацыя вельмі часта суправаджаецца мімікай, жэстамі.   

Паводле паходжання выклічнікі падзяляюцца на:

  • невытворныя – гэта словы, якія сваім паходжаннем не звязаны з іншымі часцінамі мовы; яны складаюцца з аднаго гука або спалучэння гукаў (тыпу а! о! ай! ах!ого! ух!; а-я-яй! о-го-го! ха-ха-ха! цып-цып-цып!)
  • і вытворныя – гэта словы, што суадносяцца з лексемамі знамянальных часцін мовы ў выніку страты імі лексічнага значэння, намінатыўнай функцыі;

- у выклічнікі перайшлі некаторыя назоўнікі (бацюхны! матухна! божа! чорт! жах!), дзеясловы (будзе! бывай! дзякуй! падумаеш!), прыслоўі (годзе! досыць!), займеннікі (о-то-то!), спалучэнні слоў з розных часцін мовы (вось табе на! дабранач! < добрай ночы! дабрыдзень < добры дзень!)

- частка выклічнікаў запазычаная з іншых моў (алё! стоп! – з англійскай, брава! – з італьянскай! марш! – з французскай, гайда! каравул! – з цюркскіх).

Паводле семантыкі выклічнікі падзяляюцца на:

  • эмацыянальныя – выражаюць розныя пачуцці і эмацыянальную ацэнку з’яў рэчаіснасці; гэта могуць быць:
  • прыемныя пачуцці і станоўчая ацэнка (радасць, захапленне, задавальненне, напр: ах!ох! о!у!: Ах, як цудоўна навокал! Лыньк.);  
  • непрыемныя пачуцці і адмоўнае стаўленне да фактаў рэчаіснасці (гора, смутак, туга, злосць, асуджэнне, пагроза, напр.: ой! ах!фу! жах!: Ой, час цяжкі! К-с. );
  • роздум, меркаванне, здагадка (гм! о! э!: Гм! Вось дзе ты!Лыньк.);
  • пацвярджэнне думкі (Выйграў, далібог, выйграў!)
  • волевыяўленчыя, пабуджальныя выклічнікі – выражаюць валявыя імкненні і намеры таго, хто гаворыць:
  • загад спыніць ці пачынаць дзеянне (стоп! марш! гайда! но!: Стоп! Больш не круці, праверым, як свідруе. Пташн.);
  • заклік, запрашэнне, зварот (гэй! э-э! алё!: Гэй, хадзіце сюды!);
  • падкліканне ці адгон жывёл, птушак (кось-кось-кось! кыш! псік!)
  • выклічнікі моўнага этыкету – служаць для выражэння прывітання ці развітання, просьбы, падзякі, ветлівага звароту (напр.: добры дзень! здароў! бывайце! дзякуй! калі ласка!: Бывайце, родныя прасторы! Гіл.).

Выклічнікі могуць субстантывавацца, пераходзіць у часціцы, служыць базай для ўтварэння дзеясловаў з дапамогай адпаведных афіксаў (напр.: ахаць, охаць, нукаць, ойкаць).

Да выклічнікаў набліжаюцца гукапераймальныя словы, якімі імітуюцца разнастайныя гукі жывой і нежывой прыроды (напр.: гаў-гаў! ква-ква! ку-ку! бум-бум! дзын-дзын! і да т.п.). Часцей за ўсё гукаперайманні перадаюцца на пісьме паўторамі, у якіх умоўна і прыблізна адлюстроўваецца падабенства гукаў, суадносных са словамі.

Гукапераймальныя словы могуць субстантывавацца, ужывацца ў ролі практычна як любога члена сказа, так і самога сказа, служаць словаўтваральнай асновай для ўзнікнення дзеясловаў (напр.: татакаць, мяўкаць і інш.).

У некаторых граматычных апісаннях беларускай мовы  гукапераймальныя словы разглядаюцца як асобны разрад выклічнікаў. Аднак гукапераймальныя словы падобныя да выклічнікаў толькі гукавой абалонкай, яны не выражаюць пачуццяў і волевыяўлення асюбы, таму не могуць быць аднесены да гэтай часціны мовы.

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак