Сёння я вяртаюся да творчасці маладой польскай пясняркі Наталлі Ныкель (Natalia Nykiel), якая ўсё вышэй уздымаецца на музычны Алімп.
Наталля нарадзілася ў 1995 годзе ў мясцовасці Мрангова, так што можна яе аднесці да зусім маладых выканаўцаў, але дасягнула яна ўжо нямала. Наталля паспела запісаць і выдаць дзве сольныя кружэлкі і заняць першае месца ў музычным тэлешоу Голас Польшчы (The voice of Poland). Песні ўжо з першага кампакт-дыску музыканткі сталі вялікімі хітамі, кампакты атрымалі званне плацінавай і залатой кружэлкі, а таксама заваявала яна некалькі прэстыжных музычных узнагарод, у прыватнасці, Фрыдэрык. Намінацыю на гэтую важную для польскіх музыкантаў узнагароду Ныкель атрымала ў студзені 2019 года за відэаролік да песні «Łuny» у катэгорыі ролік года. Аднак, відаць, музычная кар’ера – гэта не самае галоўнае для Наталлі. У верасні 2019 года яна аб’явіла, што цягам нейкага часу не будзе выступаць на сцэне, паколькі едзе вучыцца за мяжу. Тым не менш, зусім не перастала пісаць і выдаваць свае музычныя кампазіцыі, а нават запісвае ангельскія версіі сваіх песняў.
Дарэчы, тая песня, якую я вам сёння прапаную, гэта таксама перароблены тэкст для Наталлі, дадзеная песня была запісана іншым гуртом, які называецца «W wyjątkowych okolicznościach» – «У выключных абставінах», скарочана – WWO. Гэта гурт, заснаваны пад канец мінулага стагоддзя, музыкі выконваюць музыку ў стылі гіп-гоп. Вельмі цікавыя тэксты, але ў іх настолькі шмат нецэнзурнай лексікі, што цяжка знайсці прыстойны тэкст без лаянкі. Але вось версія для Наталлі Ныкель свабодная ад такіх слоў. Называецца песня «Я магу ўсё».
Mogę przeżyć życie będąc na jego szczycie
Dostawać śniadania do łóżka i całusa w policzek
Mogę mieć świat u stóp, ja to wiem
Mogę mieć takie życie jakie inni mają sen
Mogę pojechać hen i właśnie tam znaleźć szczęście
Mogę być szczęśliwa tu mając proste zajęcie
Mogę zdobyć fortunę i komuś ją zostawić
Mogę kochać tak mocno, że wszystko inne to nic
Mogę wszystko
Mogę wszystko
Mogę! Mogę!
Tylko cięgi i flotę mogę widzieć jako sens
Zabić w sobie uczucia, być najsurowszym z mięs
Mogę popełnić błąd i wszystko stracić od ręki
Może już go zrobiłam myśląc, że był niewielki
Mogę wszystko Mogę wszystko
Pośród pustych twarzy, przekreślając lepszy czas
Mając za nic drogowskazy, nie chcąc żadnych bagaży
Я магу пражыць жыццё, будучы на яго піку. Атрымліваць снеданне ў ложак і бузьку ў шчаку. Я магу мець свет у сваіх ступняў, я гэта ведаю. Я магу мець такое жыццё, якое іншым толькі сніцца. Магу паехаць далёка і менавіта там знайсці шчасце. Я магу быць шчаслівай тут, маючы просты занятак. Магу здабыць багацце і камусьці яго пакінуць. Я магу кахаць так моцна, што ўсё іншае – гэта нічога.
Я магу ўсё! Магу ўсё! Магу!
Толькі кулак і бабло я магу бачыць як сэнс. Забіць у сабе пачуцці, быць самым суровым мясам. Магу здзейсніць памылку і ўсё страціць у адно імгненне. Магчыма, я ўжо гэта зрабіла, думаючы, што памылка была невялікай.
Я магу ўсё! Магу ўсё! Магу!
Сярод пустых твараў, перакрэсліваючы лепшыя часы, не звяртаючы ўвагі на ўказальнікі, не жадаючы мець ніякага багажу.
Być na szczycie – быць на самай вышыні, на піку (напрыклад, славы).
Całus w policzek – пацалунак у шчаку. Całus – гэта такі невялічкі пацалунак – цмокнуць кагосьці ў шчочку, таксама на польскай мове гавораць buziak, а на гутарковай мове ў заходняй частцы Беларусі – бузька.
Pojechać hen – паехаць далёка-далёка. Hen daleko – значыць, кудысьці вельмі далёка, у неакрэсленым напрамку, да канца невядома, куды.
Zdobyć fortunę – здабыць багацце. Фартуна – гэта вялікія грошы, якія прыходзяць нечакана, неспадзяванае багацце, якое ўпала амаль што з неба. Таксама фартуна – гэта шанцаванне, у гэтым значэнні выраз ужываецца і на беларускай мове.
Tylko cięgi i flotę – толькі кулак і бабло. Cięgi – жаргонны выраз, які азначае фізічнае збіванне або вельмі жорсткую крытыку кагосьці. Flota – гэта як флот, флатылія, так і ў пераносным значэнні «грошы».
Stracić od ręki – згубіць нечакана, у адзін момант.
Żadnych bagaży – ніякага багажу. Па-беларуску слова багаж хутчэй ужываецца ў адзіночным ліку, а па-польску можна свабодна казаць як bagaż, так і bagaże – багажы.
нг