Беларуская Служба

90 гадоў таму нарадзіўся Юзэф Цішнер

12.03.2021 11:01
Ён быў адным з самых крэатыўных сучасных польскіх мысляроў.
Tegoroczne Dni Tischnerowskie obrały za temat Wolność (na zdjęciu fragment plakatu promującego wydarzenie)
Tegoroczne Dni Tischnerowskie obrały za temat "Wolność” (na zdjęciu fragment plakatu promującego wydarzenie) mat. prom.

90 гадоў таму, 12 сакавіка 1931 году, нарадзіўся польскі святар Юзэф Цішнер, філосаф і тэолаг, каталіцкі эсэіст, аўтар кніг «Свет чалавечай надзеі», «Няшчасны дар свабоды» і «Гісторыя філасофіі горца». Ён быў адным з самых крэатыўных сучасных польскіх мысляроў. Кавалер ордэна Белага Арла. Памёр у 2000 годзе.

З 1970-х гадоў айцец Цішнер быў вядомай фігурай у інтэлектуальным жыцці Польшчы. Ён публікаваў у выданні «Tygodnik Powszechny», выкладаў у Папскай тэалагічнай акадэміі (цяпер Папскі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ у Кракаве) і Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школе імя Людвіка Сольскага ў Кракаве (у цяперашні час Акадэмія тэатральнага мастацтва імя Станіслава Выспянскага), дзе чытаў лекцыі па філасофіі драмы. Ён быў заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком Інстытута гуманітарных навук у Вене. У 1980-х ён супрацоўнічаў з «Салідарнасцю» і быў прызнаны адным з яе капеланаў.

Айцец Цішнер паўтараў, што чалавечнасць – гэта аснова ўсіх іншых функцый, якія чалавек выконвае. Адной з ключавых катэгорый у філасофіі чалавека, якую ён выкладаў, была «сустрэча» з іншым чалавекам: адносіны з ім, адкрытасць да яго і адказнасць за яго.

Яшчэ адной цэнтральнай канцэпцыяй у філасофіі Юзэфа Цішнера была надзея, якая, як ён казаў, заахвочвае чалавека да жыцця і выклікае роздум:

-Ёсць дзве магчымасці: надзею мае той, перад кім адкрываецца будучыня. Ці надзею мае той, хто мае кагосці, хто яму надзею даў. Калі выбухнала ваеннае становішча і паўсюль была пустата, праз два-тры дні нейкім дзіўным цудам у Кракаве паявіўся мой сябра з Аўстрыі, які прыйшоў толькі для таго, каб пабачыць, што са мной сталася. Тады я заўважыў, што ў мяне ўзмацнілася надзея.

Апроч філасофскіх пытанняў, Юзэф Цішнер таксама спрабаваў усяліць надзею як святар:

-Чалавек трапляе ў роспач таксама тады, калі губляе пачуццё ўласнай вартасці. І надзея, між іншым, з'яўляецца сілай, якая ў чалавеку пачуццё ўласнай вартасці ўтрымлівае.

Айцец Цішнер казаў пра сябе: «Часам я смяюся, што я спачатку чалавек, потым філосаф, потым доўгі-доўгі час ніхто і толькі потым святар». Войцех Бановіч, паэт, журналіст і аўтар біяграфіі айца Цішнера, заявіў у эфіры Польскага радыё, што менавіта таму, што Юзаф Цішнер быў святаром, яго філасофія была настолькі блізкая людзям:

-Магчыма, калі б ён не быў святаром, то гэтая філасофія выглядала б крыху інакш. Ён закрыўся б у бібліятэках і разважаў ідэю існавання. Але ён не быў бы прымушаны стала супастаўляць гэтыя ідэі з жыццём. Як душпастыр, які прымае людзей, спавядае, ён быў тым, хто павінен быў сваю мудрасць выстаўляць на выпрабаванні.

Кнігі айца Цішнера былі ўспрыняты з энтузіязмам, і некалькі з іх сталі бэстсэлерамі, у тым ліку «Свет чалавечай надзеі», «Этыка салідарнасці» і «Мысленне паводле каштоўнасцяў». Публікацыя «Цішнер чытае катэхізіс» (1996 год) была вельмі паспяховай. Праз некалькі гадоў пасля смерці аўтара яна была перанесена на тэатральную сцэну і знята на відэа.

Айцец Юзэф Цішнер меў унікальны дар даступнага тлумачэння розных паняццяў, захоўваючы пры гэтым глыбіню сваіх думак. У эфіры Польскага радыё ён сказаў, адкуль бярэцца меланхолія:

-Меланхолія з’яўляецца нечым на кшталт хваробы волі. Ахоплены гэтай хваробай, ці грахом чалавек хоче не хацець. Воля выракаецца самой сябе, паддаецца настроям. Гэтыя настроі звязваюць яе з мінулым.

Айцец Юзэф Цішнер атрымаў ступень доктара філасофіі ў 1963 годзе пад кіраўніцтвам Рамана Інгардэна, школа якога была адной з самых крэатыўных філасофскіх школ у Польшчы. Тады ён прыняў прынцып, паводле якога можна шукаць праўду, апісваючы свет:

-Марксісты, як вядома, хацелі мяняць свет. Яны стала думалі, дзе зрабіць пераварот, правесці рэвалюцыю. Католікі думалі пра прычыны: як так сталася. У сваю чаргу Інгардэн не тлумачыў прычын, не хацеў мяняць, а звычайна апісваў. Ён прымушаў наш розум да таго, каб гэты свет прыгожа і дакладна апісаць.

Айцец Цішнер быў лаўрэатам шматлікіх узнагарод, у тым ліку прэміі фонду Альфрэда Юржыкоўскага, фонду імя Стэфана Кісялеўскага, а таксама Залаты мікрафон Польскага радыё. У 1999 годзе ён атрымаў вышэйшае польскае ўзнагароджанне – ордэн Белага Арла.

З 2001 году ў Кракаве арганізуюцца Дні Цішнера з мэтай папулярызацыі дасягненняў філосафа. Прэмію імя святара Юзафа Цішнера прызнае часопіс і выдавецтва «Знак» за літаратурную працу, а таксама за душпастырскія і грамадскія ініцыятывы. З 2003 году таксама працуе Кракаўскі інстытут думак Юзэфа Цішнера, які займаецца стварэннем дружалюбнай прасторы для дыялогу для людзей розных поглядаў, блізкіх да думкі патрона ўстановы.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры