Беларуская Служба

Беларускай бібліятэцы ў Лондане спаўняецца 50 гадоў

14.05.2021 14:13
Гэта ўнікальны архіў, між іншым, беларускай літаратуры і перыёдыкі беларускай дыяспары цэлага свету.
Аўдыё
  • Беларускай бібліятэцы ў Лондане спаўняецца 50 гадоў
     50
Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане спаўняецца 50 гадоўФота: Яраслаў Крывой

15 траўня спаўняецца 50 гадоў ад афіцыйнага адкрыцця ўнікальнага месца – Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане. Гэта культурніцкі асяродак, які выконвае шмат іншых функцый. Вядзе выдавецкую дзейнасць, ладзіць навуковыя і культурніцкія сустрэчы. Яшчэ ў 1979 бібліятэка атрымала статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы».

Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх уніяцкіх святароў Чэслава Сіповіча і Льва Гарошкі, якія пераехалі ў Вялікабрытанію пасля Другой сусветнай вайны і апекаваліся духоўнымі патрэбамі беларусаў у Вялікабрытаніі. Бібліятэка таксама з’яўляецца велізарнай заслугай айца Аляксандра Надсана, які памёр у 2015 годзе, расказвае член Бібліятэчнай рады Яраслаў Крывой.

-Гэта яны ўнеслі найбольшы ўнёсак у развіццё бібліятэкі. Акрамя таго, шэраг навукоўцаў беларускага і замежнага паходжання, напрыклад, брытанскага, таксама бралі актыўны ўдзел у развіцці бібліятэкі. Але тых людзей, якія памятаюць заснаванне бібліятэкі, засталося не так шмат.

Беларуская бібліятэка і музей Скарыны з’яўляюцца ўнікальнай установай, якая захоўвае самую багатую калекцыю кніг, архіваў і перыядычных выданняў пра Беларусь, выдадзеных за яе межамі.

У Бібліятэцы ёсць каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка, Ядвігіна Ш. і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў аўтографы Я. Коласа, Я. Купалы (паэма «Курган»), 24 старабеларускамоўныя дакументы 1499–1682. Асобна зберагаюцца архівы Пінскага праваслаўнага духоўнага праўлення (каля тысячы дакументаў), кампазітара М. Куліковіча-Шчаглова, калекцыя старых карт. У музейных пакоях экспануюцца ўзоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, 2 слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ і многае іншае. (Вікіпедыя)

Член Бібліятэчнай рады Яраслаў Крывой кажа, што зборы Бібліятэкі стала працягваюць павялічвацца. Папаўняюцца перыёдыка, збіраюцца архівы аўтараў і выдавецтваў. Аднак, самымі каштоўнымі з’яўляюцца кнігі і архівы, якія захоўваліся ў бібліятэцы яшчэ да развалу Савецкага Саюзу.

-Беларуская дыяспара не толькі з Вялікабрытаніі, але і іншых краін свету ахвяроўвала кнігі і свае архівы. І менавіта захаваннем іх Бібліятэка займаецца ў першую чаргу.

Мовазнаўца, габілітаваны прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Ніна Баршчэўская расказала, што дзякуючы працы ў беларускай бібліятэцы ў Лондане яна даведалася, як у савецкі час мяняўся правапіс з тарашкевіцы на наркамаўку. Прафесар Баршчэўская адзначае, што для навукоўцаў Скарынаўская бібліятэка ў Лондане – гэта вельмі важная крыніца архіўных матэрыялаў. Для яе праца ў бібліятэцы пранесла важныя адкрыцці:

-Па-першае, у бібліятэцы вельмі вялікі кнігазбор не толькі літаратуры, якая выдавалася ў эміграцыі, да якой у нашых краінах не было доступу, але і ўся літаратура, якая выдавалася ў Беларусі. Гэта літаратура класікаў беларускай мовы. Я была пад вялікім уражаннем агромністай перыёдыкі, якая там захоўваецца. Толькі там быў доступ менавіта да міграцыйнай перыёдыкі.

У Скарынаўскай бібліятэцы таксама захоўваюцца рукапісы. Айцец Аляксандр Надсан паказаў мне праўкі, якія ўводзіліся. І можна прасачыць, як у савецкі час мяняўся не толькі правапіс – пераход з тарашкевіцы на наркамаўку, але таксама як мяняліся некаторыя словы, некаторыя строфы. Гэта было для мяне адкрыццём. Бібліятэка, з аднаго боку, паказала мне якія некарысныя змены, а нават можна сказаць фальсіфікацыі ў літаратуры ўводзіліся ў савецкай Беларусі, з другога паказала агромністую беларускую спадчыну, якая паявілася дзякуючы карпатлівай працы прадстаўнікоў беларускай эміграцыі.

Афіцыйнае адкрыццё Бібліятэкі ў асобным будынку адбылося 15 мая 1971. 50-гадовы юбілей будзе адзначацца віртуальным круглым сталом. У бліжэйшую суботу да мерапрыемства можа далучыцца кожны – гаворыць Яраслаў Крывой.

- Гэта бясплатная падзея, яе можна знайсці, напрыклад, на старонцы бібліятэкі на Фэйсбуку. На сустрэчы збяруцца тыя, хто памятае людзей, якія стаялі ля вытокаў бібліятэкі, апекуны ўстановы, навукоўцы з розных куткоў свету. Яны абмяркуюць ролю, планы, развіццё бібліятэкі. Будуць падведзены вынікі зробленага, пераасэнсаванне ролі бібліятэкі.

У цяперашні час ствараецца каталог усіх кнігаў, якія ёсць у Бібліятэцы. Ідзе архівацыя інтэрнэт-сайтаў беларускай дыяспары і праца над новай версіяй сайту ўстановы.


ав