Беларуская Служба

Вядомы лекар у рэкламе ў сацсетках нешта раіць? Будзьце асцярожны, гэта можа быць дыпфэйк

22.04.2025 15:27
«Пацыент пазваніў, каб спытаць, ці сапраўды я здымаўся ў рэкламе. Вядома, я сказаў, што не, але зацікавіўся справай».
ДыпфэйкShutterstock/Rifrazione_foto

Прафесар Ежы Шафлік (Jerzy Saflik) — яшчэ адзін вядомы доктар, словы якога незаконна выкарысталі махляры дзякуючы тэхніцы дыпфэйку для рэкламы невядомага яму прадукту, чытаем у выданні Rzeczpospolita. Лекар ніколі не рэкамендаваў гэтага лякарства сваім пацыентам.

«Я даведаўся, што маю тоеснасць скралі, ад пацыента, які пазваніў, каб спытаць, ці сапраўды я здымаўся ў рэкламе. Вядома, я сказаў, што не, але зацікавіўся справай», — сказаў праф. Ежы Шафлік, вядомы афтальмолаг і спецыяліст па лячэнні захворванняў вачэй.

Газета паведаміла, што імідж прафесара, яго аўтарытэт выкарысталі ў ілжывай рэкламе і змантаваных відэароліках, у якіх ён нібыта заклікаў людзей прымаць канкрэтны прэпарат. На думку лекара, гэта «падступнае і подлае махлярства, якое можа паставіць пад пагрозу здароўе пацыентаў», калі яны перастануць прымаць прапісаныя ім спецыялістам лякарствы.

У выпадку з прафесарам былі выкарыстаны відэаматэрыялы з рэальных інтэрв'ю, праведзеных з ім, змантаваныя ў адзін фільм — з выкарыстаннем анімацыі і гуку. Гэта класічны дыпфэйк — зроблены дзякуючы штучнаму інтэлекту.

Гэта далёка не першы выпадак, калі вядомага эксперта без яго ведаў незаконна выкарыстоўваюць у фальшывай рэкламе. Падобнае здарылася з іншымі лекарамі, між іншым, доктарам Міхалам Суткоўскім. Яго адвакат Ян Дудзік кажа, што была ўнесена скарга ў суд, але ён спыніў расследаванне, паколькі не ўдалося знайсці аўтараў фальшывых рэклам.

нг