Беларуская Служба

Цана золата б’е рэкорды. Каштоўны метал можа каштаваць нават 3,5 тысяч долараў за ўнцыю

22.04.2025 17:06
Золата лічыцца найлепшым капіталаўкладаннем у цяжкія часы.
 .
Золата даражэе.Фота: Shutterstock/Aleksandar Grozdanovski

Золата можа каштаваць 3500 долараў ЗША за ўнцыю – паведамляе Forsal.pl. Пагрозы Трампа, якія падрываюць незалежнасць Федэральнай рэзервовай сістэмы, а таксама яго мытныя тарыфы аслабілі давер інвестараў да амерыканскай эканомікі. У выніку гэтай хаатычнай палітыкі рэзка падаражала золата, якое лічыцца найлепшым капіталаўкладаннем у цяжкія часы.

Ф'ючарсныя кантракты на золата выраслі на 2,91%, дасягнуўшы ўзроўню 3425,3 долараў ЗША за ўнцыю, паведамляе CNBC. Інвестары куплялі гэты каштоўны метал на фоне таго, што курс долара апусціўся да мінімуму за апошнія тры гады. Рост золата працягваецца з першага дня другога прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа. CNBC нагадвае, што з пачатку года золата падаражэла прыкладна на 30%, і каля 8% – з таго моманту, як Трамп абвясціў пра сваю радыкальную мытную палітыку 2 красавіка.

CNBC нагадвае, што прэзідэнт таксама падрывае незалежнасць Федэральнай рэзервовай сістэмы. У панядзелак ён узмацніў ціск на яе кіраўніка Джэрома Паўэла (Jerome Hayden Powell), назваўшы яго «вялікім лузерам» і запатрабаваў, каб Цэнтральны банк неадкладна знізіў працэнтныя стаўкі. Тым часам кіраўнік банка папярэдзіў, што ў бліжэйшай будучыні тарыфы Трампа, хутчэй за ўсё, павысяць інфляцыю.

Золата даражэе, бо давер да эканомікі ЗША падае, а цэнтральныя банкі скупаюць гэты каштоўны метал. Як прагназуе Citi, на працягу наступных трох месяцаў кошт золата можа дасягнуць узроўню 3500 долараў ЗША, паколькі інвестыцыйны попыт значна перавышае прапанову.

нг