Калекцыя 93 арыгінальных сталёвых грампласцінак з прамовамі, у тым ліку Стэфана Стажыньскага і Юзэфа Бэка, запісаная на Польскім радыё ў верасні 1939 года, была ўнесена ў Нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». У гэты прэстыжны спіс упершыню трапілі гукавыя матэрыялы.
Гукарэжысёр аддзела вытворчасці, захавання і алічбоўкі архіва Польскага радыё Стэфан Кручкоўскі падкрэслівае, што гэта толькі невялікая частка даваеннай калекцыі запісаў Польскага радыё:
-Да верасня 1939 году напрацоўкі Польскага радыё складалі 9200 запісаных кружэлак. З іх да сёння захаваліся толькі 90. Гэта запісы выключна з верасня 1939 году. Іх гісторыя – дастаткова сенсацыйная, таму што на працягу 40 гадоў пасля вайны афіцыйна кружэлкі лічыліся зніклымі.
Калекцыя 93 знойдзеных дыскаў – гэта толькі частка запісаў, вынесеных супрацоўнікамі Польскага радыё і схаваных у прыватных дамах.
-Калі было вядома, што немцы ўвойдуць у будынак радыё пасля капітуляцыі Варшавы адзіным сэнсоўным выйсцем, каб захаваць калекцыю, было тое, каб прыватныя асобы яе забралі і захавалі на час акупацыі. Калекцыі з 1939 году была падзеленыя на тры часткі.
Пасля вайны кантакты з месцамі і людзьмі, дзе захоўваліся матэрыялы верасня 1939 г., былі страчаны. Лічылася, што яны назаўжды зніклі. Аднак, праз 40 гадоў частка калекцыі – 93 запісы – была вернутая Польскаму радыё. Гэта, у тым ліку, выступленні мэра ваеннай Варшавы Стэфана Стажыньскага, міністра замежных спраў Юзэфа Бэка, палкоўнікаў Вацлава Ліпіньскага і Рамана Умястоўскага, а таксама паведамленні амерыканскіх і англійскіх карэспандэнтаў з ваеннай сталіцы. Ёсць таксама паведамленні жыхарам Варшавы, якія чытаў Ерэмі Пшыбора.
Старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска гаворыць, што рашэнне ўнесці запісы ў Нацыянальны спіс ЮНЕСКА азначае ацэнку важнасці Польскага радыё ў стварэнні супольнасці і гістарычнай памяці:
-Гэта тым больш важна, паколькі ў тыя часы часта гісторыю скажалі. Польскае радыё, дзякуючы спадчыне, якая ўнесена ў прэстыжны спіс, з’яўляецца фактаграфічным запісам гісторыі.
Дырэктар архіва Польскага радыё Эльжбета Берус-Тамашэўская мяркуе, што калекцыя 93 арыгінальных сталёвых грампласцінак з запісамі верасня 1939 года мае вялікую гістарычную каштоўнасць. Яна падкрэслівае, што падчас вайны роля радыё была надзвычай важная.
-Радыё рыхтавала паведамленні аб набліжэнні бамбардзіроўкі. Ніякім іншым спосабам нельга было так хутка паінфармаваць мірных жыхароў. У радыё прыходзілі важныя асобы – мэр Стажыньскі, міністр замежных спраў Бэк, прамаўляў Умястоўскі. Роля радыё падкрэсленая дзякуючы запісам, якія захаваліся.
Эльжбета Берус-Тамашэўская адзначае, што ў 1930-я гады Польскае радыё было адзіным у краіне, якое запісвала выступленні палітычных, ваенных і грамадскіх лідараў. Праграма «Памяць свету» была распачата ЮНЕСКА ў 1992 годзе. Яго мэта – увекавечыць значэнне шматвяковай дакументальнай спадчыны чалавецтва. Праграма звяртае ўвагу грамадскасці на неабходнасць абароны дакументаў асаблівай гістарычнай значнасці, якія з'яўляюцца сведчаннем культуры і цывілізацыі.
У выніку працы Польскага камітэта праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету» ў 2014 годзе быў створаны Польскі нацыянальны спіс праграмы. У гэтым годзе камітэт, які складаецца з прадстаўнікоў найбуйнейшых польскіх бібліятэк, архіваў і навуковых колаў пад старшынствам генеральнага дырэктара Дзяржаўнага архіва Паўла Петшыка, у чацвёрты раз адабраў унікальныя прадметы, якія 10 чэрвеня будуць афіцыйна адзначаныя і трапяць у Польскі спіс праграмы ЮНЕСКА.
Напярэдадні, 9 чэрвеня, перад Міністэрствам культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту ў Варшаве будзе адкрыта выстава пад адкрытым небам, якая прадставіць, сярод іншага, фотаздымкі калекцыі Польскага радыё. Выстава будзе даступная для жыхароў Варшавы і турыстаў перад будынкам галерэі Нацыянальнага цэнтра культуры «Кардэгарда» да 30 чэрвеня 2021 года.
ав