Яна падвяла вынікі сваёй працы, расказала пра зрэалізаваныя праекты, акрэсліла планы развіцця, адказала на пытанні творцаў.
Канферэнцыя «Коды прысутнасці: робім культуру сёння» была маштабнай і аб'ёмнай па колькасці прадстаўленай інфармацыі. Беларуская Рада культуры нагадала пра свае пачаткі, а ўзнікла яна ў кастрычніку 2020 году пасля выбараў, пачынаючы як Цэнтр культурнай салідарнасці. Рада дагэтуль робіць шматлікія намаганні, каб захаваць рэсурсы, каб беларуская культура не знікла. Агулам яна паўдзельнічала ў 500 кейсах дапамогі, падтрымала больш за 80 праектаў, дапамагала шукаць працу творцам. Іншым напрамкам дзейнасці была прамоцыя беларускай культуры.
Людзі культуры пасля выбараў падвергліся маштабнаму ціску, які працягваецца дагэтуль. Беларуская Рада культуры не спыніць сваёй дзейнасці і будзе далей дапамагаць прасоўваць беларускую культуру за межамі, але і ў самой Беларусі.
Сяргей Будкін адзначыў, што ў будучыні бачыць Раду як моцны грамадскі інстытут, які стане трайным цэнтрам прыцягнення: рэсурсным цэнтрам беларускай культуры, інстытутам прамоцыі культуры, пляцоўкай камунікацыі, якая можа пераўтварыцца ў культурніцкі Сойм.
-Рэсурсны цэнтр – гэта самае важнае. Нашая галоўная мэта – захаваць і паспрыяць развіццю творчага патэнцыялу нацыі, назапасіць рэсурсы для развіцця беларускай культуры, каб адбудаваць жывую крэатыўную прастору. Другая мэта – гэта Сойм. Яго задача – абʼяднаць культурніцкія супольнасці для таго, каб вызначыць культурніцкую палітыку і праектаваць рэформы. І трэцяе – Інстытут прамоцыі культуры ў Беларусі і за мяжой. Тут нашая мэта – лабаваць культуру як такую, з другога боку – ладзіць глабальную прамоцыю беларускай культуры.
Рада будзе падтрымліваць праекты як за межамі, так і ў Беларусі – падкрэсліў Алекс Чахоўскі.
-Мы разумеем, што вельмі складана рэалізоўваць якія-колечы праекты ў Беларусі. Давайце разам з вамі шукаць шляхі іх рэалізацыі. Мы б хацелі, каб праекты ў Беларусі ўсё ж рэалізоўваліся ў выглядзе, які магчымы.
Рэжысёр і актор «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, гаворачы пра перспектывы беларускай культуры ў будучыні, звярнуў увагу, што Мінкульт не будзе выконваць тую ролю, якую выконвае цяпер.
-Падобных міністэрстваў у Еўропе не існуе. Нашае Міністэрства культуры існуе ў рэжыме нават не 20, а 19 стагоддзя. Гэта структура пры цары, якая вызначае, каго ўзнагародзіць, у тым ліку фінансава, а таксама каго адсунуць ад поля культуры. Калі казаць, якія функцыі павінна займаць Міністэрства культуры ў Беларусі, то гэта функцыя захавання спадчыны. Калі казаць пра астатняе поле культуры, то гаворка ідзе пра празрыстае справядлівае размеркаванне сродкаў.
Рэжысёр Максім Жбанкоў звярнуў увагу на матывацыі, пэўныя небяспекі і патрэбу новай культуры.
-Ёсць сур’ёзная спакуса таргануць нашай ахвярнасцю. Прасунуць нашыя пакуты за добрыя кошты. Выкарыстаць інтарэс да Беларусі ў асабістых мэтах. Згуляць на вядомым полі. Раней казалі: Беларусь – гэта Лукашэнка, Мулявін і МАЗ, а зараз кажуць: Беларусь – гэта культурніцкі тэрор. І адно і другое праўда, але гэта не ўся праўда. Пытанне, што і як нам рабіць. Я думаю цікавей і значна больш істотна спрабаваць вырабляць новую культуру: культуру з новымі кодамі, культуру новай стылістыкі, заўтрашняй Беларусі.
Старыя ўлады ніколі не разумелі каштоўнасці і моцы беларускай культуры, гаварыла Святлана Ціханоўская. Голас дзеячаў культуры аднолькава важны з галасамі палітычных і грамадскіх лідараў. Таму так важна, каб гэтых галасоў было як мага больш.
- Старыя ўлады ніколі не разумелі каштоўнасці і моцы беларускай культуры. У нас ёсць мільёны прыкладаў, як творы, песні ды выставы паўплывалі на грамадскую свядомасць, дапамаглі прайсці праз самыя цяжкія выпрабаванні, абʼядналі людзей. Таму так важна захаваць і памножыць гэтыя галасы. Дэмакратычныя сілы разам з Радай культуры прапануюць абвесціць 2022 – Годам Скарыны.
У сваю чаргу кіраўнік НАУ Павал Латушка расказаў, што з 7 чэрвеня па 7 ліпеня ў Варшаве пройдзе Месяц беларускай культуры. Таксама палітык расказаў, што Еўрапейская камісія выдаткуе значныя сродкі на падтрымку менавіта ў сферы культуры. Латушка таксама нагадаў пра стварэнне ў Варшаве Музею Вольнай Беларусі. У бліжэйшым часе, магчыма, улады Варшавы дадуць адпаведнае памяшканне. Гэта важна, бо без культуры няма нацыі, і няма дзяржавы.
- Мы разумеем, што культура – гэта душа чалавека, нешта чыстае ды празрыстае. Сёння ботам хочуць наступіць на душу беларусаў. Таму з 7 чэрвеня па 7 ліпеня, у Варшаве адбудзецца Месяц беларускай культуры, якія падтрымлівае польскае Міністэрства культуры ды ўсе Амбасады Еўрасаюза. Гэта сімвалічны месяц, бо для нос кожны дзень павінен быць днём культуры, бо чалавек застаецца чалавекам, калі памятае пра свае карані, гісторыю, культурна развіваецца.
Падчас сустрэчы Беларуская Рада культуры агучыла магчымасці падтрымкі творчых праектаў у Беларусі і за яе межамі, у тым ліку дзейнасць арт-рэзідэнцый.
Больш падрабязна слухайце ў далучаным гукавым файле.
ав