6 мая 1902 году ў горадзе Сасновец, які размешчаны ў Сілезіі, у сям’і пекара Францішка Кепуры нарадзіла першае дзіця – сын Ян. Праз гады Ян стаў вядомейшым польскім спеваком, якога прымалі найбольш прэстыжныя оперныя сцэны ў свеце. Прычым Ян Кепура выконваў не толькі класічныя творы, але і папулярныя песні.
У юнацкія гады Кепура дзейнічаў у Польскай вайсковай арганізацыі, бо пасля Першай сусветнай вайны Сілезія была спрэчным рэгіёнам і на яе прэтэндавалі не толькі Польшча, але і Германія. У 1919 годзе Кепура ўдзельнічаў у Першым Сілезскім паўстанні. А вось у 1921 годзе паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, але хутка зразумеў, што гэта не яго пакліканне – яго больш прыцягвала музыка і сцэна.
Jan Kiepura i Martha Eggerth
Жывучы ў Варшаве, Ян Кепура пачаў браць урокі спеваў у вядомых польскіх артыстаў – Вацлава Бжэзіньскага і Тадэвуша Капыстыньскага. У 1924 годзе Бжэзіньскі дапамог Кепуры ўладкавацца ў Вялікі тэатр, дзе першапачаткова артыст спяваў у хоры, але неўзабаве пачаў атрымліваць асобныя ролі. Першай была сольная партыя горца ў оперы «Галька» Станіслава Манюшкі. А вось галоўнай роляй, якую выканаў Кепура, была роля Фаўста ў аднайменнай оперы Шарля Гуно, за якую ад гледачоў атрымаў доўгія авацыі. І гэты момант можна назваць пераломным, таму што малады спявак пачаў атрымліваць прапановы ад тэатраў Польшчы, а таксама іншых краін.
Jan Kiepura
Неўзабаве Ян Кепура выехаў у Парыж, каб там заняцца вакальнай кар’ерай. Дарэчы, гэта зрабіць яму параілі сябры. Пазней быў тэатр у Вене, дзе ён стаў вельмі папулярным артыстам. І менавіта з Вены пачаліся яго трыумфальныя выступы на славутых сцэнах у свеце. А неўзабаве артысты запрапанавалі здымацца ў кіно, і гэтай прапановай ён скарыстаўся.
Калі пачалася Другая сусветнай вайна нападам Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 году, Кепура быў якраз у Парыжы. У Францыі з ліку палякаў пачалі стварацца Польскія ўзброены сілы на Захадзе, і славуты спявак быў адным з першых, хто ўступіў у новую армію. Але неўзабаве Кепуру выклікаў да сябе генерал Казімеж Саснкоўскі і сказаў: «У нас 100 тысяч салдат, якія ўмеюць лепш страляць, чым вы, але ні адзін з салдатаў не ўмее гэтак спяваць, як вы». Проста генерал не хацеў, каб вядомейшы тэнар не стаў ахвярай вайны і ўгаварыў Кепуру не служыць у войску.
У Польшчу Ян Кепура вярнуўся ў 1958 годзе, тады ж даў апошні канцэрт у Кракаве. Памёр славуты спявак у 1966 годзе ў ЗША. Ён хацеў, каб яго пахавалі ў Польшчы, што і сталася: магіла славутага спевака знаходзіцца на прэстыжных могілках «Павонзкі» ў Варшаве. На пахаванне Кепуры прыйшло 200 тыс. чалавек!
Jan Kiepura podczas występu na dziedzińcu Wawelu w 1936 roku
Дарэчы, славуты спявак быў не толькі таленавітым артыстам, але і бізнесменам. У курортным горным гарадку Крыніца Гурска на поўдні краіны ў 1934 годзе ён пабудаваў санаторый «Патрыя», якія ў тыя часы лічыўся адным з найбольш прэстыжных і люксавых у Польшчы. Санаторый у арыгінальным стане існуе і працуе да сённяшняга дня.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл