Кнігу «Эдмунд Вайтыла. Брат св.Яна Паўла ІІ» напісала Мілена Кіндзюк.
Аўтарка адзначыла, што кніга стала ў пэўным сэнсе апошняй часткай трыпціха – пасля кніг пра Эмілію Вайтылу (маму Яна Паўла ІІ) і бацькоў Караля Вайтылы. У сваёй працы яна абапіралася на дакументы і пісьмовыя крыніцы, месяцамі працавала ў архівах. Ёй таксама ўдалося знайсці сведкаў жыцця Эдмунда, праўда, не прамых, а людзей, якія размаўлялі з лекарамі, якія працавалі з ім у бальніцы.
- Мяне здзівіла, наколькі яркая памяць пра яго ў Бельску, – расказвала аўтарка. Мілена Кіндзюк прызналася, што захапляецца гэтым персанажам і яго трагізмам. Яна нагадала, што Эдмунд памёр ва ўзросце ўсяго 26 гадоў, праз паўтара года пасля заканчэння ВНУ.
Эдмунд Вайтыла нарадзіўся ў Кракаве 27 жніўня 1906 г., як першынец Караля і Эміліі Вайтылаў. У 1924 годзе скончыў гімназію ў Вадавіцах і пачаў навучанне ў медыцыне ў Ягелонскім універсітэце. Праз шэсць гадоў скончыў школу. Пасля заканчэння школы працаваў спачатку ў Кракаве і Вадавіцах, пакуль не быў прызначаны дапаможным урачом у шпіталі ў Бельску. Прапрацаваў там паўтара года. «У канцы 1932 года ён заразіўся шкарлятынай ад свайго пацыента», – распавяла аўтар кнігі «Эдмунд Вайтыла – брат святога Яна Паўла ІІ» – Мілена Кіндзюк.
-У інфекцыйным аддзяленні ў Бельску Бялай, як адзіны лекар у гэтым шпіталі, займаецца пацыенткай, дае ёй лекі, знаходзіцца з ёй ажно да смерці. Ён ведаў пра небяспеку, паколькі ў той час не было антыбіётыкаў, пеніцыліну. Таму з поўнай упэўненасцю пагрозы жыццю спрабаваў ратаваць жыццё пацыенткі. У выніку ён ад яе заражаецца і праз некалькі дзён памірае.
Мілена Кіндзюк падкрэсліла, што ўсе сведчанні пра Эдмунда дэманструюць вобраз чалавека, які любіў жыццё і ўмеў чэрпаць з яго напоўніцу. Яму хацелася жыць. У яго была нарачоная, з якой ён хацеў стварыць сям'ю і мець дзяцей. Ён любіў сваю справу, меў намер прафесійна развівацца, спецыялізавацца на педыятрыі. Любіў прыроду, прагулкі і горныя шпацыры. Аўтарка кнігі адзначыла, што пра яго захаваліся ўспаміны нявесты Ядвігі Урбан, якая памерла ў 2005 годзе. Гэта цудоўнае сведчанне пра гэтага чалавека. У гэтых мемуарах таксама ёсць згадкі пра яго веру і пабожнасць.
Важнай тэмай, якую закранулі ўдзельнікі сустрэчы, стала разважанне аб уплыве Эдмунда на яго малодшага брата. Уздзеянне было вялізным у многіх аспектах. Менавіта Эдмунд першым павёў маленькага Караля ў горы. Менавіта ён браў яго на тэатральныя пастаноўкі, у якіх ён таксама выступаў як акцёр. Пасля смерці маці Эдмунд адчуваў сябе настолькі адказным за брата, што адклаў уласнае вяселле, каб некаторы час даглядаць яго. Караль з бацькам наведвалі Эдмунда кожную нядзелю ў Бельску.
Караль Вайтыла, будучы ўжо Папам, згадваў, што гэта былі самыя шчаслівыя моманты ў яго жыцці. Ён таксама сказаў, што, верагодна, перажыў смерць брата больш, чым маці.
Доктар, хрысціянін, прыклад юнацкай святасці – так пра Эдмунда Вайтылу гаварыў на прэзентацыі ксёндз Славамір Одэр, пастулятар у працэсах беатыфікацыі яго бацькоў і Яна Паўла ІІ. Святар, прыгадваючы постаць Эдмунда, нагадаў адну з гамілій Яна Паўла ІІ пра сям’ю з 1999 года.
-Ён казаў пра сямейны кантэкст, як месца ў якім святыя нараджаюць святых, падпітваюцца святымі і хочуць святасці. І гэтая рэчаіснасць у постаці Эдмунда знаходзіць пацверджанне. Гэта не значыць, што мы адразу можам казаць пра бэатыфікацыю ці кананізацыю гэтай постаці. Але з цэлай упэўненасцю гэты кантэкст святасці знайшоў спрыяльную глебу ў постаці гэтага маладога лекара. Было ўспрынята як выклік. Ён перажываў пакліканне да святасці звычайным чынам.
Ксёндз Одэр дадаў, што ўплыў брата Эдмунда на чалавечую і хрысціянскую фармацыю маленькага Караля Вайтылы таксама праявіўся як элемент беатыфікацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ. Іх аб’ядноўвала сардэчнае сяброўства, пра якое праз шмат гадоў згадаў Ян Павел ІІ.
У дадзены момант ідзе працэс беатыфікацыі бацькоў Папы Яна Паўла ІІ – Караля Вайтылы-старэйшага і Эміліі, у дзявоцтве Качароўскай. Зараз ён знаходзіцца на дыяцэзіяльным этапе. Працягваюцца слуханні сведак.
ав