Сёння мы запрашаем у Музей Крэсаў і Остраўскай зямлі ў Остраві Мазавецкай – гарадку, распаложаным у 100 кіламетрах на ўсход ад Варшавы. Менавіта ў згаданай музейнай установе надоечы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы: «300 карцінаў Напалеона Орды». Паводле кіраўніцтва музея, гэта бадай самая буйная выстава рысункаў і акварэляў знакамітая мастака, кампазітара і польскага патрыёта, які нарадзіўся на тэрыторыі ўсходняй часткі даваеннай Польшчы, а сённяшняй Беларусі. Адкрыццё выставы суправаджаў даклад ксяндза Тадэвуша Ісаковіча-Залескага пад загалоўкам «Палякі з Крэсаў у змаганні за незалежнасць Бацькаўшчыны».
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Напалеон Орда – мастак, кампазітар, піяніст і педагог, польскі патрыёт, нагадаў падчас адкрыцця выставы куратар Музея Крэсаў і Остраўскай зямлі Дарыюш Вардашка(Dariusz Wardaszko):
- Нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў сямейным маёнтку ў вёсцы Варацэвічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і палескай шляхты. Яго бацька Міхал да падзелаў Рэчы Паспалітай быў маршалкам тагачаснага Кобрынскага павета, а маці Юзафіна паходзіла з выдатнага палескага роду Бутрымовічаў. Напалеон скончыў Свіслацкую гімназію. У 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на матэматычны факультэт. Аднак вучэльні не скончыў, паколькі за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве («Заране» – рэд.) быў арыштаваны і адлічаны з універсітэта.
Пасля адбыцця турэмнага пакарання Орда ўжо не вярнуўся ва ўніверсітэт, а заняўся бацькоўскім маёнткам у Варацэвічах.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Орда быў удзельнікам паўстання 1830-1831 гадоў. За мужнасць быў узнагароджаны залатым крыжам Virtuti Militari і атрымаў званне капітана. Аднак Расійская імперыя прыгаварыла яго да смяротнага пакарання, таму пасля падаўлення паўстання ён быў прымушаны эміграваў у Францыю.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Там пачаўся новы этап у яго жыцці – Напалеон развіваў свае мастацкія зацікаўленні ў галіне скульптуры, жывапісу і музыкі. Пазнаёміўся, між іншым, з Фрыдэрыкам Шапенам, у якога браў урокі. Ён напісаў шэраг твораў для фартэпіяна – рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі. Неўзабаве стаў папулярным піяністам і кампазітарам і выступаў з канцэртамі ў салонах Вялікай Эміграцыі. У сярэдзіне 1830-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Таксама ў Парыжы Напалеон пажаніўся. Тут яму нарадзіўся сын Вітольд.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Напалеон Орда быў таксама актыўным эміграцыйным дзеячам, дабрачынцам і лінгвістам, аўтарам «Польскай граматыкі» для французаў. Нягледзячы на велізарныя поспехі на эміграцыі, Орда ніколькі не забыў пра Айчыну, нагадаў Дарыюш Вардашка:
- Калі ў 1856 годзе цар Аляксандр ІІ абвясціў амністыю ўдзельнікам паўстання, ён неадкладна вярнуўся ў краіну (яго жонка і сын часова засталіся ў Францыі – рэд.). У 1872 годзе Напалеон Орда пераязджае ў Вяржхоўню ва Украіне, дзе працуе настаўнікам у доме генерала Адама Жэвускага. Больш менш з гэтага часу яго пасіяй стала ўвекавечанне польскіх Крэсаў.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пасля вяртання ў Айчыну Орда змагаўся з рознымі праблемамі, у тым ліку канчатковай стратай сямейнага маёнтку. Між тым, ён паслядоўна ажыццяўляў свой план – даць пасведчанне гісторыі і культуры краіны – яе былой магутнасці і незалежнасці. З гэтай мэтай Орда вырашыў стварыць дакументацыю польскай прысутнасці на Крэсах, то бок намаляваць усё, што гэта пацвярджала.
- 70-гадовы мастак паглынуты пасіяй дакументацыі помнікаў польскай архітэктуры падарожнічаў па краіне на брычцы, возе, а часта пешшу; наведваў розныя куткі і дзякуючы гэтаму яму ўдалося захаваць для нашчадкаў свет, які з’яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны палякаў.
Орда прысвяціў гэтаму 20 гадоў жыцця, а плёнам яго экспедыцый сталі больш за тысячу работ, якія маюць не толькі мастацкую, але і дакументальную каштоўнасць.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Выстава ў Музеі Крэсаў і Остраўскай зямлі, мае ўнікальны характар, пераконвае заснавальнік і дырэктар установы Збігнеў Банашэк(Zbigniew Banaszek):
- Я сардэчна запрашаю наведаць гэтую выставу паколькі на ёй паказаныя найбольш прыгожыя куткі, маёнткі, замкі Рэчы Паспапітай. Гэта таксама бадай найбуйнейшая выстава ў гісторыі музеяў і гісторыі пасляваеннай Польшчы, на якой паказаныя ажно 300 карцінаў.
Орда звяртаў увагу не толькі на маляўнічасць адлюстраваных ім мясцін і аб’ектаў, але, перш за ўсё, іх гістарычнае і патрыятычнае значэнне. Ён не абмяжоўваўся толькі сакральнай архітэктурай, замкамі ці маляўнічымі руінамі. Мастак увекавечваў таксама прамысловыя аб’екты – фабрыкі, цукровыя заводы, млыны і цэхі.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Эксперты падкрэсліваюць, што Орда парваў з тагачасным канонам, які патрабаваў упрыгожванняў, засяродзіўся на праўдзівасці жывапісу і дэталях. Імкнуўся ўлавіць колеры, характэрныя для таго ці іншага месца. З другога боку, яго творчасць не пазбаўлена пэўных тэхнічных недахопаў, асабліва калі гаворка ідзе пра перспектыву. Тым не менш усе згодныя, што Напалеон Орда выпрацаваў свой непаўторны і пазнавальны стыль.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ксёндз Тадэвуш Ісаковіч-Залескі (Tadeusz Isakowicz-Zaleski), які адкрываў выставу ў остраўскім музеі, лічыць, што Напалеон Орда – гэта адзін з выдатных, польскіх мастакоў пра якога ў Польшчы на жаль забылі:
- Гаворка не ідзе пра мастацкае майстэрства, але пра тое, што Орда выкарыстоўваў свой талент у службе польскаму народу. Калі Польшча была падзелена, ён падарожнічаў па Крэсах і дакументаваў помнікі. Варта дадаць, што гэтыя паездкі былі мала камфортныя. Дзякуючы гэтаму захаваліся рысункі – дэталёвыя, як фатаграфіі. Шматлікія з гэтых архітэктурных помнікаў ужо не існуюць, а рысункі Орды – гэта адзіны дакумент і доказ іх існавання.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле ксяндза Ісаковіча-Залескага, Напалеон Орда – гэта тыповы прыклад паляка з Крэсаў:
- Пасля вяртання з эміграцыі, дзе ў Парыжы вучыўся маляваць, ён лічыў, што свой талент павінен выкарыстаць дзеля службы Айчыне. Гэта тыповы паляк з Крэсаў, які служыць не толькі сваёй сям’і, але таксама народу. Таму Орда – вельмі прыгожая постаць і прыклад. Цікава, што ў Беларусі пра Напалеона Орду памятаюць, тым часам у Польшчы ён практычна забыты.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Напалеон Орда памёр 26 красавіка 1883 года ў Варшаве. Быў пахаваны ў сямейнай магіле побач з маці і сястрой у вёсцы Янава, што каля Варацэвічаў. На жаль пры савецкай уладзе, падчас пашырэння вёскі сямейная магіла Ордаў была знішчаная.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Тым не менш памяць пра Напалеона Орду не знікла ў Беларусі. Выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, яго аўтарства былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў. Яго імя прысвоена вуліцам у Мінску, Брэсце і Гродне, а таксама Пінскай мастацкай школе. Яго музычныя творы выконваюцца беларускімі музыкамі. У цэнтры горада Іванава Брэсцкай вобласці знаходзіцца адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Орду. У роднай вёсцы Варацэвічы дзейнічае музейны комплекс Напалеона Орды.
«300 карцінаў Напалеона Орды» – выстава ў Музеі Крэсаў у Остраві Мазавецкай/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Анна Задрожна