Беларуская Служба

Турынская плашчаніца лічыцца адной з найвялікшых святынь хрысціянства

14.04.2023 12:56
Плашчаніца – адна з самых вялікіх таямніц свету.
Аўдыё
  • Турынская плашчаніца лічыцца адной з найвялікшых святынь хрысціянства
.
.wikimedia/domena publiczna

Спачатку яна захоўвалася ў Іерусаліме, потым некалькі сотняў гадоў у Візантыі, упершыню была выстаўленая на ўсеагульны агляд у Францыі ў 1357 годзе, нарэшце ў XVII стагоддзі апынулася ў Італіі. На думку вернікаў, Хрыстос пасля крыжовай смерці быў загорнуты менавіта ў гэта палатно і пахаваны ў ім.

У цяперашні час Турынская плашчаніца захоўваецца ў Каралеўскай капліцы Турынскага сабора. Яе даўжыня складае 4 м 36 см, а шырыня – 1 м 10 см. На палове доўгага матэрыялу можна ўбачыць выяву аголенага чалавека, высокага і моцнага целаскладу. На другой палове – адлюстраванне таго ж чалавека са спіны.

На фоне Плашчаніцы, якая з цягам часу набыла колер слановай косці, – мужчынскі твар. Фігура пакрытая шматлікімі плямамі і слядамі рознай формы, больш цёмнымі і бледнымі, меншымі і большымі, карычняватага колеру, які плямы крыві набываюць праз шмат гадоў.

Плашчаніца – адна з самых вялікіх таямніц свету. На тэму плашчаніцы ёсць безліч навуковай літаратуры. Даследчыкі на аснове сваіх аналізаў адкрываюць шмат новых фактаў пра распяцце Хрыста. Некаторыя з іх нават пачалі называць Турынскую плашчаніцу «Пятым Евангеллем».

Да якіх высноў прыйшлі навукоўцы пасля столькіх даследаванняў? Не знойдзена доказаў таго, што Турынская плашчаніца – падробка. Даследаванні Плашчаніцы пачаліся ў канцы ХІХ ст. Аналізы праводзіліся з выкарыстаннем большасці хімічных, фізічных і аптычных метадаў, вядомых у той час.

Сотні тэстаў, дыягназаў, экспертных заключэнняў – напрыклад, незлічоныя спробы адлюстраваць чалавечае цела на палатне – праваліліся. Яны не прынеслі вынікаў, нават часткова падобных да выявы, якую бачна на Турынскай плашчаніцы.

Па-ранейшаму шмат пытанняў застаецца без адказу. Што здарылася з плашчаніцай перад тым, як яе ўпершыню выставілі на ўсеагульны агляд у 1357 годзе? Як ільняная тканіна пратрымалася ў такім ідэальным стане каля 2000 гадоў? Ці магчымая падробка шляхам абгортвання цела чалавека палатном, нанесенымі пры жыцці ці пасля смерці апісанымі ў Евангеллі ранамі?

Розум чалавека так пабудаваны, што калі нешта не супадае з эмоцыямі, мы гэта адкідваем, гаворыць айцец Томаш Аляксевіч:

-Калі факты не сходзяцца з маёй тэорыяй, тым горш для фактаў, так могуць сказаць нават навукоўцы. Гэтае палатно з’яўляецца настолькі вялікім выклікам, што цяжка прайсці побач з ім абыякавым. Таму на пачатак сумленныя пытанні, як яно ўзнікла, і людскія прапановы. Таму ў пэўным моманце большасць даследчыкаў становіцца перад пытаннем: я не магу адмаўляць аўтэнтычнасць палатна, не магу адмаўляць, што там няма фарбы, але і не магу патлумачыць, якім чынам плашчаніца ўзнікла. Нават найлепшыя навукоўцы па сённяшні дзень не могуць гэтага патлумачыць, але ёсць воблік. Больш таго, ён вельмі дакладны і застаецца ў сувязі з Евангеллем.

Адной з прычын зацікаўлення Турынскай плашчаніцай з’яўляецца факт, што невядома, калі і якім чынам яна ўзнікла, – гаворыць прафесар Войцех Заёнц з Інстытута ядзернай фізікі Польская акадэмія навук, аўтар працы «Турынская плашчаніца як аб’ект фізіка-хімічных даследаванняў»:

-Гэтая адсутнасць ведаў дае штуршок для рознага тыпу домыслаў, а таксама нараджае пэўную надзею, якую я б хацеў развеяць. З боку навук, як фізіка, хімія, біялогія, мы можам чакаць доказаў праўды веры, таго, ува што хрысціяне вераць. Тое, што цяперашняя навука не можа адказаць на пытанні аб тым, калі і якім чынам узнікла плашчаніцы, лічацца доказам звышнатуральнага ўмяшання. Гэта не задачы навук, якія я прадстаўляю. Нашая задача не даказваць ці адмаўляць праўды веры. Нашая задача – тлумачыць з’явы, якія мы назіраем, пры дапамозе вядомых законаў прыроды. Таму, не ведаючы адказу на два самыя важныя пытанні, у нас паяўляецца спакуса шукаць гэтыя адказы. Не зважаючы, ці ў выніку рэлігійны кантэкст будзе аслаблены, ці ўзмоцнены.

Турынскую плашчаніцу часта называюць Пятым Евангеллем, таму што, разглядаючы яе, як падкрэсліваюць многія навукоўцы, можна прайсці ўвесь Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Там бачныя сляды нашэння крыжа і бічавання, навукоўцы налічылі больш за сотню ўдараў. Ёсць сляды цярновага вянка, сляды на каленях Хрыста, які падае пад цяжарам крыжа. Турынская плашчаніца з’яўляецца выдатным прыкладам усяго Крыжовага шляху.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры

Праз 300 гадоў пасля смерці Хрыста яго крыж знайшла св. Алена

07.04.2023 11:15
У вернікаў лайцінскага абраду сёння Вялікая пятніца, дзень пакут і смерці Хрыста.