Беларуская Служба

У Варшаве здымаюць поўнаметражную карціну, натхнёную гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

19.04.2023 09:17
«8 гадоў 3 месяцы» – такую рабочую назву мае поўнаметражная дэбютная стужка беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч.
  8  3
Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы»Фота: Uliana Shargaeva

У Варшаве пачаліся здымкі поўнаметражнай карціны, натхнёная гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, піша REFORM.by.

«8 гадоў 3 месяцы» – такую рабочую назву мае поўнаметражная дэбютная стужка беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч. Аўтарка падкрэслівае, што гэта будзе мастацкі фільм, што яе мэтай не было стварэнне біяграфічнай стужкі.

Мара Тамковіч вядомая беларускаму і польскаму гледачу сваёй апошняй працай – кароткаметражнай стужкай «У жывым эфіры» («Na žywo/Live»), створанай па матывах гісторыі затрымання Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыма з Плошчы Перамен. Фільм ужо неаднаразова быў адзначаны на польскіх і міжнародных кінафестывалях, і сёння яго фестывальная гісторыя яшчэ працягваецца.

«Так, можна сказаць, што поўны метр, над якім мы зараз працуем, вырас з «Na žywo», – распавядае кінематаграфістка з Беларусі гісторыю нараджэння новага праекта. – Гэта фільм – наступны крок асэнсавання тэмы. Але я хачу падкрэсліць, што гэта будзе зусім іншая карціна, хоць тыя падзеі, якія паказваюцца ў «Na žywo», таксама будуць прысутнічаць у стужцы як адзін з эпізодаў».

Як кажа Мара Тамковіч, «8 гадоў 3 месяцы» ў адрозненне ад «Na žywo» канцэнтруецца на тэме кахання. Галоўныя героі фільма – гэта журналісты Лена і Ілья. Яны праходзяць праз пратэсты і наступствы гэтых пратэстаў. І ў жудасных умовах намагаюцца захаваць сябе як пару, сям’ю.

«Гісторыя супраціву і кахання Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша – безумоўна, гэта рэалістычныя «карані» майго фільма, – пагаджаецца рэжысёрка. – Але я хачу падкрэсліць, што тое, што мы робім – гэта ўсе ж мастацкае кіно, якое існуе па сваіх законах. То-бок з рэальнай гісторыі «вырастае» мастацкі аповед, які аддзяляецца ад рэчаіснасці. У мяне няма мэты быць біёграфам канкрэтных людзей, чалавека. Хоць, канечне, паралелі ўзнікаюць вельмі моцныя», – дадае яна.

«8 гадоў 3 месяцы» жанрава пазначаецца як драма. Галоўную ролю ў карціне будзе выконваць Аляксандра Вайцэховіч – тая ж акторка, якая здымалася ў «Na žywo». Таксама ў стужцы будуць задзейнічаны Андрэй Новік, Паліна Чабатарова, якіх глядач бачыў у «Na žywo». Імёны іншых артыстаў пакуль не разгалошваюцца.
Новы праект беларускай рэжысёркі прафінансаваны Польскім Інстытутам кінамастацтва. Усё здымкі карціны будуць весціся ў Варшаве.

«8 гадоў 3 месяцы» – працоўная назва фільма, аўтары не выключаюць таго, што ў фінале стужка можа атрымаць іншую назву.

ав/REFORM.by

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры

«На Кацю аказваецца маральны ціск з боку маргінальных асоб». Палітзняволеная пра журналістку Кацярыну Андрэеву

02.12.2022 12:11