З праектам «Палітвязынкі» звязалася былая палітзняволеная і расказала пра журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).
«Каці з самага пачатку вельмі цяжка прыйшлося. Яе размеркавалі ў прэс-атрад, праз які прайшлі многія палітвязні дзяўчыны.
Цяпер там Сафія Сапега і яе вельмі жорстка прасуюць ужо працяглы час. Яе і Паліну Шарэнда-Панасюк выклікалі на «гутарку» да начальніка калоніі.
Каця вельмі чулая. І на яе аказваецца маральны ціск з боку маргінальных асоб.
Каці забаранялі нават падыходзіць да палітычных. А калі ўдавалася ёй перакінуцца з намі словамі, было відаць, што яна імкнецца з усіх сіл усё гэта выносіць.
Каця зараз вярнулася ў калонію з дадатковым тэрмінам. Яе перавялі ў лепшы атрад, але на фабрыцы ёй забаранілі нават глядзець на палітычных. Каця моцна напакутавалася, але вельмі годна праходзіць гэты шлях, як бы цяжка ёй не было».
Кацярына Андрэева асуджаная на 8 гадоў і 3 месяцы паводле прад'яўленых абвінавачванняў:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве.
У зняволенні журналістка з 15 лістапада 2020 года.
baj.by / вх