12 ліпеня палякі адзначалі Дзень памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы. Мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне найбуйнейшага камуністычнага злачынства супраць палякаў пасля Другой сусветнай вайны, пачаліся некалькі дзён раней у Аўгуставе. У сваю чаргу 12 ліпеня цэнтральныя ўрачыстасці традыцыйна адбыліся на Гары Крыжоў у Гібах. Гібы – гэта сімвалічнае месца на гістарычнай мапе Падляшша.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гара Крыжоў у Гібах – гэта сімвалічнае месца памяці аб ахвярах Аўгустоўскай аблавы. Тут ужо больш за 30 гадоў, праходзяць урачыстасці ў памяць аб ахвярах камуністычнага злачынства. Месца не выпадковае, у Аўгустоўскай аблаве загінулі больш за 100 жыхароў цяперашняй гміны Гібы.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Буйная пацыфікацыйная акцыя, праведзеная на Сувальшчыне, у Аўгустоўскай пушчы і ваколіцах увайшла ў гісторыю як «Аўгустоўская аблава». Яна ахапіла тэрыторыю амаль 3,5 тысячы квадратных кіламетраў. У акцыі прынялі ўдзел больш за 40 тысяч жаўнераў (савецкіх і польскіх), міліцыянты, функцыянеры Службы бяспекі і мясцовыя калабарацыяністы, якія дапамагалі саветам як праваднікі і перакладчыкі падчас жорсткіх допытаў затрыманых.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У той час раёны Сувалкаў і Аўгустава кантраляваліся незалежніцкім падполлем. Байцы Арміі Краёвай эфектыўна змагаліся з мясцовымі органамі камуністычнай улады і апаратам рэпрэсій, нагадаў старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі(Karol Nawrocki):
- Акцыя, з аднаго боку, мела на мэце ліквідаваць жаўнераў антыкамуністычнага падполля, а з другога – ліквідаваць магчымасць іх супрацы з мясцовым насельніцтвам. Тэрор і фізічнае знішчэнне – гэта метады, якія выкарыстоўвала Чырвоная армія і ейныя структуры бяспекі.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дакладныя даты пачатку і заканчэння акцыі – невядомыя. Часцей за ўсё гісторыкі кажуць пра 12-28 ліпеня 1945 года. Следчыя мяркуюць, што ў гэтым часе былі затрыманыя каля 7 тысяч чалавек, як звязаных з польскім антыкамуністычным падполлем, так і зусім выпадковых, кажа гісторык з Інсытута Пілецкага Лукаш Фашча (Łukasz Faszcza):
- Большасць з іх сапраўды была звязаная з Арміяй Краёвай, але шмат чалавек былі затрыманыя выпадкова. У згаданых затрыманнях удзельнічала камуністычная Служба бяспекі. Каля 600 чалавек зніклі без вестак. Зараз мы ведаем, што яны былі забітыя.
Выстава, прысвечаная ахвярам Аўгустоўскай аблавы ў Аўгуставе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Сярод ахвяраў былі мужчыны, жанчыны і непаўналетнія, часта па некалькі чалавек з адной сям'і. Паводле часткі гісторыкаў, колькасць ахвяраў Аўгустоўскай аблавы можа складаць нават 2 000 чалавек.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Улады ПНР ніколі афіцыйна не пацвердзілі факту Аўгустоўскай аблавы – адмаўлялі нават сам факт знікнення польскіх грамадзян. У 1987 годзе быў створаны Грамадзянскі камітэт па пошуку жыхароў Сувальшчыны, якія прапалі без вестак у ліпені 1945 года. У 1990-я гады следства вяла пракуратура ў Сувалках, але з-за цяжкасцей з атрыманнем інфармацыі з Расіі яно было прыпыненае. У 2000 годзе справу нанава пачаў расследаваць Інстытут нацыянальнай памяці.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Першапачаткова Аўгустоўская аблава кваліфікавалася як «камуністычнае злачынства», а з 2009 года – як «злачынства супраць чалавечнасці». У ходзе расследавання былі дапытаныя больш за 700 сведак.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу, эксперты-картографы, якія аналізавалі паваенныя аэрафотаздымкі, вызначылі некалькі дзясяткаў месцаў у Беларусі, якія маглі быць магільнымі ямамі, а таксама больш за дзесяць на польскім баку, кажа гісторык Лукаш Фашча:
- Мы мяркуем, што брацкія магілы ахвяраў знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі ля вёскі Калеты, бліжэй да дама лесніка ў Гелжы. Гэта здагадкі гісторыкаў. Ці так ёсць на самой справе – невядома. Паводле некаторых, ахвяры Аўгустоўскай аблавы былі забітыя і пахаваныя ў форце гродзенскай крэпасці недалёка ад вёскі Наумавічы ля Гродна, але ці гэта праўда – таксама невядома.
Беларусь, як раней Расія, адмовілася ад прававой дапамогі ў расследаванні, а даследаванні ў пазначаных месцах на польскім баку не прынеслі чаканых вынікаў.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 2016 годзе Інстытут нацыянальнай памяці знайшоў на інтэрнэт-партале з матэрыяламі з архіваў Мінабароны Расіі некалькі тысяч старонак савецкіх дакументаў, датычных Аўгустоўскай аблавы. З іх вынікае, што 20 ліпеня 1945 года з Масквы ў Алецка прыбыла спецыяльная група функцыянераў «Смерш» для правядзення «ліквідацыі бандытаў, затрыманых у Аўгустоўскіх лясах».
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле іншых версіяў, забойства палякаў адбылося ў раёне возера Голдап або ў ваколіцах вёскі Красналессе ў Калінінградскай вобласці.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адным з меркаваных месцаў пахавання ахвяраў Аўгустоўскай аблавы быў Вялікі бор у Гібах. У 1987 годзе тут вырашылі ўсталяваць помнік ахвярам аблавы. Нягледзячы на тое, што праведзеныя ў гэтым месцы эксгумацыі (1987 і 1989 гг.) даказалі, што ў брацкіх магілах няма астанкаў ахвяраў аблавы, месца размяшчэння помніка не было змененае.
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На пачатку 1990-х гадоў на ўзгорку зʼявілася прасторавая інсталяцыя па праекце Анджэя Струмілы. Гэта быў 10-метровы драўляны крыж і валуны, якія яго акружалі. На каменных дошках былі высечаны імёны 592 чалавек і надпіс: «Яны загінулі, бо былі палякамі».
Гара Крыжоў у Гібах/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пазней на ўзгорку з’явіліся дубовыя крыжы, якіх зараз 643. Менавіта тут – на Гары крыжоў – у Дзень памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы праходзяць штогадовыя цэнтральныя ўрачыстасці.
Гара Крыжоў у Гібах, адукацыйная сцежка «Па слядах Аўгустоўскай аблавы»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ля Гары Крыжоў у Гібах пачынаецца таксама адукацыйная сцежка «Па слядах Аўгустоўскай аблавы», якая складае каля 23 кіламетраў. На ёй размешчаныя інфармацыйныя дошкі, якія паведамляюць пра трагічныя падзеі.
аз