Беларуская Служба

У Польшчы адзначаюць 78-ю гадавіну Аўгустоўскай аблавы

08.07.2023 09:00
Дзень памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы адзначаецца ў Польшчы 12 ліпеня.
   78-
У Польшчы адзначаюць 78-ю гадавіну Аўгустоўскай аблавы Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Аўгуставе пачынаюцца мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах Аўгустоўскай аблавы. Інстытут Пілецкага падрыхтаваў для жыхароў Сувальшчыны шэраг падзеяў. Гэта, між іншым, гульня на свежым паветры, экскурсія па месцах, звязаных з аблавай, паказы дакументальных фільмаў.

У сваю чаргу ўвечары над ракой Нэта адбудзецца канцэрт «Ліпеньскія’45», кажа Аляксандра Чароўска (Aleksandra Czarowska) з Інстытута Пілецкага:

- Ахвярамі аблавы былі не толькі дарослыя людзі, але і шаснаццаці, – сямнаццаці, – васямнаццаці, – дзевятнаццацігадовыя. Мы хацелі, каб пра гэта ведалі іх сучасныя равеснікі. Выклікам было расказаць гісторыю аблавы так, каб сучасныя маладыя людзі хацелі памятаць пра яе.

Сёлета на канцэрце «Ліпеньскія'45» выступяць, між іншым, Рэні Юсіс, Марыка і Эвеліна Флінта. Пачатак у 20.30. 78-я гадавіна Аўгустоўскай аблавы будзе адзначацца да серады, 12 ліпеня, то бок да Дня памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы.

Аўгустоўская аблава – найбуйнейшае злачынства супраць палякаў пасля Другой сусветнай вайны. У перыяд з 12 па 19 ліпеня 1945 года савецкія войскі правялі на Сувальшчыне шэраг лакальных аперацый, у ходзе якіх затрымлівалі каля 7 тысяч чалавек, падазраваных у сувязях з незалежніцкім падполлем, а таксама зусім выпадковых. Лёс амаль 600 з іх дагэтуль застаецца невядомым – невядома, дзе іх забілі і дзе яны пахаваныя.

Гісторыкі не выключаюць, што месца расстрэлу палякаў знаходзіцца на прыпамежнай тэрыторыі па беларускім баку.

IAR/аз