Сталі вядомыя новыя акалічнасці нядаўняга абстрэлу ізраільскімі войскамі калоны машын хуткай дапамогі ў сектары Газа. У інтэрнэце з'явіліся запісы, якія пярэчаць ізраільскай версіі падзей.
Як падкрэслівае BBC, на відэа, апублікаваным Палесцінскім Чырвоным Паўмесяцам, відаць, як у цемры машыны рухаюцца з уключанымі фарамі і аварыйнымі агнямі - перад тым, як па іх страляюць. Чырвоны Паўмесяц заявіў, што запіс зроблены з тэлефона аднаго з забітых санітараў.
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) ад папачатку адмаўляла, што на аўтамабілях былі ўключаныя фары або аварыйная сігналізацыя. Аднак адзін з ацалелых фельчараў запэўніў, што машыны хуткай дапамогі былі выразна абазначаныя і з уключанымі фарамі.
На апошніх відэаматэрыялах, якія, паводле Чырвонага Паўмесяца, былі перададзены ў Савет Бяспекі ААН, відаць, як пазначаныя аўтамабілі спыняюцца на абочыне з уключанымі фарамі і як мінімум двое ратавальнікаў выходзяць з машыны ў святлоадбівальнай вопратцы.
Таксама на запісе некалькі хвілін чуліся стрэлы, пакуль чалавек, які здымаў, прамаўляў малітвы. Вядома, што гэта быў фельчар, які пазней загінуў у выніку абстрэлу.
Атака ізраільскіх войскаў на поўдні сектара Газа адбылася 23 сакавіка. Палесцінскі бок паведаміў, што ў выніку абстрэлу загінулі 14 медыкаў. Сярод ахвяр — восем супрацоўнікаў Чырвонага Паўмесяца, пяць ратавальнікаў грамадзянскай абароны і адзін супрацоўнік ААН.
Ізраіль аднавіў атакі на сектар Газа 18 сакавіка, заяўляючы, што гэта рэакцыя на адмову ХАМАС ад прапаноў падоўжыць спыненне агню, заключанае ў студзені.
IAR/яс