Беларуская Служба

На Падляшшы знойдзены ўнікальны іканастас

23.10.2023 15:57
На думку даследчыкаў, гэта самы ўнікальны найстарэйшы твор у рэгіёне. Аб гэтым сведчаць яго арыгінальнасць і маштабы захаванасці.
Аўдыё
  • На Падляшшы знойдзены ўнікальны іканастас
Прэзентацыя вынікаў працы даследчыкаў Інстытута мастацтва ПАНфота: Інстытут мастацтва ПАН

Вялікія фрагменты іканастаса XVII стагоддзя на гарышчы царквы імя Яна Багаслова ў Навабярэзаве (Падляшша) выявілі даследчыкі Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук. На іх думку, гэта самы ўнікальны найстарэйшы твор у рэгіёне. Аб гэтым сведчаць яго арыгінальнасць і маштабы захаванасці.

Інстытут мастацтва Польскай акадэміі навук праводзіў даследаванні на Падляшшы ў рамках праекта «Кансалідацыя спадчыны. Інвентарызацыя і дакументаванне помнікаў на заходнім памежжы ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай». Адкрыццё было зроблена праф. Збігневам Міхальчыкам, Пятром Ямскім і Янам Навіцкім.

Інстытут мастацтва ПАН выдае каталог «Помнікі мастацтва Польшчы». Навукоўцы апрацоўваць некалькі паветаў на Беласточчыне, у тым ліку Гайнаўскі павет. У рамках інвентарызацыйных прац навукоўцы стараюцца дабрацца да ўсіх магчымых закуточкаў, расказвае прафесар Збігнеў Міхальчык:

-То бок на стрэхах, у кладоўках. Там вельмі часта ляжаць упарадкаваныя і неабавязкова аб’екты, якімі ўжо не карыстаюцца, якія перасталі падабацца, ці па нейкіх прычынах не выконваюць стандартаў. Часамі мы не знаходзім нічога, часамі – захапляльныя рэчы. Ніколі мы яшчэ не знайшлі аб’ект такой вартасці і значэння.

Іканастас, знойдзены ў Навабярэзаве, унікальны па некалькіх прычынах. Пра іх расказвае Пётр Ямскі:

-Яго структура захаваная амаль у 60%. Не ўсім трэба тлумачыць, што такое іканастас, але тут мы маем аб’ект шырынёй 8,5-9 метраў, вышыня больш за 7 метраў. Гэта ўжо паказвае маштаб. Другая справа: ён не быў вядомы даследчыкам нават лакальна. У лакальнай гісторыі пра яго не ведаюць мінімум 150 гадоў, калі яго разабралі і схавалі на страсе гэтай царквы. Чарговы аргумент пра яго ўнікальнасць – гэта час узнікнення. Гэта аб’ект 17 стагоддзя, які праўдападобна не мае аналогіі на тэрыторыі былога ВКЛ. Момантамі ён вельмі прыгожа размаляваны, гэта малюнкі высокага класу. Пакуль мы не ведаем, з якога творчага асяроддзя, паколькі няма аналогіі.

Прафесар Збігнеў Міхальчык па тэме датавання ўдакладняе, што да гэтага аспекту яны падыходзяць вельмі асцярожна:

-Паколькі многія арнаменты сведчаць пра першую-другую чвэрці 17 стагоддзя. А першая царква, ужо неіснуючая, была прафінансаваная ў 1617-1618 годзе. Што не азначае, што іканастас паходзіць з гэтага часу, бо ён мог узнікнуць ужо пасля. Магчыма, былі замененыя царскія вароты. Калі казаць пра мастацкую школу, то гэтага на дадзеным этапе мы не ведаем. Выкарыстаны тут спосаб выразна адрозніваецца ад візантыйскай традыцыі. Мы можам падазраваць, але вельмі асцярожна, што гэта магла быць праца некалькіх майстэрняў, якія супрацоўнічалі, і якія выконвалі замовы і каталіцкія, і праваслаўныя, і ўніяцкія. Трэба памятаць, што гэты храм быў прафінансаваны як адзін з першых пасля заключэння Брэсцкай уніі.

Напэўна можна сказаць, што творцаў было некалькі.

Адным з першых крокаў, які дасць пачатак далейшым даследаванням можа быць тэхналагічны аналіз. Ён дазволіць акрэсліць, у якім часе было зрублена дрэва, з якога зроблены іканастас.
Навукоўцы адзначаюць, што цяпер іканастасам павінны заняцца прафесійныя рэстаўратары:

-Паколькі такіх аб’ектаў няма, хоць спадзяемся, што яшчэ знойдуцца на Падляшшы. Але для гісторыкаў мастацтва, даследчыкаў – гэта сапраўдная падзея, звязаная з усходнім касцёлам. Тым больш да іканастасу трэба падысці вельмі прафесійна.

Знойдзены іканастас – гэта ўсяго 17 фрагментаў, якія знаходзяцца ў розным стане захаванасці. Падчас прэзентацыі былі паказаны фатаграфіі знойдзеных фрагментаў і дэталі асобных ікон. Была таксама прадстаўлена рэканструкцыя ўсяго іканастаса, заснаваная на зборы знойдзеных фрагментаў і архіваў, з указаннем месцазнаходжання асобных іконаў.

-Тым не менш, тое, што ёсць, дазваляе рэканструяваць практычна ўсю канструкцыю іканастаса. Гэта абсалютная сенсацыя ў маштабах Польшчы, а насамрэч у маштабах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, дзе такое мастацтва сапраўды адбываецца, – адзначыў Ян Навіцкі.

А.Марчыньскі/ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры