Беларуская Служба

Вігілійны вечар – хрысціянская і народная традыцыi разам

23.12.2023 17:01
Многія вігілійныя традыцыі адносяцца як да хрысціянскай сімволікі, так і да народных вераванняў.
Аўдыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pasja1000/pixabay.com/CC0 Public Domain

24 снежня выпадае Вігілія або Куцця, то бок дзень, які папярэднічае Божае Нараджэнне, інакш Каляды. У хрысціянскай традыцыі гэты дзень адносіцца да самых урачыстых, кранальных і сямейных дзён у годзе. Вігілію суправаджаюць шматлікія звычаі, сярод якіх хрысціянская традыцыя пераплятаецца з магіяй і народнымі вераваннямі. Дадаткова аказваецца, што не ўсе святочныя звычаі настолькі старыя, як мы наогул меркавалі, а некаторыя з іх, можна сказаць, цалкам сучасныя.

Вігілія – гэта адзін з найважнейшых дзён у хрысціянскай традыцыі. У гэты дзень сем’іі садзяцца за святочныя сталы, дзеляцца міжсобку аплаткай, то бок сімвалам яднання і прабачэння, віншуюць адзін аднаго са святамі, спажываюць посную вячэру, спяваюць калядныя песні і ўдзельнічаюць у святой Імшы, якая служыцца ўначы. Сігналам для распачацця вігілійнай вячэры з’яўляецца першая зорка. Гэта ў памяць аб біблейскай Віфлеемскай зорцы, якую ўбачылі тры каралі Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.

У залежнасці ад рэгіёну Польшчы, стравы падчас каляднай вячэры, могуць крыху адрознівацца спосабам падрыхтоўкі. Тым не менш, усе яны павінны ўтрымліваць асноўныя прадукты, звязаныя з канкрэтнай сімволікай.

Паводле найбольш шырока распаўсюджаная прынцыпу на стале павінна з’явіцца 12 страваў – гэта ад колькасці апосталаў. Аднак раней існаваў таксама звычай, што на вігілійным стале павінна быць няцотная колькасць страваў.

У мінулым Вігілія лічылася днём, які заканчваў стары перыяд і пачынаў новы, таму гаспадары клапаціліся пра тое, каб на стале з’явіліся стравы з тых прадуктаў, ураджай якіх быў асабліва пажаданы і ў новым годзе, кажа Юстына Атвіноўска(Justyna Otwinowska) з Дзяржаўнага этнаграфічнага музея ў Варшаве:

- Рацухі, то бок смажаныя бліны з мукі, вельмі папулярныя ў Мазовіі, але ў адной частцы згаданага рэгіёну, гэта бліны з грачанай, у іншай з пшанічнай мукі з сухафруктамі. На поўдні Мазовіі традыцыйнай стравай была прасяная каша, але, напрыклад, у рэгіёне Радама, гэта была прасяная каша з сухафруктамі, а ў іншым месцы – тая ж каша з ільняным алеем і цыбуляй. Падсумоўваючы, асноўныя прадукты былі адны, але спосаб іх падрыхтоўкі і дадаткі – гэта пытанне рэгіёну, а часта нават канкрэтнай гаспадыні.

Неад'емным элементам вігілійнай вячэры з’яўляецца аплатка – сімвал прабачэння, прымірэння, дружбы і любові.

Традыцыйнай стравай падчас куцці заўсёды была рыба, але не абавязкова карп, без якога зараз частка з нас не ўяўляе сабе вігілійнай вячэры. У мінулым елі, напрыклад, судака і шчупака. Папулярнасць карпа звязана з дэфіцытам мяса пасля Другой сусветнай вайны:

- Гаворыцца, што карп – гэта зусім сучасная традыцыя, або нават традыцыя часоў ПНР. Гэта перабольшанне, паколькі карпа ў Польшчы разводзілі і раней. Тым не менш падчас вігіліі заўсёды елі рыбу, але, перш за ўсё, гэта быў селядзец у алеі або сліўках. Напрыклад, на Курпах падчас вігіліі людзі традыцыйна елі селядца ў воцаце і з варанай бульбай.

Абавязковым атрыбутам вігілійнай вячэры, Калядаў і Новага года з’яўляецца ёлка. Звычай упрыгожвання іглічнага дрэва прыйшоў у Польшчу з Германіі яшчэ ў XIX стагоддзі, але папулярным стаў толькі ў пачатку XX стагоддзя.

Зараз ёлка – гэта бадай найбольш вядомы сімвал Калядаў. Між тым, раней вігілійны вечар і Каляды ў польскіх дамах суправаджаліся «падлазнічкай» (поль. podłaźniczka) – упрыгожанай іглічнай галінкай або снапом саломы, нагадвае Марцін Калясіньскі(Marcin Kolasiński) з Прыродазнаўчага ўніверсітэта ў Познані:

- Часта гэта была галінка іглічнага дрэва, якую вешалі дагары нагамі і ўпрыгожвалі яблыкамі і арэхамі. Падлазнічкі часта рабілі таксама з саломы ці трыснягу. Гэта славянская традыцыя.

Дарэчы Касцёл доўгі час не прызнаваў ёлкі, аддаючы перавагу батлейцы. У некаторых рэгіёнах Польшчы калядныя ёлкі сталі папулярнымі толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Вігілія, то бок дзень перад Божым Нараджэннем, гэта не толькі час чакання Нараджэння Хрыста. Гэта таксама дзень напоўнены магіяй народных вераванняў. Раней лічылася, што напярэдадні Калядаў зямны свет пераплятаецца з замагільным і душы памерлых могуць наведваць свае былыя дамы і семʼі. Таму на калядным стале было шмат страваў, у тым ліку з маку і грыбоў, то бок прадуктаў, якія, паводле тагачасных людзей, мелі дачыненне да замагільнага свету:

- Мак сустракаецца ў розных стравах. Найбольш вядомым прыкладам з усходняй Польшчы з’яўляецца куцця. Цэнтральная Польшча – гэта клёцкі з макам. У сваю чаргу ў Горнай Сілезіі вельмі папулярныя макоўкі. Абавязкова павінны быць таксама грыбы, якія атаясамліваюцца са стравай для душы.

Вігілійны вечар быў звязаны з мноствам забабонаў, звычаяў, загадаў і забаронаў. Некаторыя з іх захаваліся да нашых часоў, хоць часта, у крыху змененым выглядзе, кажа Малгажата Яшчалт (Małgorzata Jaszczołt) з Дзяржаўнага этнаграфічнага музея ў Варшаве:

- Зараз дадатковая талерка на калядным стале тлумачыцца тым, што гэта талерка для стомленага падарожніка. Раней гэта была талерка прызначана для душаў памерлых. Гэта быў доказ пранікнення свету жывых і памерлых.

У дзень Вігіліі таксама трэба было асцерагацца, каб не зрабіць нейкага глупства, паколькі тое, што адбывалася ў гэты дзень і вечар было прагнозам таго, што будзе адбывацца ўвесь наступны год. Таму на працягу дня і падчас самой вігіліі шмат было розных звычаяў, якія павінны былі загарантаваць шчасце:

- У гэты дзень людзі часта варажылі. Напрыклад, удзельнікі вячэры выцягвалі саломкі з-пад абруса. Доўгая, прыгожая саломіна прагназавала доўгае, багатае жыццё. Ногі стала абкручвалі ланцугом для аб’яднання сямʼі. У сваю чаргу для аховы ўраджаю на стол клалі сельскагаспадарчыя прылады.

Дарэчы сена пад святочным абрусам – гэта сімвал сціпласці, прастаты і стайні, у якой нарадзіўся Езус. Аднак, з другога боку, гэты звычай паходзіць яшчэ з дахрысціянскіх часоў і выкарыстоўваўся для забеспячэння дабрабыту і поспеху, асабліва ў навагодняй варажбе.

Падчас вілійнага вечара традыцыйна таксама спявалі калядныя песні, а таксама ўручалі адзін аднаму святочныя падарункі, хоць, у залежнасці ад рэгіёну, падарунак можна было атрымаць або ў вігілійны вечар або раніцай у першы дзень Калядаў. Дадаткова падарункі прыносіў святы Мікалай, Зорка, белы конь Шэмель, Анёл або Дзіцятка Езус – гэта таксама ў залежнасці ад рэгіёну Польшчы. Звычай калядных падарункаў распаўсюдзіўся ў Польшчы на пачатку XX стагоддзя.

Вігілійны вечар, як і кожнае важнае свята, багатае рознай сімволікай, у якой пераплятаюцца хрысціянскія традыцыі і народныя вераванні. У сваю чаргу вігілійныя традыцыі адрозніваюцца не толькі ў розных рэгіёнах краіны. Многія семʼі ўводзяць свае звычаі і захоўваюць іх на працягу пакаленняў.

аз

Святочныя пажаданні: 85-гадовая дыджэйка жадае сабе ды іншым умець радавацца дробязям

24.12.2023 19:47
Віка збіраецца працаваць столькі, колькі дазволіць ёй здароўе, паколькі самым вялікім багаццем чалавека, на яе думку, з’яўляецца незалежнасць.