Беларуская Служба

«Асёл у нас – гэта Беларусь, яго гаспадар з вусамі – зразумела, хто». У Варшаве паказалі калядны спектакль «Шлях да Бэтлеему»

15.01.2024 11:13
Склад трупы інтэрнацыянальны, гэта пераважна дзеці беларусаў, якія пасля 2020 года пакінулі Радзіму.
Аўдыё
  • Спектакль "Шлях да Бэтлеему".
,    .
Акторы, якія граюць у п'есе.Фота: БСПР/нг

Тэатральная студыя «Купалінка» паказала ў Варшаве калядны спектакль «Шлях да Бэтлеему». Пастаноўка поўная алюзій на тэму актуальнай сітуацыі ў Беларусі ды Еўропе. Амаль усе ролі ў спектаклі выконваюць дзеці розных узроставых катэгорый, аднак сэнс, які нясе драма, далёка не па-дзіцячаму сур’ёзны.

Галоўны герой п’есы аўтарства Сяргея Кавалёва – вослік, які адпраўляецца на пошукі Бога, пра якога ён пачуў ад бэтлеемскай зоркі. Гэты персанаж сімвалізуе Беларусь, якая шукае свайго шляху. З’яўляюцца таксама жаўнеры цара Ірада – адзіныя, хто размаўляе па-расійску. Склад трупы інтэрнацыянальны, гэта пераважна дзеці беларусаў, якія пасля 2020 года пакінулі Радзіму, але ёсць таксама палякі ды ўкраінцы.

Пра спектакль расказвае яго рэжысёр Наталля Локіць.

- Сяргей Кавалёў напісаў п’есу ў 2020 годзе і падумаў, што больш ужо не будзе пісаць. Але калі ён да нас прыехаў, пабачыў, што мы вельмі хочам ставіць яго п’есы. У іх вельмі лёгкія дыялогі, добрыя суадносіны паміж героямі. Я рабіла пастаноўкі паводле Кавалёва яшчэ ў Беларусі, цяпер працягваем супрацу.

Асёл у нас – гэта Беларусь, яго гаспадар з вусамі – зразумела, хто. Гаспадар б’еў асла, які не ведае, што яму рабіць. Прыходзіць да парсюка (ябацькі), да льва (Еўрасаюз), які заклікае – маўляў, давай, у нас тут дэмакратыя, але калі з’яўляецца навала ў выглядзе жаўнераў (якія размаўляюць па-расійску, мы адмыслова пераклалі іх дыялогі), дык становіцца небяспечна. Крот – прадстаўнік не толькі фарысеяў, але і дрэнных святароў, як Кірыл, якія гавораць пра Бога, але вядуць людзей у пекла, а малпа – прадстаўнік сектантаў. І толькі калі асёл прыходзіць да Бога, ён разумее, што знайшоў тое, што шукаў і кажа «Я хачу быць тым, кім я ёсць».

Увесь рэпартаж пра спектакль «Шлях да Бэтлеему» слухайце ў далучаным гукавым файле.

нг