Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Марыля Радовіч з кампазіцыяй пра зіму

15.02.2024 14:57
У рэпертуары пясняркі – каля 2 тыс кампазіцый, за працавітасць, непаўторны голас і харызму яе называюць «каралевай польскай песні».
Аўдыё
  • Музычны ўрок польскай мовы.
Maryla Rodowicz na scenie Lata z Radiem 2021
Maryla Rodowicz na scenie Lata z Radiem 2021Cezary Piwowarski/PR

На гэты раз я вярнуся да класікі польскай эстрады, а таксама польскай паэзіі. Прапаную вашай увазе кампазіцыю ў выкананні легенды музычнай сцэны Марылі Радовіч (Maryla Rodowicz), якая спявае песню, напісаную таксама легендарнай Агнешкай Асецкай. Твор, адпаведны на канец зімы, хаця гаворка ў ім ідзе пра снежань, а не пра люты, але таксама зіма.

Да песні пяройдзем пазней, а цяпер некалькі слоў пра выканаўцу. Думаю, многія нашы слухачы, калі хаця б крышку цікавяцца польскай эстрадай, чулі прозвішча Радовіч – гэта польская Ала Пугачова, або наадварот, Пугачова – гэта расійская Радовіч, адным словам, чалавек, які аказаў агромністы ўплыў на развіццё музычнай спадчыны народа і заўсёды будзе ў яго памяці, стаў эталонам яшчэ пры жыцці.

Марыля нарадзілася 8 снежня 1945 года ў Зялёнай Гуры. У адрозненні ад расійскай зоркі шоу-бізнесу самай вялікай велічыні Алы Пугачовай, Марылі не прыйшлося з’язджаць са сваёй краіны, яна тут сябе выдатна адчувае, да яе адносяцца з поўнай пашанай, усё яшчэ часам выступае на сцэне, хаця яна ўжо сваё зрабіла, і магла б спачываць на Алімпе.

Калі я ўжо пачала згадваць звесткі біяграфіі пані Марылі, то нельга не сказаць, што яна – былая спартсменка, у маладосці заваявала бронзавы медаль у бегу з перашкодамі падчас нацыянальнага спаборніцтва па лёгкай атлетыцы. Моцны арганізм і спартыўная вытрымка, без сумнення, дапамагалі ёй у працы на сцэне, якая таксама патрабуе ўстойлівасці на стрэч і моцнага здароўя, як і спорт.

У рэпертуары Марылі – каля 2 тыс кампазіцый, за працавітасць, непаўторны голас і харызму яе называюць «каралевай польскай песні». Шмат яе песняў стала вялікімі шлягерамі, якія папулярныя дагэтуль і часта гучаць у эфіры польскіх радыёстанцый ды па тэлебачанні. І многія хіты – гэта песні, пакладзеныя на вершы Агнешкі Асецкай. Дарэчы, Радовіч блізка супрацоўнічала з Асецкай. Вось і сённяшняя кампазіцыя, хаця яна не стала такім вядомым шлягерам, як, скажам, «Няхай жыве баль», але ёсць у ёй нейкая шчымлівая туга, характэрная для вершаў Асецкай. «Яшчэ зіма» – спявае Марыля Радовіч.

Jeszcze zima, ptaki chudną, chudym ptakom głosu brak. W krótkie popołudnia grudnia w białej chmurze milczy ptak. Jeszcze zima, dym się włóczy, w wielkiej biedzie żyje kot i po cichu nuci, mruczy: kiedy wróci trzmiela lot... Pod śniegiem świat pochylony, siwieje mrozu brew. To pora zmierzchów czerwonych, to pora czarnych drzew. A wiatr w kominie śpi, bo ciemno. A ja? Co ja? Co będzie ze mną? Jeszcze oczy ci rozjaśnia moje słowo i mój gest. Jeszcze świecę ci jak gwiazda, ale to już nie tak jest. Jeszcze tyle trzeba przebyć niewesołych, bladych zim. Czy nam zimy wynagrodzi letnich ognisk wonny dym? A wiatr w kominie śpi, bo ciemno. A ja? Co ja? Co będzie ze mną

Яшчэ зіма, птушкі худнеюць, у худых птушак няма голасу. У кароткія дні снежня ў белым воблаку маўчыць птушка. Яшчэ зіма, дым сцелецца, у вялікай галечы жыве кот, і ціхенька напявае ды мурлыкае: калі ж ужо вернецца палёт чмяля... Пад снегам свет пахіліўся, сівеюць ад інею бровы маразоў. Гэта пара чырвоных змярканняў, гэта пара чорных дрэваў. А вецер у коміне спіць, бо цёмна. А я? Што я? Што са мной будзе? Яшчэ твае вочы яснеюць ад маіх слоў і маіх жэстаў. Я ўсё яшчэ ззяю для цябе, як зорка, але гэта ўжо не так. Яшчэ трэба прайсці столькі гаротных, бледных зім. Ці нам кампенсуюць зіму летніх вогнішчаў духмяны дым? А вецер у коміне спіць, бо цёмна. А я? Што я? Што будзе са мной?

У гэтай песні шмат інверсіяў – перастаноўкі словаў. Гэта тыпічны паэтычны прыём. Я старалася перакладаць згодна з тым, як пісала Агнешка Асецка, хаця ў гутарковай мове няма такой расстаноўкі словаў.

Ptaki chudną – птушкі худнеюць. Па-польску можна худзець, можна таўсцець (tyć, przytyć), але няма адпаведнікі беларускага паправіцца ў значэнні «патаўсцець» або «выздаравець». Палякі скажуць wyzdrowieć, wydobrzeć, wrócić do zdrowia, przytyć, nabrać ciała, zaokrąglić się, nabrać tuszy. Трэба сказаць, што большасць гэтых выразаў – нейтральныя або адмоўныя, якія адлюстроўваюць негатыўныя адносіны да поўных людзей. Дарэчы, па-польску нельга сказаць pełny człowiek у значэнні «поўны», можна такую асобу назваць pulchna, каб не казаць gruba – тоўстая.

Chudym ptakom głosu brak – у худых птушак няма голасу, а даслоўна «худым птушкам бракуе голасу» – папулярная канструкцыя польскай мове – камусьці чагосьці brakuje (не стае, бракуе, не хапае).

W białej chmurze milczy ptak – у белым воблаку маўчыць птушка. Па-польску chmura можа быць белай, у адрозненні ад беларускай мовы, дзе хмара атаясамліваецца з цёмным колерам.

W wielkiej biedzie żyje kot – у вялікай галечы жыве кот. Bieda па-польску – гэта вялікая беднасць, галеча.
Wonny dym – духмяны дым. Woń – гэта прыемны пах у польскай мове.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы