Беларуская Служба

Фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» ужо трэці раз адбыўся ў замежжы

19.02.2024 15:52
Прэмія, якая ўручаецца на фестывалі, вызначае кірунак у літаратуры Беларусі.
Аўдыё
  • Беларускі літаратурны фестываль у Вільні.
 .
Андрэй Хадановіч. Фота: Яраслаў Іванюк

Беларускія літаратары з усяе Еўропы прынялі ўдзел у Міжнародным паэтычным фестывалі памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», які ў нядзелю закончыўся ў Вільні. Большасць удзельнікаў – гэта творцы, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, уцякаючы перад пераследам, але прыехалі таксама госці з самой Беларусі.

Два дні ў літоўскай сталіцы адбываліся прэзентацыі новых беларускіх кніг, якія ў асноўным выходзяць зараз у эміграцыі. Праходзілі аўтарскія сустрэчы і дыскусіі пра літаратуру. Традыцыйна адбылася таксама «Ноч паэзіі», дзе кожны мог прадставіць свае творы. Падчас фестывалю былі абвешчаныя пераможцы літаратурных прэміяў імя Міхася Стральцова і Цёткі.

Ціхан Чарнякевіч з Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў гаворыць, што спачатку было вельмі складана наладзіць імпрэзу паза межамі Беларусі.

- Першы раз – гэта наогул быў 2022 год. Была вельмі складаная сітуацыя з увагі на тое, што былі яшчэ ковідныя абмежаванні, забароны на перасячэнне межаў. І гэта было акурат пасля ліквідацыі нашай арганізацыі. То бок, гэты першы раз быў самы складаны, але мы вырашылі, што ўсё-такі яго трэба зрабіць, каб не рабіць перапынку, таму што зробіш перапынкі – і яны могуць зацягнуцца… А фэст павінен жыць. Першы раз за мяжою ён нават праходзіў пад назвай «Вялікае княства паэзіі» пад эгідай Літоўскага саюза пісьменнікаў. Усе разумелі, што гэта Стральцоўскі фэст, але было больш-менш таямніча. Тады было вельмі шмат гасцей з Беларусі. Цяпер, на жаль, іх усё менш і менш… Многія проста з'ехалі за гэтыя тры гады. Яны цяпер у Польшчы, у Літве. У нейкім сэнсе гэта плюс, у нейкім сэнсе мінус, канешне. Таму што, на жаль, тыя сотні людзей, якія хадзілі да нас у Менску, гэта не тыя людзі, якія прыехалі ў Вільню. Але ўсё ж для беларусаў тут у Літве і наогул для літаратараў гэта вельмі важна. Вялася таксама трансляцыя, будуць запісы і людзі хаця б віртуальна змогуць патрапіць на фэст.

Алена Стральцова. Алена Стральцова.

Фестываль «Вершы на асфальце» – гэта таксама абвяшчэнне пераможцы прэміі імя Міхася Стральцова. У гэтым годзе прэмію атрымаў паэт Усевалад Сцебурака. Была выдадзеная яго кніга «Беларускія зоркі». Гаворыць жонка Міхася Стральцова, сябра журы прэміі Алена Дзмітрыеўна.

- Справа ў тым, што я ведаю Усевалада ўжо даўно і сачу за яго творчасцю. Мне вельмі падабаюцца яго вершы, але перш за ўсё ён сам як чалавек. Гэта такі сумленны чалавек, добра выхаваны, патрыёт Беларусі. На жаль, на гэта ёсць прычына, што няма Усевалада з намі, але мы ў Менску збяромся ў маёй хаце, як мы робім гэта ўжо некалькі гадоў падрад, і ўручым яму прэмію.

Уладзімір Някляеў Уладзімір Някляеў

Паэт, сябра журы Уладзімір Някляеў:

- Ён і пачынаў не кепска, але апошнімі гадамі вельмі вырас якасна як паэт. З чалавека, які проста пісаў вершы, стаў чалавекам асэнсавання сучаснасці, асэнсавання нашага лёсу. Пачаў пісаць вельмі сурʼёзныя вершы і на вельмі добрым узроўні, калі глядзець з пункту гледжання паэтычнага майстэрства і ўсіх гэтых рэчаў, звязаных з версіфікацыяй.

У Вільні былі таксама агучаныя імёны пераможцаў прэміі Цёткі. У тэкставай намінацыі за лепшую дзіцячую кнігу перамог Антон Францішак Брыль з кнігай «Мышыныя каляды», а ў намінацыі за лепшае мастацкае афармленне лаўрэаткай стала Лілія Бусарава за афармленне кнігі Эдзі Агняцвет «Мой рыжы Бім».

Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» закончыўся канцэртам «Філаматы» – гэта супольны музычны праект гурта Рэлікт і паэта ды музыкі Уладзіміра Лянкевіча. Гэта канцэптуальная спроба зразумець філаматаў першай паловы 19 ст. і іхных сучаснікаў, улічваючы актуальны беларускі досвед.

Яраслаў Іванюк, фатаграфіі аўтара.

Слухайце далучаны гукавы файл.


Ганна Янкута. Ганна Янкута.
Кніжны кірмаш. Кніжны кірмаш.
Юрый Несцярэнка. Юрый Несцярэнка.
Беларускі літаратурны фестываль у Вільні. Беларускі літаратурны фестываль у Вільні.
Андрэй Сцепанюк. Андрэй Сцепанюк.
Дзмітрый Строцаў. Дзмітрый Строцаў.