Беларуская Служба

Калі чарга будзе стаяць на вуліцы, то нам не прывыкаць, такое здаралася і ў Мінску — выдавец Андрэй Янушкевіч

29.02.2024 07:03
У Варшаве на Празе, гэта гістарычны раён польскай сталіцы, беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў кнігарню «Кнігаўка». Паразмаўлялі з ім пра канцэпцыю месца, попыт на беларускую літаратуру ў сучасным свеце і хіты продажаў выдавецтва.
Аўдыё
  • Выдавец Андрэй Янушкевіч: Стартаваў продаж чацвёртай кнігі пра Вядзьмара аўтарства Анджэя Сапкоўскага, разлічваем на поспех.
 .
Андрэй Янушкевіч.Radyjo.net

Слухайце размову цалкам у далучаным файле!

– Гэта будзе кнігарня беларускіх кніг з самым лепшым, што выходзіць па-беларуску. Але мы адкрытыя ўсяму свету: у нас ёсць дастаўка ў многія краіны, працуе дастаўка ў Беларусь. Магу сказаць, што дастаўкі па-за межы Польшчы – гэта прыкладна палова нашых заказаў. Самыя далёкія краіны – Мексіка, Новая Зеландыя, Турцыя. Але найбольш замаўляюць з краін-суседак: гэта Літва, Германія, Чэхія.

– У вас невялікае памяшканне, тым не менш, ці плануецца яго выкарыстоўваць для нейкіх культурніцкіх мерапрыемстваў?

– Так, безумоўна, будзем выкарыстоўваць для аўтограф-сесій, розных акцый. А тое, што чарга будзе стаяць на вуліцы, нам не прывыкаць – пару разоў з такім сутыкнуліся ў Мінску. Але насамрэч такая плошча для нас аптымальная, бо каталог беларускіх кніг невялікі. Баюся, з тымі тэмпамі, як у нас развіваецца кнігавыдавецкая дзейнасць, гэтай плошчы хопіць яшчэ надоўга.


. 

– Пісьменнікі мала пішуць?

– І пісьменнікі мала пішуць, і кніг мала выдаецца. Ёсць вялікая праблема матэрыяльных рэсурсаў – ты не можаш сабе дазволіць выдаваць адразу па дзясятку кніг, бо папросту няма адпаведных абаротных сродкаў.

– Ці можаце назваць бестселеры вашага выдавецтва за мінулы год?

– Безумоўна мінулы год прайшоў пад знакам Альгерда Бахарэвіча. Быў перыяд, калі браць наша выдавецтва і выдавецтва «Вясна», то адначасова ў продажы знаходзіліся шэсць пазіцый. У мінулым годзе выйшла тры новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча, гэта выклікала чытацкі інтарэс. Кнігі гэтага аўтара добра прадаваліся і прадаюцца.

– Ці маеце на што паставіць сёлета?

– Безумоўна, нас трымаюць на плыву вечныя бестселеры. У снежні мінулага года мы выдалі беларускі пераклад кнігі Джона Толкіена «Валадар Пярсцёнкаў». Кніга адразу стала хітом продажаў, і гэта зразумела, бо гэта адна з найлепшых кніг 20 стагоддзя, нічога дзіўнага. Гэтак жа пару гадоў таму нас цягнулі ўверх продажы перакладаў кніг Джаан Роўлінг пра Гары Потэра.

Толькі стартаваў продаж чацвёртай кнігі пра Вядзьмара аўтарства Анджэя Сапкоўскага, таксама разлічваем на поспех.

Спадзяемся і на маладую беларускую літаратуру. Ёсць падставы для аптымізму Гэта і кнігі Альгерда Бахарэвіч, і Ганна Янкута сябе добра паказала. Маем у партфелі некалькі добрых рукапісаў, як дзіцячай літаратуры, так і дарослай.

Тое, што мы адкрылі кнігарню ў Варшаве, сведчыць, што ў сваім развіцці мы дасягнулі моманту, калі патрэбны пункт апоры. Будзем працаваць тры ў адным: выдавецкі офіс для сустрэч з аўтарамі, перакладчыкамі, рэдактарамі, мастакамі і не толькі, гэта  паўнавартасная кнігарня, дзе будзем акумуляваць найлепшыя беларускія кнігі, а таксама  пункт выдачы замоў.


.

– Агучвалася меркаванне, што пасля 2020-га быў усплёск продажаў беларускамоўных кніг, пазней рынак насыціўся і цяпер кнігі прадаюцца не так добра. Гэта праўда?

– Так, у 2020-ым быў усплёск, які я адчуў на сабе. У жніўні-верасні 2020-га ў Беларусі было адчуванне бязмежнай свабоды, і людзі папросту пацягнуліся да беларускага, ім стала цікава хто мы ёсць, што з намі будзе далей? Гэта быў момант шалёнага пошуку ідэнтычнасці, у тым ліку і з дапамогаю кніг. Момант эйфарыі, яле яна мае кароткі час. І я б не сказаў, што цікаўнасць сцішылася, яна ўвайшла ў нармальны перыяд. Людзі пазнаёміліся з беларускімі кнігамі, і наша задача далей не ўпусціць гэтых людзей, даваць ім новыя кнігі.

І тут я не скажу, што мы вытрымалі гэты экзамен, як з суб’ектыўных, так і з аб’ектыўных прычын. Так сталася, што недзе на год мы павінны былі амаль спыніць сваю дзейнасць, моцна запаволіцца па зразумелых прычынах. Той жа пераезд у Варшаву нам даўся ў знакі. Але я ведаю, што літаральна цяпер і тут можна моцна інтэнсіфікаваць працу. Выдаваць кнігі не так дорага, як здымаць кіно, ставіць спектаклі. Беларусь заўсёды была славутая сваёй літаратурай, сваімі пісьменнікамі, некаторыя з іх маюць сусветнае прызнанне. Таму гэты напрамак трэба больш інтэнсіўна развіваць.

– Ці можаце параўнаць, колькі займае часу, энергіі, арганізаваць справу па выдавецтву, продажы кніг у Беларусі і Польшчы?

– Калі я пачынаў дзесяць гадоў таму, быў зусім недасведчаны. Агулам на той момант выдавецкая справа была на іншым узроўні. Магу сказаць, што калі пераехаў у Варшаву, то ў сэрвісным, тэхналагічным плане Польшча далёка наперадзе Беларусі. Узяць тыя ж магчымасці дастаўкі: безліч кур'ерскіх службаў, пачкаматы (скрынкі, дзе можна ў любы зручны час забраць сваё замаўленне, – рэд.), выбар друкарань, паліграфічных матэрыялаў не супастаўны з беларускім.

Апошнім часам мы былі вымушаныя друкавацца ў Літве, бо не маглі ў беларускіх друкарнях знайсці адпаведнай якасці паперу, пераплёты і іншае. І ў плане спрыяння, мясцовага заканадаўства тут усё скіравана на спрыянне бізнесу. Канешне, шмат складанасцяў з падатковай, бухгалтэрыяй, але гэта надзённыя праблемы. У Беларусі ты не тое, што быў нікому не патрэбны, але недзе на ўзбочыне, на маргінале, нікому не цікавы, існуеш і існуй, гэта твае ўласныя праблемы.


. 

– Чаму раён Прага абралі для працы, як лакацыю?

– Ігралі такія фактары, як блізкасць да складу, добрая лагістыка для людзей, кошты на арэнду. З усіх магчымых варыянтаў Прага адпавядала нашым патрэба найлепей. Гэта амаль цэнтр, толькі па іншы бок Віслы, вясною адкрыецца мост праз раку для пешаходаў і веласіпедыстаў, прадказваюць, што па ім будуць хадзіць натоўпы. Думаю, гэта ўсё дапаможа, каб да нас было нескладана і радасна завітваць.

Кнігарня месціцца па адрасе: Варшава, вул. Kłopotowskiego, 4.

вх