Беларуская Служба

Аўтар выставы «Мы, еўрапейцы»: Люблінская унія дазволіла захаваць тоеснасць літоўцам, украінцам і беларусам

27.03.2024 18:00
Гісторыя аб'яднанай Еўропы пачалася значна раней, чым паўстаў Еўрапейскі Саюз, яе карані сягаюць XVI стагоддзя. 
Аўдыё
  • Выстава «Мы, еўрапейцы. Ад Люблінскай уніі да Еўрапейскага Саюза».
:
Фота:БСПР/нг

У варшаўскім Музеі незалежнасці можна пазнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай аб’яднанай Еўропе. Выстава называецца «Мы, еўрапейцы. Ад Люблінскай уніі да Еўрапейскага Саюза», яна прымеркаваная да сёлетняга адзначэння ўгодкаў падпісання Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 года і 20-годдзя ўступлення Польшчы ў ЕС 1 мая 2004 года.  

Гісторыя Еўрапейскага Саюза пачынае свой адлік у 1957 годзе, калі 25 сакавіка ў Рыме сустрэліся лідары шасці дзяржаваў Еўропы – Францыі, Італіі, ФРГ, Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга. У выніку быў падпісаны Рымскі дагавор, які паклаў пачатак еўрапейскай супольнасці. З гэтага важнага моманту і пачаў прэзентацыю гістарычнай падзеі старшыня Фундацыі Willa Polonia, аўтар экспазіцыі «Мы, еўрапейцы» доктар гуманітарных навук, былы сенатар Ян Сэнк (Jan Sęk). Ён згадаў, што розныя ідэалагічныя бакі лічылі гэтую падзею важнай па-свойму.

- Хрысціянскія лідары лічылі, што гэта важна для хрысціянства, лідары левых сілаў – што гэта яны ажыццяўляюць свае планы. У сваю чаргу, агенцтва ТАСС Савецкага Саюза паведаміла, што рэзка ўзрастае напружанасць, звязаная з НАТА і яго агрэсіўнай палітыкай. І нічога не змянілася дагэтуль. Але тады вялікая справа Еўрапейскага Саюза пачала свой адлік.

Аднак, паводле ідэі аўтара экспазіцыі, гісторыя аб’яднанай Еўропы пачалася зусім не ў 20-ым стагоддзі, а значна раней. Ян Сэнк згадаў пра Люблінскую унію. Яе заключэнне, пераход Польскага каралеўства ад персанальнай уніі да рэальнай, далі магчымасць народам нашай часткі Еўропы на працягу стагоддзяў захоўваць незалежнасць.

- Гэта на самой справе дазволіла, нягледзячы на вечныя прэтэнзіі літоўцаў, захаваць ім незалежнасць. Нагадаем, што смяротнай пагрозай былі для іх расійскія войскі, калі ім удалося заняць Вільню, яны забілі тысячы жыхароў. Дзякуючы уніі ўдалося захаваць нацыянальную тоеснасць таксама ўкраінцам і беларусам. Тагачасны кароль Жыгімонт Аўгуст меў перспектыўнае бачанне – ён разумеў, што Еўропе патрэбная талерантнасць, міласэрнасць і прабачэнне. Дагэтуль гісторыкі спрачаюцца наконт прымірэння Польшчы з Прусіяй, уладар якой схіліў калена перад польскім каралём у Кракаве. Жыгімонт згадзіўся, каб дзяржава стала больш адкрытай таксама на захад. Мы былі еўрапейцамі ў той перыяд, калі ў Францыі і Англіі забівалі адзін аднаго, вялі рэлігійныя войны.


Герб Рэчы Паспалітай. Герб Рэчы Паспалітай.

З калекцыі Яна Сэнка паходзяць каштоўныя экспанаты, прадстаўленыя на экспазіцыі. Сярод іх, у прыватнасці, мініяцюра – копія скульптуры помніка Люблінскай уніі, партрэт караля Жыгімонта Аўгуста, партрэт патрона Любліна – святога Антонія. У ліку экспанатаў ёсць таксама партрэт вялікага нямецкага кампазітара Людвіга ван Бетховена. Менавіта ён напісаў музыку да оды, названай «Да радасці» аўтарства Фрыдрыха Шылера, якая стала афіцыйным гімнам Еўрапейскага Саюза.


Кампазітар Людвіг ван Бетховен, аўтар музыкі оды "Да радасці", гімна ЕС Кампазітар Людвіг ван Бетховен, аўтар музыкі оды "Да радасці", гімна ЕС

У цэнтры калекцыі знаходзіцца выява папы рымскага Яна Паўла ІІ і серыя васьмі бронзавых скульптур Сібілы Еўрапейскай Салідарнасці. Ян Сэнк нагадаў, што вялікі прадстаўнік польскага народа, папа Ян Павел ІІ разумеў важнасць яднання Еўропы. Пра гэта ён казаў у сваіх прамовах.

- Папа Ян Павел ІІ заявіў у спецыяльнай прамове з нагоды ўгодкаў выбару яго на пасаду, што Польшча патрэбная Еўропе, а Еўропа патрэбная Польшчы. Выстава праходзіць пад дэвізам «Мы, еўрапейцы. Ад Люблінскай уніі да Еўрапейскага Саюза». Аўтарам гэтага сказу з’яўляецца менавіта Ян Павел ІІ. А Еўрапейскі Саюз у той ці іншай ступені закранае нас усіх, незалежна ад нашай волі. Нават будынак гэтага музею, яго рамонт. Я памятаю, што калісьці тут быў Музей Леніна, гэта быў зусім іншы будынак, немагчыма нават параўноўваць. Цяпер тут Музей незалежнасці. Або хаця б Люблін (дзе была падпісаная унія), як ён змяніўся. Калісьці польскі актор Хімільсбах казаў, што дарог будуюць шмат, а няма куды ісці. Цяпер жа нам ёсць куды ісці.


Папа рымскі Ян Павел ІІ. Папа рымскі Ян Павел ІІ.

Нагадаем, унія, заключаная 1 ліпеня 1569 года ў Любліне, была пагадненнем паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Яе называлі «рэальнай уніяй», у адрозненні ад папярэдніх, якія звязвалі дзве дзяржавы толькі праз асобу манарха (персанальная унія). У выніку была створаная дзяржава, названая Рэч Паспалітай Абодвух Народаў – з адзіным манархам, гербам, сеймам, валютай, замежнай і абароннай палітыкай. А ў вялікую супольнасць дзяржаў, якая была створаная праз прыкладна чатыры стагоддзі пасля гэтага – у Еўрапейскі Саюз – Польшча ўвайшла 1 мая 2004 года.

Выстава будзе працаваць да канца чэрвеня бягучага года.

Суарганізатарам выступіла фундацыя Willa Polonia. Мерапрыемства праходзіць пад ганаровым патранатам маршалка Мазавецкага ваяводства Адама Струзіка і мэра Любліна Кшыштафа Жука. Медыя-патранат узяло на сябе між іншым Польскае радыё.

 нг