Беларуская Служба

Вучоны: Лёс і роля Вільні падобны да сітуацыі Бруселя

09.05.2024 14:33
Выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта Роман Шуль аналізуе гісторыю беларусаў і іх суседзяў у еўрапейскім і сусветным кантэксце.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р.Шуль пра беларусаў і бельгійцаў.
        Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie.
Вокладка і фрагменты рэцэнзій на кнігу Романа Шуля Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie. Foto: https://scholar.com.pl/pl/ksiazki/11-separatyzmy-ruchy-niepodleglosciowe-i-regionalizmy-we-wspolczesnej-europie.html?search_query=szul&results=34

Выкладчык Цэнтра еўрапейскіх рэгіянальных і лакальных  даследаванняў Інстытута Амерыкі і Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Роман Шуль даўно вывучае гісторыю нацыянальных рухаў у розных краінах свету. Яго развагі цікавыя і ў беларускім кантэксце.

Роман Шуль адзначае, што ёсць пэўныя пытанні, адказ на якія ўжо знойдзены ў працэсе развіцця народаў і дзяржаў. Аднак яны ўсё роўна ўзнікаюць у неафітаў нацыянальных рухаў.

Прыкладам нядаўняй спрэчкі можа быць варыянтнасць на пісьме і ў вусным польскім маўленні форм na Białorusi (Ukrainie) і w Białorusi (Ukrainie). Роман Шуль прапануе не палітызаваць штучна мовазнаўчае пытанне.

Роман Шуль: — Я выкарыстоўваю форму na Białorusi, якая з’яўляецца нарматыўнай у польскай мове. І ў ёй няма нічога абразлівага. Проста гэта такая польская мова — і таму мы гаворым: na Słowacji, na Węgrzech, na Ukrainie, na Litwie, na Łotwie. Але: w Bawarii, w Meklenburgii і г.д.

Прыназоўнік w не азначае, што абавязкова маецца на ўвазе дзяржава. Бо мне даводзілася чуць меркаванні аб тым, што прыназоўнік na нясе ў сабе нешта абразлівае для Беларусі, Украіны. Маўляў, прыназоўнік na сведчыць пра тое, што гэтыя краіны быццам бы з’яўляюцца рэгіёнамі іншых дзяржаў, а прыназоўнік w сведчыць аб тым, што гэтыя краіны з’яўляюцца дзяржавамі. Але Баварыя або Мекленбург — землі ў складзе Германіі, напрыклад, не з’яўляюцца дзяржавамі і г.д.

Роман Шуль у той жа час усведамляе, што такога роду дыскусіі не з’яўляюцца на пустым месцы. І гэтым пытанням ён збіраецца прысвяціць сваю чарговую кнігу.

Роман Шуль: — Я ўжо напісаў раздзел “Абуджэнне сялянскіх нацый у Еўропе”. У ім ідзе размова пра ўкраінцаў, беларусаў, літоўцаў, фламандцаў. Яны ў свой час “абудзіліся”. І перад імі ўзнік выбар: у выпадку ўкраінцаў — ці быць ўкраінцам, палякам ці, можа, рускім. У выпадку фламандцаў гэта быў выбар паміж фламандцамі, французамі і бельгійцамі.

Гэта “сялянскае абуджэнне” ішло ў розных кірунках. Закранула яно і палякаў. Але спярша “абудзіліся” чэхі. Потым, у 1848 г., у Галіцыі “абудзіліся” сяляне. А праз некалькі дзесяцігоддзяў польскія сяляне пайшлі ў легіёны ваяваць з бальшавікамі.

У сваіх кнігах Роман Шуль апісвае і аналізуе такую з’яву, якая, здавалася б, тыповая для беларусаў, калі людзі саромеюцца сваёй роднай мовы. Аднак польскі даследчык запэўнівае, што такім сорам уласцівы насельніцтву розных краін.

Роман Шуль: — Тут мы маем справу з насельніцтвам, якое адчувае комплекс, што яно “ніжэйшае” за іншых. Але ў ХІХ ст. гэты комплекс мела больш за 80-90% насельніцтва Еўропы — сяляне. А над імі знаходзіліся шляхта, інтэлігенцыя, якія мелі нацыянальную свядомасць — польскую, нямецкую, французскую, бельгійскую франкамоўную.

І сяляне мусілі неяк да гэтага прыстасавацца. Нельга ўжо было быць проста селянінам. Некалькі гадоў таму па-англійску выйшла кніга From Peasants to Frenchs (“З сялян у французы”) — пра тое, як французскія сяляне “сталі” французамі. І ў гэтым выпадку французская ідэя не мела канкурэнтаў.

Былі таксама рэгіянальныя ідэнтычнасці ў Правансе, Брэтані, але занадта слабыя, каб стаць процівагой французскай. А вось у Бельгіі сяляне мелі выбар: або стаць франкамоўнымі бельгійцамі або фламандцамі. І многія франкамоўныя сяляне сталі “бельгійцамі”. У многіх з іх нідэрландскія прозвішчы, але яны ўжо франкамоўныя. Але не ўсе сталі франкамоўнымі бельгійцамі. Частка стала фламандцамі.

Так склалася гістарычна, што Фландрыя не магла аддзяліцца ад Бельгіі. І ўсё з-за Бруселя. Гэты горад падобны да Вільні нядаўніх часоў: у сярэдзіне (нідэрландскамоўнай. — Рэд.) Фландрыі ляжыць французскамоўны горад Брусель. І калі б Фландрыя аддзялілася, то без Бруселя. Таксама і літоўцы не маглі аддзяліцца (ад Польшчы. — Рэд.) без Вільні.

Таму было вырашана дзеля захавання ў адзінстве з Фландрыяй Бруселя захаваць адзінства Бельгіі. Таму Бельгія пераўтварылася ў федэрацыю трох рэгіёнаў, якія адпавядаюць тром моўна-этнічным супольнасцям.

Усё гэта ілюструе больш шырокую тэндэнцыю. Там, дзе канкурыруюць нацыянальныя ідэі, адбываецца выбар: быць беларусам, палякам, літоўцам або рускім, або адкінуць усе вышэйпералічаныя ідэнтычнасці і быць “тутэйшым”.

Дарэчы, нядаўна ў варшаўскім выдавецтве Scholar выйшла кніга Романа Шуля Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie (“Сепаратызм, рухі за незалежнасць і рэгіяналізм у сучаснай Еўропе”).

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Адам Замойскі: Вільня — бастыён Захаду

09.11.2023 15:53
Мацей Радзівіл напомніў, што Вільня вельмі важная для беларусаў.

Праф. Роман Шуль: Беларусь —  гэта ўжо не Расія, але яна ўсё яшчэ даспявае да сваёй ідэнтычнасці

18.04.2024 14:03
У варшаўскім выдавецтве Scholar выйшла кніга польскага даследчыка Романа Шуля Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie.