Беларуская Служба

Гурт «Гайда Банда» збірае на краўдфандынгавай платформе сродкі на запіс другой кружэлкі

30.05.2024 21:39
На пачатку 2023 года музыканты выдалі першую кружэлку, цяпер падрыхтавалі ўжо другі кампакт-дыск.
Аўдыё
  • Польска-беларускі гурт збірае сродкі на другі дыск.
-   .
Польска-беларускі гурт «Гайда Банда». Фота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Польска-беларускі гурт «Гайда Банда» заснавала Дар’я Буцкая з Беларусі, якая атрымала ў Польшчы стыпендыю «Gaude Polonia» Нацыянальнага цэнтра культуры. Калектыў выконвае традыцыйную музыку з Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся. Гурт даў ужо каля 70 канцэртаў, удзельнічаў у прэстыжных музычных мерапрыемствах, між іншым фестывалі Польскага радыё «Новая традыцыя».

На пачатку 2023 года музыканты выдалі першую кружэлку, цяпер падрыхтавалі ўжо другі кампакт-дыск, на выданне якога збіраюць сродкі на папулярнай краўдфандынгавай платформе Zrzutka.pl. Гэта выдатная магчымасць хутка сабраць грошы – гаворыць Дар’я Буцкая.

- Гэта папулярны ў Польшчы сэрвіс, які выкарыстоўваецца дзеля збірання сродкаў на розныя мэты. Гэта можа быць запіс дыску, закуп абсталявання, мікрафонаў і г.д. Мы карыстаемся гэтай магчымасцю, у нас крыху назбіралася фанаў нашай музыкі, і мы хочам сабраць сродкі. Мы запісалі амаль увесь матэрыял на другую кружэлку, шукаем вытворцаў, якія маглі б нас выдаць. Так што мы ў працэсе, але ўсе гэтыя працэсы вельмі дорага каштуюць, таму мы вельмі спадзяемся на падтрымку. Для нас важна зрабіць таксама кліп да сінглаў.

Які від музыкі выконвае гурт? Адказвае музыкантка калектыву Ніка Юрчук.

- Мы граем музыку з Падляшша, з Заходняй Беларусі і Палесся. Гэта музыка «ад бабуль і дзядуляў», традыцыйная. Яна сапраўды была на гэтай тэрыторыі, яна не ананімная. Гэта больш інструментальная музыка, хаця на другой кружэлцы будуць песні. Гэта песні на мясцовай гаворцы, якая захавалася ў рэгіёне. У нас гавораць «падляшская мова» – гэта мікс беларускай, украінскай і польскай. Мне здаецца, што пакаленне маіх бацькоў саромелася такой музыкі, а цяпер я бачу, што ўсё больш людзей цікавяцца ёю, нават у Варшаве ёсць месцы, дзе сустракаюцца маладыя людзі, слухаюць музыку, танцуюць, ствараецца шмат гуртоў. Гэта адраджаецца, людзі цікавяцца сваімі каранямі.

Сродкі на першы дыск група таксама збірала на краўдфандынгавай платформе.