Беларуская Служба

Мастачка Вольга Баравікова з Беларусі прадставіла незвычайную выставу ў Польшчы

10.06.2024 16:00
Кожны дзень на працягу 2023 года яна малявала свае ўласныя партрэты – іх 365.
Аўдыё
  • Выстава Вольгі Баравіковай у Познані.
 .
Патрэты мастачкі.Фота: Павел Залескі

Вытрымала і выразіла сябе…

Выстава называецца “Samość” і адкрылася ў памяшканні культурніцкага фонду “Barak Kultury” ў Познані. Першае ўражанне наведвальнікаў – здзіўленне. Усе сцены завешаныя партрэтамі аднаго і таго ж чалавека. Нехта з дасведчаных палякаў заўважае, што не памятае падобных выстаў у Познані.

Спадар Ілля, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы экспазіцыі, распавядае, што такім чынам мастачка праявіла цікавасць да сваёй асобы. З аднаго боку яе цікавіла, ці зможа яна вытрымаць 365 дзён, а з другога – пошук нейкага новага спосабу, каб выразіць сябе ў мастацтве.

А чаму менавіта партрэты? Таму што ты пастаянна сам на сам, самае блізкае падчас працы побач, і было цікава знаёмства з самой сабою. Яна малявала іх кожны вечар, прычым у адзін і той жа час. Некаторыя з’яўляліся за некалькі хвілін, а на іншыя траціла некалькі гадзін. Кожны дзень даваў ёй нейкі новы вопыт. Атрымаўся своеасаблівы дзённік. І кожны дзень новы партрэт выкладала ў Інстаграм, каб было бачна, што працуе.

Ёй не патрэбна было нейкае адмысловае месца і матэрыялы. Малявала алоўкам, вугалем, шарыкавай ручкай, пастэллю, акварэллю і маслам – усё ў залежнасці ад настрою. Малявала на чыстых лістах паперы, а часам на старонках кніг, у нататніках, на старонках тэхнічных чарцяжоў, прычым выкарыстоўвала розную тэхніку малявання.

- Больш за ўсё мяне ўразіў аб’ём выкананай працы, - падкрэслівае спадар Ілля. – Мне здаецца, што гэта вельмі складана кожны дзень ствараць мастацкія творы. А яшчэ больш складана маляваць самога сябе, бо не заўсёды мы сабе падабаемся, не заўсёды ў нас ёсць настрой. Мне здаецца, што гэтыя аўтапартрэты варта разглядаць не як асобныя працы – гэта адна вялікая зборная праца.

Спадар Ілля дадае, што калі яны развесілі экспазіцыю, мастачка сама была ўражана і здзіўлялася, якія яны розныя, рознакаляровыя, розныя па настрою. Маўляў, мы жывём такое доўгае жыццё і часта не заўважаем штодзённасці, наколькі яна можа быць рознай, і калі ёй штодня прысвяціць хоць трохі часу, то ў выніку да нечага можна прыйсці.

Кожны пражыты дзень – гэта маленькая гісторыя

Сярод наведвальнікаў шмат беларусаў, якія жывуць у Познані. Яны ахвотна дзеляцца сваімі ўражаннямі ад выставы. Яўгенія, студэнтка, прыемна ўражана ўбачаным.

- Для мяне гэта выстава – доўгі працэс. Тут відаць, як жыццё кожны дзень на нас уплывае. Кожны дзень – гэта маленькая гісторыя таго, як ты сябе адчуваеш, як на цябе ўплывае свет. І тут 365 партрэтаў – гэта вялікая праца. І яшчэ кожны дзень малявала ў адзін і той жа час – гэта вялікая праца. А мы кожны дзень адчуваем сябе па-новаму, але хутка забываем, як гэта было.

Гэта выглядае як пэўны летапіс

Кірыл падкрэслівае, што прыйшоў на выставу, бо даведаўся, што мастачка з Беларусі.

- Я бачу, што смутных партрэтаў больш, чым вясёлых. І чорна-белых больш, чым каляровых. Гэта значыць, што яна мела больш смутных дзён. Ідэя вельмі цікавая, бо гэта выглядае як каляндар, як дзённік, нават як пэўны летапіс.

Ні на воднай карціне няма ўсмешкі

Спадар Андрэй прызнаецца, што звычайна глядзіць карціны некалькі разоў, а потым пачынае пра іх выказвацца.

- Але першае, на што я звярнуў увагу – ні на воднай карціне няма ўсмешкі. Чаму так? Чаму за цэлы год не было ніводнага добрага настрою? Але ідэя мне падабаецца. Мне здаецца, што кожны дзень у нас розны. І тут гэта перададзена рознымі колерамі.

Адчуванне смутку

Спадарыня Валянціна задуменна разглядае выставу і, пачуўшы маё пытанне, сумна ўсміхаецца.

- У мяне перад вачыма нібы праляцела жыццё чалавека, жыццё жанчыны. Мне здаецца, гэта глыбокая творчасць. І ўражанне ад карцін – ціхага смутку. Па праўдзе кажучы, я гляджу і мне хочацца плакаць. Не ведаю чаму…

Яна так выказалася

Спадарыня Святлана кажа, што для яе такая выстава – нешта новае. Яна ўражана працай мастачкі, яе адкрытасцю і адначасова самотнасцю.

- Калі ў чалавека нешта накіпела і ёсць патрэба выказацца, але няма з кім пра ўсё гэта пагаварыць, то цяпер існуе шмат розных спосабаў, і адзін з іх – паразмаўляць сам на сам. Вось яна, напэўна, так выказалася.

Яе настрой пераносіцца на ўсю Беларусь

Аляксей звяртае ўвагу на тое, што партрэты выглядаюць нават трывожна, без усмешак на тварах. І з аднаго боку – гэта глыбока, а з іншага паўстае пытанне – ці ёсць тут надзея?

- Я ўпершыню бачу такі падыход. Вельмі шмат партрэтаў, яны ўсе розныя, але ўсе аднаго чалавека і перадаюць шмат розных пачуццяў. І зноў жа нідзе не бачыў усмешкі, яны ўсе панурыя, як і жыццё нашых суайчыннікаў у Беларусі. Мне здаецца, аўтарка вельмі добра перадае агульны стан, можа нават уласную апатыю, якую можна перанесці на кантэкст беларускі.

Мае ўражанні прыемныя

Спадар Павел кажа, што, нягледзячы на тое, што на партрэтах няма ўсмешак, яны не адштурхоўваюць, а наадварот, прыцягваюць.

- Яны не выклікаюць дэпрэсіі, а наадварот, калі ўзіраешся ў вочы, відаць пражытае. Відаць жыццё, тое, што адбывалася ў чалавека ўнутры. І гэта цікава. Мае ўражанні прыемныя.

Павел ЗАЛЕСКІ

Партрэты Вольгі Баравіковай. Партрэты Вольгі Баравіковай.
Партрэт, які мастачка напісала першым. Партрэт, які мастачка напісала першым.
Партрэт, які яна напісала апошнім. Партрэт, які яна напісала апошнім.