Беларуская Служба

Ці будзе Польшча збіваць расійскія ракеты? Выразная заява кіраўніка НАТА

15.07.2024 18:04
Ужо даўно вядуцца перамовы па пытанні адказу НАТА на расійскія ракетныя атакі, гэта значыць збіванні ракет, якія накіроўваюцца ў бок Польшчы, пакуль тыя знаходзяцца над украінскай тэрыторыяй.
 Patriot  ()
ЗРК Patriot (ілюстрацыя)Фота: shutterstock

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў у нядзелю, 14 ліпеня што ён супраць таго, каб Польшча збівала расійскія ракеты над тэрыторыяй Украіны. Такое меркаванне кіраўнік НАТА выказаў у інтэрвʼю ўкраінскаму тэлебачэнню.

«НАТА будзе падтрымліваць Украіну, і мы нядаўна павялічылі нашу падтрымку. Але палітыка НАТА застаецца нязменнай – мы не будзем удзельнічаць у канфлікце. Мы не станем часткай канфлікту. Менавіта таму мы падтрымліваем Украіну ў знішчэнні расійскіх самалётаў, але НАТА не будзе прымаць у гэтым непасрэднага ўдзелу», – сказаў Столтэнберг, калі яго папрасілі пракаментаваць прапанову Польшчы збіваць расійскія ракеты над украінскай тэрыторыяй, якія ляцяць у бок польскай мяжы.

У той жа час Енс Столтэнберг пацвердзіў сваю пазіцыю, што «Украіна мае права атакаваць ваенныя мэты на тэрыторыі краіны-агрэсара, Расіі. Гэта дакладна вызначана міжнародным правам, таму што гэта вайна, якую Расія пачала супраць Украіны. Украіна мае права на самаабарону, уключаючы ўдары па тэрыторыі агрэсара. Для мяне гэта абсалютна зразумела», – сказаў кіраўнік НАТА, які пакідае сваю пасаду.

Нагадаем, 8 ліпеня, пасля таго як Польшча і Украіна падпісалі пагадненне аб бяспецы, прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што гэта пагадненне замацавала неабходнасць абмеркавання пытання аб збіванні ракет, якія накіроўваюцца ў бок Польшчы, над украінскай тэрыторыяй. Тады палітык падкрэсліў, што гэтае пытанне патрабуе салідарнасці ў рамках НАТА.

Кіраўнік польскага ўрада нагадаў, што ўжо даўно вядуцца перамовы па пытанні адказу НАТА на расійскія ракетныя атакі, гэта значыць збіванні ракет, якія накіроўваюцца ў бок Польшчы, пакуль тыя знаходзяцца над украінскай тэрыторыяй.

pap/эж