Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня Магдалены Туль «Idź swoją drogą»

25.07.2024 17:38
Яна заўсёды марыла пра міжнародную кар’еру.
Magdalena Tul w studiu radiowej Jedynki
Magdalena Tul w studiu radiowej JedynkiWojciech Kusiński/Polskie Radio

Сёння я хачу прадставіць вам музыкантку, якой мала польскай сцэны, яна плануе пакарыць замежны музычны рынак. Завуць яе Магдалена Туль (Magdalena Tul). Нарадзілася выканаўца ў Гданьску ў 1980 годзе, упершыню выступіла на вялікай сцэне ў якасці спявачкі ў 2004 годзе, але перад гэтым у яе ўжо быў адносна багаты вопыт, паколькі Магдалена выступала ў музычных тэатрах – Buffo i Roma, была салісткай музычнай тэлеперадачы «Якая гэта мелодыя?».

Магдалена спявала не толькі пад уласным прозвішчам, але таксама выкарыстоўвала псеўданімы Lady Tullo i Sasha. Яна – аўтарка трох студыйных альбомаў: «V.O.H. – The Victory of Heart» (2007), «Brave» (2014) i «Mindfulness» (2019). У 2011 годзе з песняй «Jestem» прадстаўляла Польшчу на 56-ым Конкурсе песні «Еўрабачанне».

Магдалена кажа, што яна заўсёды марыла пра міжнародную кар’еру, каб дасягнуць поспеху за межамі Польшчы. Таму ў яе так шмат кампазіцый на англійскай мове. Будучы нядаўна госцем музычнай перадачы Першага каналу Польскага радыё, пяснярка сказала, што яна ўсё больш набліжаецца да здзяйснення сваіх мараў.

«Хацелася б, каб маё жыццё было поўнае прыгод, працы і музыкі. Дарога – гэта самае галоўнае для мяне, а не пункт прызначэння. Магчымасць самаразвіцця, самарэалізацыі, знаёмства з людзьмі – вось што мне больш за ўсё падабаецца ў маёй працы. Калі заходжу на здымачную пляцоўку, у студыю, то думаю: гэта маё», – распавяла Туль.

Яна прадставіла сваю новую песню «Make Me Believe». Кампазіцыю напісалі амерыканскія аўтары. Я не магу прадставіць яе ў нашым эфіры, паколькі нас цікавяць песні на польскай мове. Таму я выбрала іншую кампазіцыю ў выкананні Магдалены Туль. Яна называецца «Idź swoją drogą» (Ідзі сваёй дарогай). І, на маю думку, добра адлюстроўвае характар і мары спявачкі.

Idź swoją drogą

Całe życie masz przed sobą

Idź swoją drogą

Nie licz na nikogo

 

Każdy z nas chce choć raz

Unieść się i dotknąć gwiazd

Cudem spełnić nierealny sen

Jak najwyżej się wzbić

Zaznać czego nie zna nikt

Żyć codziennie niecodziennym dniem

I uwierz gdy powiem, że

To najlepszy znak

Gdy wszystko idzie źle

 

Podaj dłoń, nie bój się

Wiem, że gdzieś na serca dnie

Twe marzenia tkwią od tylu lat

Pozwól się wprowadzić w trans

Może to ostatnia z szans

By smakować ten kuszący świat

Nie pytaj już jak będzie tam

Otwórz oczy i zobacz sam...

Ідзі сваёй дарогай. У цябе ўсё жыццё наперадзе. Ідзі сваёй дарогай. Ні на каго не разлічвай. Кожны з нас хоча хаця б раз узняцца і дакрануцца да зорак. Цудам споўніць нерэальную мару. Узляцець як мага вышэй. Адчуць тое, чаго ніхто не ведае. Пражываць штодзённа незвычайны дзень. І павер мне, калі я скажу, што найлепшы знак, калі ўсё ідзе дрэнна.

Дай мне руку, не бойся. Я ведаю, што дзесьці ў глыбіні душы твае мары ляжаць столькі гадоў. Дазволь увесці сябе ў транс. Магчыма, гэта твой апошні шанец. Пакаштаваць гэты спакуслівы свет. Ты не пытай, што там будзе. Адкрый вочы і пераканайся сам!

Całe życie masz przed sobą – усё жыццё перад табой. Звяртаю ўвагу на польскую канструкцыю з дзеясловам «mieć». Палякі вельмі часта ёй карыстаюцца. Напрыклад:

Masz przed sobą kawał drogi – перад табой доўгая дарога (доўгі шлях).

Cały świat masz u stóp – у тваіх ног цэлы свет.

Każdy z nas chce choć raz unieść się i dotknąć gwiazd – кожны з нас хоча хаця б раз узляцець і дакрануцца да зорак. Па-польску дакранаюцца чаго, а не да чаго: dotknij mojej ręki (дакраніся да маёй рукі), dotknij kota (дакраніся да ката).

Zaznać czego nie zna nikt – спазнаць нешта, чаго ніхто не ведае. Ёсць дзеяслоў doznać i zaznać. Гэты першы выраз ужываецца часцей, ад яго таксама ўтвараецца назоўнік doznanie (няма слова zaznanie). Але ў прынцыпе, на маю думку, паміж імі няма вялікай розніцы. І адзін, і другі азначае «перажыць», «мець нейкі вопыт».

To najlepszy znak, gdy wszystko idzie źle – найлепшы знак, калі ўсё ідзе дрэнна. Гэты сказ мне вельмі падабаецца, паколькі нашы памылкі вучаць нас намнога лепш, чым удачы.

Wiem, że gdzieś na serca dnie – я пераклала «ведаю, што дзесьці ў глыбіні душы», хаця даслоўны пераклад – «на дне сэрца» – таксама мог бы падысці.

нг 

 

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы