Беларуская Служба

Тэатр «Emigrant» прадстаўляе новы «Żywot»

26.07.2024 14:36
Спалучэнне абрадаў і традыцый беларускай, украінскай і польскай культур у спектаклі «Жывот» аматарскі тэатр з Познані «Эмігрант» прадставіць дзеясловамі.
Аўдыё
  • Тэатр «Emigrant» прадстаўляе новы «Żywot»
Алена Варакса і Анастасія Радковськафота: radyjo.net

Першае пытанне да рэжысёра – патлумачце, калі ласка, ідэю і назву вашага спектакля. І, дарэчы, хто яго аўтар?

Грыгараш: «Жывот» у нашых славянскіх мовах азначае «жыццё». Гэта слова ёсць у польскай і стараславянскай мовах, але ў сучасных мовах яго значэнне змянілася. У нашым выпадку мы маем на ўвазе не частку цела чалавека, а менавіта жыццё, каб аб’яднаць некалькі нашых культур. Спектакль пра жанчыну, якая дае жыццё. Ён складаецца з трох частак, у кожнай з якіх гучыць розная мова: беларуская, украінская і польская. Гераіні – жанчыны, гавораць толькі дзеясловамі.

А з чым звязана тое, што спектакль гучыць на трох мовах?

Грыгараш: Гэта звязана з тым, што ў нашым тэатры ёсць беларускі, украінкі і полькі. Мы ўсе знайшліся тут, у Польшчы, і хацелі стварыць прастору, дзе кожная з нашых культур гучала. Як высветлілася ў працэсе працы, мы маем шмат агульнага. Аўтар нашага спектаклю – мы самі. Акторкі ў ім распавядаюць пра свой лёс.

Алена, а можаце ўзгадаць, як ствараўся ваш спектакль, паколькі вы самі яго аўтары?

Варакса: Усё пачыналася з вельмі асабістых гісторый. Адна са сцэн у нашым спектаклі – мая асабістая гісторыя, якую я распавяла дзяўчатам падчас рэпетыцый. Потым ідэя пачала абрастаць іншымі гісторыямі, і мы зразумелі, што гэта гісторыі з трох розных культур. Кожная з іх найлепш прагучыць на роднай мове. Цяпер я нават не магу распавесці, як гэта ўсё нараджалася, бо кожная гісторыя выклікала ў нас глыбокія пачуцці. Мы хацелі падзяліцца імі як жанчыны.

Спектакль складаецца з трох частак, якія сімвалізуюць тры станы жанчыны. Першая частка – перыяд ад дзяўчынкі да дарослай дзяўчыны. Тады мы спяваем беларускую песню «Ішла Купалка». Другая частка – гэта пераход ад маладой прыгожай квітнеючай жанчыны да стану маці. Гэты кавалак гучыць на польскай мове, і мы спяваем прыгожую калыханку. Апошняя частка – пераход ад маці да сталай жанчыны, якая захоўвае гісторыю, памяць і перадае назапашанае наступным пакаленням. Гэтая частка па-ўкраінску, і там таксама гучыць прыгожая ўкраінская песня.

Цікава, што гавораць вашыя гераіні, якія прамаўляюць толькі дзеясловамі?

Варакса: Усяго раскрываць не буду, каб гледачу было цікавей. Але некалькі дзеясловаў назаву. Па-беларуску гучаць, напрыклад, такія дзеясловы: «мару», «дакранаюся». Па-польску: «spodziewam się», «czekam». На ўкраінскай мове – «пам'ятаємо».

Я так разумею, паколькі ў спектаклі граюць беларуска і ўкраінкі, то кожная размаўляе на сваёй мове?

Варакса: Не. Першую частку грае ўкраінка па-беларуску, я граю польскую частку, і толькі трэцюю частку па-украінску грае ўкраінка.

Радковська: Гэта, дарэчы, была прапанова Алены. Усе нашы спектаклі граюцца на трох мовах. Беларуска настолькі добра вывучыла ўкраінскую мову, што гэта стала для яе такім выклікам – выступіць на ўкраінскай мове. І яна запатрабавала, каб украінка сыграла па-беларуску, каб яна таксама трошкі пастаралася. Я падтрымліваю гэту ідэю, бо бачу, як мы ў гэтых ролях змяняемся і становімся бліжэй адна да адной. Такім чынам мы правакуем нашых гледачоў рабіць крокі адзін да аднаго – вучыць нашы мовы.

Спектакль паказваўся раней, а як яго ўспрымаюць гледачы?

Варакса: Так, мы паказвалі яго некалькі разоў, асабліва часта, калі ва Украіне пачалася вайна. Усе плакалі…

Радковська: Так, людзі проста прыходзілі паплакаць на наш спектакль, бо ўсе былі ў стрэсе і горы. Не шмат ёсць такіх месцаў, дзе можна адчуць гэтыя эмоцыі.

Варакса: Гэты спектакль вельмі візуальны і эстэтычна аформлены. У нас шмат розных традыцыйных узораў, вышыванкі, ручнікі сапраўдныя стогадовыя, якія прыехалі ў Польшчу разам з іх уладальнікамі, і розныя іншыя рэчы. Усё гэта вельмі ўпісваецца ў нашы культуры. Гэта нейкі цуд, што мы можам знайсці рэчы, якія адгукаюцца ва ўсіх нашых культурах.

А як жанрава вызначыць ваш спектакль?

Радковська: Адна мая знаёмая сказала, што ўсе мае спектаклі – гэта сны. Ёсць такія рэжысёры, якія прэзентуюць свае спектаклі як сны. З жанрам насамрэч цяжка вызначыцца.

У нашым глабальным свеце ўсё больш і больш зводзіцца да таго, каб спрашчаць жыццё людзей, а ў вас спектакль на трох мовах…

Радковська: Мы ішлі да гэтага ад самага пачатку існавання нашага тэатра. І гэта наш пошук. Магчыма, яшчэ і англійскую дадамо. У свеце ёсць падобныя тэатры, і наш тэатр у гэтым сэнсе вельмі своеасаблівы. Гэта складана, але варта. Гэта патрэбна і гледачам, і нашым акторкам. Для мяне галоўнае, каб усім дзяўчатам было добра. Яны не прафесійныя акторкі, але прыходзяць сюды, каб адчуць у жыцці новыя эмоцыі. Тут мы можам далучыцца да нашых моваў. І яшчэ адна мова – мова самога тэатра. Мы многа спрабавалі рабіць, каб гледачам было лягчэй нас успрымаць: друкавалі тэксты, раздавалі, але потым людзі сказалі, што не варта гэтага рабіць, бо яны ўсё разумеюць праз мову тэатра.


Алена Варакса і Вольга Грыгараш Алена Варакса і Вольга Грыгараш

Алена, а як вы адчуваеце сябе, іграючы спектаклі на розных мовах?

Варакса: Для мяне няма складанасці вывучыць тэкст на іншай мове. Дзякуючы гэтаму я магу глядзець на адну і тую ж з’яву з розных бакоў. Я пачала больш шанаваць гэтыя мовы. Бачыш, наколькі яны блізкія і наколькі розныя – гэта вельмі цікава. Праз гэта глыбей бачыш культуру народаў, саміх канкрэтных людзей. Гэта прыемна і розуму, і сэрцу.

Напрыканцы гутаркі можна некалькі слоў пра далейшыя творчыя планы?

Радковська: Адзін з нашых важных планаў – надаць новае гучанне спектаклю «Жывот». І вось у бліжэйшую суботу мы яго пакажам у фундацыі «Барак культуры». На наступны сезон плануем новае. Наш рэпертуар пераважна складаўся з трагічных тэм, але цяпер дзяўчаты вельмі хочуць уключыць элементы камедыі. Рэжысёр ужо падабрала матэрыял, які будзе і драматычным, і камедыйным. Яшчэ плануем паставіць спектакль па кнізе Эдзіт Евы Эгер «Выбар», у якой галоўная гераіня знаходзіцца ў вельмі дэпрэсіўным стане і ўвесь час стаіць перад выбарам: жыць далей ці не. Вельмі хочацца закрануць тэму псіхічных захворванняў і дэпрэсій, бо шмат людзей цяпер церпіць ад гэтага. Хочацца нейкім чынам ім дапамагчы.

Дзякуй за размову.

Тэатр «Emigrant» – гэта творчая прастора для эмігрантаў з розных краін, створаная ў 2019 годзе ў Познані з вялікай любоўю да тэатра і патрэбай праявіць сябе ў чужой краіне.

Час і месца спектаклю «Źywot»: 27 ліпеня, 21:00, Познань, Barak Kultury (Aleje Karola Marcinkowskiego 21).

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё