Штогод да Маці Божай Чэнстахоўскай пешшу прыходзяць тысячы пілігрымаў. Найбольш пілігрымкавымі месяцамі з’яўляюцца ліпень і жнівень.
Кардынал Казімір Ныч адзначыў, што найважнейшым аспектам пілігрымкі павінна быць будаванне супольнасці і фармацыя ў духу веры і любові да Касцёла. Мітрапаліт заахвочвае да ўдзелу ў варшаўскіх пілігрымках, якія на пачатку жніўня выправяцца на Ясную Гару. Сярод іншага, ідзе рэгістрацыя на найстарэйшую з іх – 313-ю Варшаўскую пешую пілігрымку.
Кардынал Ныч вылучае найбольш важныя пастырскія аспекты пілігрымак:
-Нават калі мы скажам, што ў пілігрымках сёння ідзе значна менш людзей, чым у 90-ыя, чым у папярэднім стагоддзі, то і так вельмі важным з'яўляецца, каб людзі, якія пілігрымуюць, хацелі задумацца над сваёй верай, слухаць божае слова і разважаць яго, маліцца, а адначасова звярталі ўвагу на сяброўскія сувязі, супольнасць.
Мітрапаліт Варшаўскі запрашае пілігрымаў глыбока спазнаць веру на гэтым шляху:
-Калі ў папярэднім стагоддзі, у вельмі шматлікіх пілігрымках, пераважала кампанія, прыемнасць ад быцця разам, пілігрымы сустракаліся і пасля пілігрымак, то цяпер гэта павінна быць пілігрымка, якая з’яўляецца нагодай для фарміравання сваёй веры, любові да Касцёла, да супольнасці.
Колькасць пілігрымаў з кожным годам павялічваецца, кажа Магдалена Несцяровіч з бюро арганізацыі Варшаўскай акадэмічнай пілігрымкі. Гэта самая старая і самая вялікая варшаўская пілігрымка. Яна спадзяецца, што сёлета ўдасца пабіць леташні рэкорд:
-З часу ковіда з году ў год у нас усё больш пілігрымаў. У 2021 годзе было амаль 1800 чалавек, год пазней – 2200, у мінулым больш за 2300 пілігрымаў. Мы вельмі радыя, што пілігрымаваць хочуць асабліва маладыя людзі, каб атрымаць досвед жывога касцёла, супольнасці, сустрэць Бога, і яны вырашаюць узяць на сябе такі выклік.
Найстарэйшая пілігрымка ў Чэнстахову, пра якую гаворыцца ў хроніках, вырушыла ў верасні 1626 году з Глівіц. Яна была выразам удзячнасці за выратаванне горада ад дацкіх войскаў падчас Трыццацігадовай вайны. Згодна з гарадскімі легендамі, Марыя раскінула свой плашч над горадам, абараняючы яго і прымушаючы сваіх ворагаў бегчы.
Пасля цудоўнага выратавання 80 гараджан выправіліся ў пілігрымку ў Чэнстахову, дзе 29 верасня 1626 году размясцілі харугву з выявай Марыі. Жыхары Глівіц склалі ў парафіяльным касцёле прысягу, што будуць штогод хадзіць у пілігрымку. Як сцвярджаюць гарадскія летапісы, «зарок гэты быў мілы для Маці Божай, а для гараджан збаўчы».
ав