Беларуская Служба

У якой сукенцы была дзяўчынка з культавага здымку? Афарбавалі здымкі з Варшаўскага паўстання (ФОТА)

01.08.2024 13:18
100 каляровых фотаздымкаў з Варшаўскага паўстання выдадзены ў форме альбома «Колер паўстання 1944 года. Фота баявой Варшавы». 
Аўдыё
  • У якой сукенцы была дзяўчынка з культавага здымку? Афарбавалі здымкі з Варшаўскага паўстання
Культавы здымак з часу Варшаўскага паўстання на пленэрнай выставе ў Каралеўскіх лазенкахЛ.Вялічка/radyjo.net

Да 80-й гадавіны Варшаўскага паўстання падрыхтаваныя дзясяткі мерапрыемстваў. Адно з іх, гэта прэзентацыя афарбаваных здымкаў з паўстання, змешчаных на пленэрнай выставе ў парку Каралеўскія Лазенкі.

100 каляровых фотаздымкаў з Варшаўскага паўстання, цытаты паўстанцаў, кранальныя гісторыі, вядомыя будынкі і адрасы – усё гэта выдадзена ў форме альбома «Колер паўстання 1944 года. Фота баявой Варшавы». На пленэрнай выставе паказаныя 30 са 100 здымкаў.

У фатографаў часоў паўстання не было ні прафесійнага абсталявання, ні каляровых плёнак, ні лічбавай апрацоўкі, але праз 80 гадоў іх здымкі па-ранейшаму выклікаюць вялікае ўражанне. Музей Варшаўскага паўстання вырашыў узяць на сябе складаную задачу і ў супрацоўніцтве з лепшымі спецыялістамі афарбаваць выбраныя фотаздымкі, каб наблізіць іх наступным пакаленням.


Ян Алдакоўскі Ян Алдакоўскі

Дырэктар Музею Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі звяртае ўвагу, што выстава адчынілася ў месцы, вельмі папулярным сярод варшавякаў і турыстаў:

- Колер выглядае так, быццам бы гэтыя здымкі заўсёды былі каляровыя. Выстава паказвае твары паўстанцаў, якія цалкам сучасныя. Такія твары мы можам сустрэць сёння ў аўтобусе. Гэтыя твары выключныя таму, што на іх намаляваныя эмоцыі да іншых. У іх ёсць выключнасць на твары. А дзякуючы колеру, гэтыя людзі становяцца нам больш блізкімі і цікавымі. Гэта рэпартаж з паўстання, у якім пачуццё ўзнёсласці перамешваецца з трагедыяй.

Афарбоўка здымкаў праведзена вельмі дакладна і скрупулёзна. Пад увагу браліся рэкамендацыі і ўзоры, сабраныя гісторыкамі, гаворыць кіраўнік Аддзелу іканаграфіі і фатаграфіі Музею Варшаўскага паўстання Яанна Ястшэмбска-Возьняк. Адначасова падчас афарбоўкі былі захаваныя памехі:

-Мы хацелі, каб застаўся кожны рух, зроблены фатографам. Колер наносіўся ўручную. Кампутарныя прыкладанні не спраўляліся, яны скажалі здымкі. Мы стараліся зрабіць гэта вельмі дакладна, бо калі мы бярэмся за афарбоўку гістарычных здымкаў, то трэба рабіць гэта верагодна. Першыя афарбоўкі траплялі ў нашае сэрца. Мы, гісторыкі, якія працуем з чорна-белымі здымкамі, адчувалі эмоцыі. Гэтыя здымкі значна больш экспрэсіўныя, лепш трапляюць да маладых людзей, для якіх чорна-белыя здымкі атаесамляюцца з некролагамі. Не ўсе разумеюць вартасць чорна-белых, дакументальных здымкаў, а каляровыя прамаўляюць значна лепш.


. 

Для верагоднай афарбоўкі патрэбна была знаёмасць тако часу, але было месца і на фантазію, расказвае Яанна Ястшэмбска-Возьняк:

-Калі мы ўжо даведаліся, як зрабіць зялёны колер нямецкіх мундзіраў, у якіх паўстанцы часта хадзілі, калі ўпэўніліся, што мілітарныя прадметы пафарбаваныя ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай, то заставалася месца на фантазію. Ці дзяўчына была ў зялёнай хустцы, ці ў яе была чырвоная спадніца? Тут мы таксама абапіраліся на ведах аб эпосе, але заўсёды заставалася і месца для фантазіі. На адным здымку мы ўявілі, што раздаюць памідорны суп. Чаму? З аповедаў мы ведаем, што паўстанцы захапілі склад з памідорамі. Памідоры шмат дзён выкарыстоўвалі для прыгатавання памідорнага супу з заціркай ці рысам. Нехта запрапанаваў, каб на здымку гэта быў памідорны суп, бо адзін з паўстанцаў пра гэта згадваў. Вядома, што гэта пэўная фантазія, але яна заўсёды грунтуецца на нашым гістарычным досведзе.


Рышард Манчэўскі расказвае, як афарьоўвалі культавы здымак Рышард Манчэўскі расказвае, як афарбоўвалі культавы здымак

На выставе ёсць адзін з найбольш вядомых здымкаў з паўстання. Маленькая дзяўчынка кленчыць перад магілай на могілках, зробленых у панадворку адной з камяніц. Пра гісторыю яго афарбоўкі расказвае Рышард Манчэўскі з Музею Варшаўскага паўстання:

-У гэтым выпадку ніхто не ведае, як была апранута гэтая дзяўчынка. Часамі кампутарныя праграмы падказваюць, але тут гэта цалкам нашая ідэя, як афарбаваць сукенку. Будынак на фоне стаіць па сённяшні дзень. Аспект, над якім мы шмат дыскутавалі, гэта на колькі зялёнай павінна быць зелень. Нам прапаноўвалі яскравую зелень, як у красавіку, але мы ў жніўні ці верасні, калі ўсё спечанае сонцам. Таму на здымку зелень менш жывая.


. 

Дзякуючы афарбоўцы станавіліся заўважальнымі элементы, дагэтуль мала бачныя, звяртае ўвагу Рышард Манчэўскі:

-На чорна-белых здымках слаба відаць бела-чырвоныя павязкі на руках паўстанцаў. Іншы прыклад: стала бачна, што плашч на здымку мае футравую падкладку. На адным са здымкаў у альбоме ёсць фатаграфія, дзе ў жанчыны на галаве ёсць вельмі тонкая сетка. Я бачыў іншыя афарбоўкі гэтага здымка і там гэтая сетка знікла, быццам бы яе на валасах не было. У некаторых выпадках дзякуючы афарбоўцы здымкі набіраюць глыбіні. Калі я гляджу на гэты здымак, то адчуваю парыў ветра, які нахіляе гэтае дрэва.

. 

На адным здымку паказана, як падчас пажару камяніцы на вуліцы Згода героі на здымку перадаюць сабе вёдры з пяском. Вызначыць колер пяску не было так проста, кажа Рышард Манчэўскі:

-Ці гэта павінен быць пясок колеру Сахары ці Віслы? Гэта невідавочная справа. Гэты пясок быў пад бетоннай пліткай, якую выкарысталі для барыкад. На другім плане бачныя краты на крамах. Мы пачалі ўглядацца і заўважылі нешта за кратамі. І тут нам вельмі дапамог працэс алічбоўкі гісторыі. Аказалася, што там вісяць рэкламныя плакаты Філіпса, якія ёсць алічбаваныя ў сеціве. Мы падчас афарбоўкі мы ўзялі сапраўдныя колеры даваенных плакатаў Філіпса.

Афарбоўкай фотаздымкаў займалася вялікая каманда спецыялістаў: гісторыкі, ваенныя спецыялісты і графікі, якія спалучалі найноўшыя метады з дбайным аналізам крыніц. Да супрацоўніцтва ў гэтым праекце Музей Варшаўскага паўстання запрасіў выдатнага фотажурналіста Крыса Нідэнталя, спецыяліста па ваеннай гісторыі варшаўскай архітэктуры, а таксама студыю Orka.


. 
. 
. 
ав
слухайце аўдыё!