Да 22 кастрычніка можна падаваць заяўкі на Фестываль беларускага кіно BULBAMOVIE. Камісія прымае ігравыя, дакументальныя стужкі, а таксама гібрыдныя (каротка і сярэднеметражныя фільмы да 60 хвілін). Да канца жніўня на конкурс маладога беларускага кіно было прапанавана толькі пяць фільмаў. Магчыма, праз чатыры гады пасля пратэстаў беларускае кіно за мяжой перажывае крызіс, а аўтары з Беларусі не хочуць рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і свабодай, і не прапануюць фільмы на фестываль, які адбываецца ў Польшчы, – гаворыць дырэктар фестывалю Януш Гаўрылюк. Ён таксама згадаў аб тым, якую тэматыку хацелася б закрануць у праграме юбілейнага, дзясятага фестывалю.
- Сёлета 100-годдзе Васіля Быкава і 30-годзе Лукашэнкі ва ўладзе. Калі складваем праграму, трымаемся гэтых горшых ці лепшых юбілеяў. Будзе некалькі моцных фільмаў, але ў мінулыя гады на конкурс прыходзіла больш. Чаму? У мяне розныя думкі – нашу старонку ў Фэйсбуку абвясцілі экстрэмісцкай, а ў мінулыя гады шмат фільмаў прысылалі з Беларусі. Цяпер мы штораз далей адыходзім ад рэальнай Беларусі. А эмігрантам тут трэба выжываць, а не займацца кіно, на якое патрэбны час і грошы. Пакуль што фільмаў з Беларусі няма, трэба будзе пісаць людзям, што можна паказаць фільм пад мянушкай. Цяжка рабіць кіно, калі могуць быць праблемы ў людзей, калі ты пакажаш гэтае кіно.
Прайшло чатыры гады пасля беларускіх пратэстаў, энтузіязм вычарпаўся. Відаць, людзі хочуць ужо ўбачыць іншую тэматыку. Ці беларускія пратэсты яшчэ выклікаюць цікаўнасць?
- Я сам чакаю ігравога кіно, якое закранае жыццё беларусаў тут. Канешне, усё гэта ўзаемазвязана – эміграцыя, пратэст, чаму з’ехаў і г.д. Хацелася б кіно, знятага тут, але хто яго зробіць без бюджэту? Мне цікава паглядзець новы фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». Мы пастараемся паказаць яго на BULBAMOVIE ў лістападзе. Ёсць новы фільм Юрыя Сямашкі, на жаль, мы яго сёлета не пакажам, паколькі прадзюсары хочуць рабіць прэм’еру на большых кінафестывалях.
Пасля пратэстаў 2010 года ў Польшчы знялі фільм «Жыве Беларусь!», а пасля пратэстаў 2020 года – значна больш маштабных – не было такога поўнаметражнага фільма.
- «Жыве Беларусь!» быў зроблены рэжысёрам-палякам пры дапамозе Франка Вячоркі за польскія грошы. А Мара Тамковіч жыве ўжо доўга ў Польшчы, яна атрымала грант – датацыю з польскага Інстытуту кінамастацтва. Крыху падобная сітуацыя, хаця пра фільм я не магу сказаць, бо яшчэ не бачыў. Прэм’ера будзе ў верасні на буйнейшым польскім кінафестывалі ў Гдыні.
Ці хацелі б Вы вярнуцца ў 2015 год, калі фестываль адбываўся і ў Польшчы, і ў Беларусі, ці гэта быў лепшы час для беларускага кіно?
- Для BULBAMOVIE гэта не быў добры час, паколькі ў Мінску на фестывалі «Лістапад» паволі раскручваўся нацыянальны конкурс, а ў Польшчы гранты пайшлі на Украіну, паколькі быў Крым, Майдан. Але, з іншага боку, такая была наша ідэя – каб у Беларусі можна было рабіць і паказваць беларускае кіно. Будучы ў 2019 годзе на фестывалі «Лістапад», я быў у шоку – колькі людзей прыходзіць на беларускае кіно, пачаў працаваць Кінафонд, былі праекты фільмаў паводле прозы Марціновіча, Горвата, была магчымасць стварэння іншага кіно, чым толькі на тэму Другой сусветнай вайны ці нейкай прапаганды.
Поўная размова ў далучаным гукавым файле.
нг